21 траўня 2019, aўторак, 13:10
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Давід Смалянскі: Упэўнены, што хутка Венесуэла і Беларусь будуць вольнымі

14
Давід Смалянскі

На баку народа Венесуэлы дэмакратычны свет, а Мадуру падтрымліваюць дыктатары.

Давід Смалянскі – адзін з самых маладых лідараў венесуэльскай апазіцыі. У 2009 годзе стаў сузаснавальнікам апазіцыйнай партыі «Народная воля» (Voluntad Popular), якую ўзначальвае былы мэр Каракаса Леапольд Лопес.

У 2017 годзе пад пагрозай арышту Давід Смалянскі вымушаны быў уцячы з краіны ў Бразілію. Пазней ён пераехаў у ЗША, дзе прадаўжае актыўную апазіцыйную дзейнасць.

Давід запрасіў мяне на пасяджэнне сталага камітэта Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў, дзе абмяркоўвалася пытанне пра ролю вонкавых сілаў, якія падтрымліваюць рэжым Мадуры. На пасяджэнні разам з кубінскімі, расейскімі і нікарагуанскімі дыверсантамі згадваўся і рэжым Лукашэнкі, які дапамагае венесуэльскаму дыктатару.

Пасля пасяджэння я задаў Давіду некалькі пытанняў пра цяперашнюю сітуацыю ў Венесуэле.

– Нядаўна беларускае МЗС асудзіла "чарговую спробу неканстытуцыйнага захопу ўлады ў Венесуэле і зрушэння законна абранага прэзідэнта Нікаласа Мадуры" і заклікала апазіцыю ўступіць у мірны дыялог з рэжымам. Ты, вядома, разумееш, што такія заявы робяць роднасныя Мадуру злачынцы, якія захапілі ўладу ў Беларусі. Хачу перадаць табе падтрымку беларусаў народу Венесуэлы, які змагаецца за сваю свабоду, і пажадаць як мага хутчэй атрымаць у гэтай барацьбе перамогу.

– Дзякуй за словы падтрымкі, для нас цяпер гэта вельмі важна. Беларускаму МЗС хачу адказаць, што законным прэзідэнтам Венесуэлы паводле Канстытуцыі з'яўляецца Хуан Гуайдо. Яго прызнае пераважная большасць грамадзянаў Венесуэлы і ўважаюць легітымным 54 дзяржавы свету.

Венесуэла сёння – ахвяра дыктатуры, дзе квітнее арганізаваная злачыннасць: наркагандаль, гандаль людзьмі, іншыя віды злачыннасці. Тое, што адбываецца ў Венесуэле, датычыцца ўсяго рэгіёну. Цягам 20 гадоў Чавес і Мадура знішчалі маю краіну, давялі да катастрафічнага становішча, да гуманітарнага крызісу, масавай эміграцыі.

АНДРЭЙ САННІКАЎ І ДАВІД СМАЛЯНСКІ

– Нядаўна прэзідэнт Гуайдо звярнуўся да вайскоўцаў па дапамогу ў скіданні Мадуры. Нягледзячы на некаторую станоўчую рэакцыю, поспеху гэта, скажам наўпрост, не прынесла. Чаму і што далей?

– Гэта толькі пачатак працэсу. Адзіным элементам, які перашкаджае сёння аднаўленню дэмакратыі і заканчэнню перадачы ўлады, з'яўляюцца ўзброеныя сілы. Аднак пачалося ўжо паступовае прызнанне арміяй урада Хуана Гуайдо.

Большасць вайскоўцаў у Венесуэле адчуваюць тыя самыя праблемы, што і астатнія людзі: недахоп ежы, лекаў, адсутнасць электрычнасці, вады, іхнія сем'і бягуць з краіны.

Мадуру абараняюць 2000 генералаў. Вар'яцкая лічба. Ва ўсім NATO няма такой колькасці генералаў. Гэтыя генералы гадамі карысталіся разнастайнымі палітычнымі і эканамічнымі прывілеямі. Іх Мадура выкарыстоўвае для сваёй абароны, гэтак сама, як і незаконныя ўзброеныя фармаванні, якія па-гішпанску называюцца "Colectivos armados" – многія з іх з Калумбіі. Ёсць яшчэ кубінскія агенты, шпіёны і дыверсанты, з'явіліся расейскія вайскоўцы. Вось чаму Мадура ўсё яшчэ знаходзіцца ў палацы. Ён фактычна трымаецца ва ўладзе з дапамогай сілы і страху. Але ён і сам напалоханы і слабы.

– Вайскоўцы ўжываюць зброю супраць народа?

– Мадура выкарыстоўвае супраць народа нацыянальную гвардыю і паліцыю, тых, хто яго падтрымлівае. Але небяспечнейшыя за ўсё ўзброеныя незаконныя групоўкі, узброеныя цывільныя асобы. Мы хочам дамагчыся таго, каб вайскоўцы прызналі Хуана Гуайдо галоўнакамандавальнікам і спынілі дзейнасць гэтых фармаванняў, якія нападаюць і на іх таксама.

– Табе праз пагрозы давялося пакінуць краіну. Як ты ацэньваеш сваю ролю сёння? Як можна дапамагчы краіне, знаходзячыся ў эміграцыі?

– Зрабіць можна вельмі шмат. Я сёння з'яўляюся каардынатарам працоўнай групы эміграцыі пры Арганізацыі амерыканскіх дзяржаваў. Пачынаючы з 2015 года, з пачатку крызісу, 3,2 мільёна венесуэльцаў уцяклі з краіны праз гуманітарную катастрофу, недахоп ежы, адсутнасць электрычнасці, водазабеспячэння, гвалт, парушэнне правоў чалавека. А ўсяго венесуэльская дыяспара налічвае больш за 5 мільёнаў чалавек. Эміграцыя гуляе вялікую ролю ў аднаўленні дэмакратыі ў Венесуэле.

Напрыклад, калі апазіцыя заклікае да акцыяў пратэсту, мы таксама іх арганізуем у розных гарадах за межамі Венесуэлы. Мы прасоўваем інтарэсы Венесуэлы ў свеце. Я ў эміграцыі блізу двух гадоў, і ў мяне вельмі шмат працы. Тут у Вашынгтоне я сустракаюся з прадстаўнікамі ўрада ЗША, езджу па рэгіёне, размаўляю з урадамі, з еўрапейскімі лідарамі. Мы інфармуем пра сітуацыю ў нашай краіне, просім узмацніць ціск на нелегітымны рэжым Мадуры.

– А ты ведаў загадзя пра пастанову прэзідэнта ЗША Дональда Трампа прызнаць Хуана Гуайдо законным прэзідэнтам? З табой з гэтай нагоды кансультаваліся?

– Мы, вядома ж, ведалі, што, як толькі Хуан Гуайдо зойме сваю пасаду, яго адразу ж прызнаюць, і не толькі ўрад ЗША. Тое, што адбылося ў студзені сёлета, не было імправізацыяй. Мы працавалі над гэтым некалькі месяцаў.

– Ты ведаеш Хуана Гуайдо асабіста, што ты скажаш пра яго як пра чалавека, як пра лідара?

– Малады, энэргічны, адважны. Вельмі смелы. Гэта лідар, які здолеў згуртаваць палітычныя сілы Венесуэлы дзеля аднаўлення дэмакратыі і свабоды. Яго падтрымлівае пераважная большасць насельніцтва.

– А хто падтрымлівае Мадуру, акрамя вайскоўцаў?

– У нас дзейнічаюць кубінскія агенты, больш за 40 000, пераследуюць грамадзянаў Венесуэлы, катуюць іх. Ёсць расейскія вайскоўцы і самалёты. Падтрымліваюць Мадуру рэжымы ў Беларусі, Турцыі, Іране, Сірыі.

Можна сказаць, што на баку народа Венесуэлы дэмакратычны свет, а Мадуру падтрымліваюць дыктатары.

– Дзякуй, Давід. Зычу вам больш хуткай перамогі.

– Дзякуй. Я ўпэўнены, што хутка нашы краіны, Венесуэла і Беларусь, будуць вольнымі.

Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", спецыяльна для Charter97.org

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:

Cпасылка:

https://www.paypal.com/cgi-bin/webscr?cmd=_s-xclick&hosted_button_id=WPS4NY975YGSS&source=url


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com