20 красавiка 2024, Субота, 5:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нечаканкі для кіроўцаў: Або мяняйце правы, або вазіце з сабой даведку

77
Нечаканкі для кіроўцаў: Або мяняйце правы, або вазіце з сабой даведку

У правілы дарожнага руху Беларусі ўнясуць змены.

У найбліжэйшы час беларускіх аўтааматараў чакае мноства неспадзяванак, прычым далёка не ўсе з іх можна ўважаць прыемнымі.

Аднак бяспека руху, за якую ў нас у краіне адказваюць органы ДАІ МУС, патрабуе не толькі затратаў з боку дзяржавы, але і пэўных ахвяраў ад жыхароў Беларусі, піша «Эканамічная газета».

Праект зменаў, якія мяркуецца ўнесці ў Правілы дарожнага руху (далей – ПДР), размешчаны на Праўным форуме Беларусі для грамадскага абмеркавання. Прапановы ад грамадзянаў і юрыдычных асобаў прымаюцца да 15 траўня 2019 г., аднак досвед паказвае, што часцей за ўсё такія дакументы прымаюцца ў прапанаваным распрацоўнікам выглядзе – усе неабходныя ўзгадненні яны ўжо прайшлі, а абмеркаванне часцей за ўсё мае фармальны характар.

Таму ўжо цяпер можна пазнаёміцца з тымі новаўвядзеннямі, з якімі беларускія аўтааматары сутыкнуцца ў самы блізкі час. Аповед пра іх, мабыць, пачнем з дакументаў, якія кіроўцы павінны будуць мець пры сабе і прад'яўляць у выпадку неабходнасці.

Органы ДАІ роўна год таму анансавалі адмову ад так званых бестэрміновых пасведчанняў кіроўцаў з 2020 года. Нагадаем, што правы, у якіх не быў прастаўлены перыяд іх дзеяння, выдаваліся ў часы СССР, а таксама ў Беларусі да 1995 года. Натуральна, большасць аўтааматараў з вялікім стажам кіроўцы з'яўляюцца іх уладальнікамі – важкіх прычынаў для замены на правы новага ўзору ў іх не было, за выключэннем тых кіроўцаў, якія выязджаюць за мяжу краіны.

Падобна на тое, што прапанова ДАІ адмовіцца ад «савецкіх» пасведчанняў не прайшла – улады ў апошні час імкнуцца без патрэбы не раздражняць шырокія пласты насельніцтва. Аднак пэўныя змены ў ПДР, звязаныя з імі, унесці ўсё ж такі плануецца.

У адпаведнасці з праектам кіроўца павінен будзе паказаць супрацоўніку ДАІ добра знаёмую ўсім кіроўцам медыцынскую даведку пра стан здароўя, якая пацвярджае, што яе ўладальнік можа кіраваць аўтамабілем у выпадку прад'яўлення пасведчання кіроўцы, выдадзенага ў Беларусі, а таксама на тэрыторыі былога СССР, у якім не пазначаны тэрмін дзеяння.

Такім чынам, у выпадку прыняцця праекта ў прапанаваным выглядзе кіроўцам «са стажам» давядзецца або атрымаць правы новага ўзору, або ўвесь час вазіць з сабой медыцынскую даведку.

Напісаць каментар 77

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках