18 красавiка 2024, Чацвер, 22:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларусы трапляюць у пенсійную «пастку»

83
Як беларусы трапляюць у пенсійную «пастку»

Жыхарка Смаргоні са стажам працы 29 гадоў засталася без пенсіі.

Жыхарка Смаргоні ў 58 гадоў апынулася без працы і без пенсіі. Яна 15 гадоў працавала на заводзе, а ў 1990-я гады, калі ў прадпрыемства з’явіліся фінансавыя цяжкасці, звольнілася і амаль 10 гадоў працавала сацработнікам, паведамляе tut.by.

Да 2014 года страхавы стаж, які ўлічваецца пры вызначэнні права на працоўную пенсію, складаў 5 гадоў. А з 1 студзеня 2014 года яго павялічылі да 10 гадоў, праз год - да 15 гадоў. У 2015 годзе ён ужо складаў 15 гадоў і 6 месяцаў. З пачатку гэтага года страхавы стаж паднялі яшчэ на паўгода, цяпер ён складае 17 гадоў. Штогод гэтая планка будзе павялічвацца на 6 месяцаў - да 20 гадоў. Пры прызначэнні пенсіі ў 2025 годзе і пазней спатрэбіцца наяўнасць страхавога стажу, не меншага за 20 гадоў.

- Да 55 гадоў я даглядала за інвалідамі I групы, а потым мне сказалі, што ў маім узросце гэта рабіць забаронена, ды і пенсія мне не належыць. Чаму так атрымалася? У мяне ж 29 гадоў стажу! І чаму не залічылі стаж сацработніка? Калі б ведала, то лепш бы дворнікам пайшла або прыбіральніцай, - эмацыйна распавядае жыхарка Смаргоні Надзея Пятроўна (імя змененае з этычных прычын. - Заўвага.). - Паўтара года стаяла на біржы, хадзіла па арганізацыях, але працу не знайшла. Прапаноўвалі заняцца доглядам, але сілы ўжо не тыя. Далі б сацыяльную пенсію, каб выстарчыла хоць на квартплату і таблеткі...

Нагадаем, сацпенсію мужчыны могуць аформіць з 65 гадоў, жанчыны - з 60 гадоў. Цяпер сацыяльная пенсія складае 112,01 рубля.

Ва ўправе працы, занятасцi i сацыяльнай абароны Смаргонскага райвыканкама ведаюць пра сітуацыю, у якой апынулася Надзея Пятроўна. Спецыялісты ўправы сустракаліся з ёй у красавіку 2017 года. На падставе прадстаўленых дакументаў разлічылі стаж і далі афіцыйны адказ.

- У гэтым выпадку не бачыцца права на пенсію: агульны стаж працы, які ўплывае на суму пенсіі, склаў больш за 29 гадоў, а страхавы, які дае права на пенсію, - толькі 12 гадоў 6 месяцаў і 14 дзён. Гэтага сёння недастаткова. Калі пры прызначэнні пенсіі ў 2016 годзе неабходна было мець не менш за 15 гадоў 6 месяцаў стажу, то з 1 студзеня 2017-га страхавы стаж стаў «расці», і цяпер для атрымання пенсіі патрабуецца 17 гадоў, - патлумачыла галоўная спецыялістка управы працы, занятасці і сацыяльнай абароны Смаргонскага райвыканкама Таццяна Карпечкіна.

У Надзеі Пятроўны ў страхавы стаж уваходзіць толькі перыяд работы на Смаргонскім заводзе аптычнага станкабудавання (за вылікам водпуску па догляду за дзіцём). Працай у сацыяльнай службе жанчына называе перыяд атрымання дапамогі па догляду інваліда I групы.

- Перыяд атрымання дапамогі, як і час догляду за дзіцем да 3 гадоў, службы ў войску, вучобы і гэтак далей (так званы крэдытны перыяд), уключаецца толькі ў агульны стаж, - падкрэсліла Таццяна Карпечкіна. - Страхавы стаж - гэта праца, прадпрымальніцкая і іншая дзейнасць з выплатай абавязковых страхавых унёскаў. Гэта значыць, чалавек павінен атрымліваць заробак, а з яго адлічыць пэўную суму ў Фонд сацыяльнай абароны.

Выплату дапамогі па доглядзе за інвалідам I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту, Надзеі Пятроўне спынілі ў траўні 2016 года, бо яна дасягнула агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту. Паводле заканадаўства права на дапамогу маюць працаздольныя грамадзяне, якія не займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю, не праходзяць навучанне на дзённай форме, не атрымліваюць дапамогу ў беспрацоўі, штомесячную страхавую выплату, грашовае ўтрыманне або пенсію.

У студзені 2017 года ў сувязі з падвышэннем пенсійнага ўзросту Надзея Пятроўна зноў набыла права на зварот па прызначэнне дапамогі, аднак не скарысталася ім.

- Сацыяльная пенсія прызначаецца жанчынам, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту. Надзея Пятроўна зможа звярнуцца для прызначэння ёй сацыяльнай пенсіі па ўзросту ў красавіку 2021, - дадала спецыяліст. - Яшчэ адзін варыянт выхаду з сітуацыі - паспрабаваць дапрацаваць адсутны стаж, праўда, зрабіць гэта будзе няпроста: сёння ёй не выстарчае 4,5 года, і гэта колькасць расце.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках