У змове разам з Уцюрыным удзельнічалі некалькі генералаў і палкоўнікаў?
149- 3.05.2019, 10:37
- 252,309
Што напраўду адбываецца ў найбліжэйшым атачэнні Лукашэнкі.
Расейскае прыватнае інфармагенцтва «Росбалт» сцвярджае, што крыніца ў беларускіх спецслужбах раскрыла сапраўдныя прычыны затрымання Андрэя Уцюрына, якое афіцыйна яшчэ не пацвярджалі і не зняпраўджвалі, паведамляе «Радыё Свабода» ў матэрыяле «Былога кіраўніка аховы Лукашэнкі затрымалі за супрацу з ФСБ».
Шэраг беларускіх СМІ 29 красавіка паведаміў са спасылкай на ўласныя крыніцы аб затрыманні Андрэя Уцюрына - дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, былога кіраўніка аховы Лукашэнкі. Позна ўвечары 30 красавіка з'явіўся ўказ Лукашэнкі аб звальненні Уцюрына «за правіны, што дыскрэдытуюць званне вайскоўца». Затрыманне афіцыйна не пацвярджалася і не зняпраўджвалася.
Паводле крыніц «Росбалта», Уцюрын сапраўды затрыманы. Сцвярджаецца, што:
«Уцюрына затрымалі за неаднаразовую і шматлікую перадачу інфармацыі расейскім ФСБ і ФСА»;
«Ягоныя сувязі дасталіся яму «ў спадчыну» з мінулага: ён сам расеец, навучаўся, працаваў і сябраваў з калегамі з расейскіх спецслужбаў»;
«Апошнія 25 гадоў Уцюрын уваходзіў у самае блізкае кола стасункаў Лукашэнкі»;
«Малодшы сын Лукашэнкі Мікалай літаральна рос на руках у татавага ахоўніка»;
«Пагаворваюць пра змову, але відавочна, што «справа ўсё ж у занадта блізкіх стасунках Уцюрына з расейскімі спецслужбамі»;
Расейскага пасла Бабіча «прыбралі заадно» з Уцюрыным, і «наўрад ці гэта выпадкова»;
Выкрылі «цэлую антылукашэнкаўскую змову, ядром якой была група з 5-6 генералаў і палкоўнікаў, у асноўным з сістэмы Мінабароны і МУС», якая мае мэтай «недапушчэнне пераабрання Лукашэнкі на пасаду прэзідэнта» і разглядае варыянты аж да яго «фізічнай ліквідацыі»;
«Рухавіком ідэі» нібыта быў старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, у асобе якога «бачылі альтэрнатыву», але гэта ён нібыта і «перадаў інфармацыю пра змову»;
Раскрыццё змовы нібыта магло быць «інспіраванае Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным найбліжэйшым асяроддзем» каб «узмацніць КДБ» і «ўзмацніць ціск на Расею».
Афіцыйны прадстаўнік КГБ Беларусі Андрэй Яраш на просьбу «Свабоды» пракаментаваць гэтую версію адказаў: «Без каментароў».