25 красавiка 2024, Чацвер, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынесены прысуд паводле справы аб карупцыі ў сістэме Мінлясгаса

6
Вынесены прысуд паводле справы аб карупцыі ў сістэме Мінлясгаса

11 чалавек узялі пад варту ў зале суда.

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Менска шматлюдна. Больш за 50 чалавек чакаюць прысуду паводле справы аб карупцыі ў сістэме Мінлясгаса. Абвінавачаныя, якія на паседжанне прыехалі з дома, прыйшлі ў суд з вялікімі дарожнымі торбамі. З журналістамі гутарыць яны не хочуць, піша tut.by.

Нагадаем, суд Цэнтральнага раёна Менска пачаў разглядаць крымінальныя справы аб карупцыі ў сістэме Мінлясгаса яшчэ ў студзені 2019 года. У працэсе было 15 абвінавачаных. Сярод месцаў працы фігуруюць Гарэцкі, Магілёўскі, Старобінскі, Бабруйскі, Лагойскі лясгасы. Амаль ва ўсіх ёсць сем'і і дзеці. На большасць з абвінавачаных сёння, 31 траўня, надзелі кайданкі проста ў зале суда.

Максімальны тэрмін атрымаў былы інжынер-радыёлаг Магілёўскага лясгаса Міхаіл Грыгаровіч, яго суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць высокія пасады цягам пяці гадоў.

Аляксандра Корзуна і Паўла Хадаска, якія падчас усяго працэсу былі пад вартай, суд Цэнтральнага раёна Менска прысудзіў да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў цягам пяці гадоў.

Корзун - былы генеральны дырэктар прадпрыемства «Плешчаніцлес». Яно займаецца нарыхтоўкай і вывазам драўніны, вытворчасцю прадукцыі лесапілавання. Знаходзіцца ў Лагойскім раёне. Ён пад вартай з 25 студзеня 2018 года. У тэрмін пакарання яму ўлічаць час у СІЗА.

СУД ЦЭНТРАЛЬНАГА РАЁНА МЕНСКА ПАЧАЎ РАЗГЛЯДАЦЬ КРЫМІНАЛЬНЫЯ СПРАВЫ АБ КАРУПЦЫІ Ў СІСТЭМЕ МІНЛЯСГАСА ЯШЧЭ Ў СТУДЗЕНІ 2019 ГОДА. ФОТА: НАТАЛЛЯ КАСЦЮКЕВІЧ, TUT.BY.

Павел Хадасок родам з Гомельскай вобласці, да затрымання працаваў галоўным інжынерам ва Уздзенскім лясгасе Менскай вобласці. Раней не судзімы, пад вартай з 30 студзеня 2018 года. Яму таксама ўлічаць час пад вартай у тэрмін пакарання.

Яшчэ дваіх фігурантаў суд прызнаў вінаватымі на падставе ч.2 арт.430 КК і прыгаварыў да 2,5 года пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў цягам пяці гадоў.

Васьмярых чалавек прызналі вінаватымі на падставе ч.1 арт.430 КК і далі 1,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, цягам пяці гадоў.

Многія сваякі падчас абвяшчэння прысуду пачалі плакаць. У зале — блізу 50 чалавек. Абвінавачаныя трымаюць сябе ў руках і моўчкі слухаюць суддзю. Прысуд чыталі блізу 40 хвілін.

Суд таксама прызнаў вінаватымі двух бізнэсоўцаў. Прадпрымальніка Віктара Яблонскага - вінаватым паводле ч.2 арт.243 КК (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў) і паводле ч.1 арт.431 КК (дача хабару) і прызначыў пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на 3 гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу, з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю тэрмінам на 5 гадоў. Яшчэ аднаго бізнэсоўца, Андрэя Кацызну, суд прызнаў вінаватым паводле ч.1. арт.431 КК (Дача хабару) і адправіў на папраўчыя працы на 1 год з утрыманнем 25% заробку штомесяц.

Як распавёў Антон Гашынскі, адвакат прадпрымальніка Віктара Яблонскага, у прыходзе з павіннай фігуравалі сумы хабараў ад 100 да 500 еўраў. Аднак сумы карэктаваліся ў працэсе допытаў прадстаўнікоў лясгасаў і бізнэсоўцаў. Максімальная агульная сума хабараў у аднаго з абвінавачаных была да 3 тысяч еўраў. Гэтым абвінавачаным выявіўся Міхаіл Грыгаровіч, які ў сваім прыходзе з павіннай распавёў пра новыя эпізоды.

Фігурантаў падазравалі ў тым, што ў краіны Еўропы пастаўлялася якасная драўніна.

- Гэтая інфармацыя не знайшла свайго пацверджання. Як выявілася, у краіны Еўропы, у тым ліку Балтыі, пастаўлялася абрэзаная драўніна для вырабу паддонаў. Гэта гатовы выраб — дошкі, а не лес-кругляк. Бізнэсоўцы дзякавалі нязначнымі сумамі супрацоўнікам лясгасаў, каб самім не прыязджаць на месца і не ажыццяўляць прыёмку, каб тыя самі прасачылі, што якасная драўніна, у адпаведнасці з ДАСТ, будзе адгружаная. Але паводле законаў Беларусі гэтую схему прызналі карупцыйнай.

Адвакат адзначае, што на этапе папярэдняга следства бізнэсоўцы кампенсавалі шкоду. У судзе віну прызналі ўсе, акрамя Аляксандра Корзуна і Паўла Хадаска. Іх накіроўвалі ў суд на падставе ч.2 арт.430, а пасля паказанняў бізнэсоўца Віктара Яблонскага прызналі вінаватымі на падставе ч.1 арт.430.

Яблонскі будзе абскарджваць прысуд, бо не згодны з канфіскацыяй маёмасці і ўжываннем дадатковага пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Прысуд суда ва ўсіх абвінавачаных у гэтай справе не ўвайшоў у дзеянне і можа быць абскарджаны і апратэставаны цягам 10 дзён з дня яго абвяшчэння.

Нагадаем, у лютым 2018 года стала вядома, што КДБ раскрыў злачынную схему экспарту высакаякасных піламатэрыялаў пад выглядам нізкагатунковай сыравіны. Старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў, што 24 студзеня 2018 года затрымалі з доказамі злачынства аднаго з кіраўнікоў лесагаспадарчай галіны ў Віцебскай вобласці. Хабар яму перадаваў прадпрымальнік, былая службовая асоба Міністэрства лясной гаспадаркі.

Са слоў кіраўніка КДБ, высакаякасныя піламатэрыялы пад выглядам нізкагатунковай сыравіны, фактычна дроў, праз пасярэднікаў прадавалі за мяжу, у асноўным у краіны Балтыі. Затым перапрадавалі іх у іншыя дзяржавы коштамі, адпаведнымі прадукцыі высокай якасці. У год за мяжу сыходзіла 36 тысяч кубоў.

У выніку распачалі крымінальныя справы паводле ч.2 арт.243 (Ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч.1 арт.431 (Дача хабару), ч.2 арт.430 (Атрыманне хабару). Затрымалі двух прадпрымальнікаў і 12 службовых асоб сістэмы Міністэрства лясной гаспадаркі.

15 лютага мінулага года Лукашэнка зняў з пасады міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча « за непрыняцце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэннямі ў падведамных арганізацыях».

Суд Цэнтральнага раёна Менска пачаў разглядаць крымінальныя справы аб карупцыі ў сістэме Мінлясгаса яшчэ ў студзені 2019 года.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках