Затрыманага ў Менску інгушскага актывіста будуць судзіць
- 9.05.2019, 16:21
- 8,316
Інгушскія апазіцыянеры ўпэўненыя, што затрыманне палітычна матываванае.
Як распавёў Caucasus Times адвакат Ісмаіла Нальгіева Антон Гашынскі, актывіста затрымалі ў Менску на падставе таго, што ён нібыта знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку. Сам затрыманы заяўляе, што ў федэральным вышуку не знаходзіўся, але падпісваючы дакументы, бачыў, што праходзіць паводле справы аб масавых беспарадках, паведамляе «Белсат».
Праз тры гадзіны яго фармальна адпусцілі, але супрацоўнікі ў цывільным павезлі яго ў кайданках у АГіМ Кастрычніцкага раёна Менска. Там на яго склалі адміністрацыйны пратакол - паводле якога артыкула, ні Нальгіеў, ні ягоны абаронца не ведаюць. Затым актывіста адвезлі ў Кастрычніцкі РУУС, а адтуль - у ізалятар часовага ўтрымання.
Меркавана гаворка ідзе пра артыкул 23:55 КоАП (Парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства).
Інгушскія апазіцыянеры ўпэўненыя, што затрыманне Нальгіева палітычна матываванае, бо ён адзін з лідараў народнага пратэсту інгушоў супраць дамовы аб мяжы з Чачэніяй. Пратэстоўцы сцвярджаюць, што кіраўнікі рэгіёнаў (Юнус-Бек Еўкураў і Рамзан Кадыраў) увялі ў зман жыхароў Інгушэціі, перадаўшы суседняй рэспубліцы частку горных зямель у Сунжанскім раёне. Гэты раён доўгі час быў прадметам тэрытарыяльных спрэчак, дакладнай мяжы там не існавала.
Адпаведнае пагадненне было падпісанае толькі ў верасні 2018 года, што пацягнула за сабой мітынгі нязгодных. Мінулай восенню ў Нальгіева і паплечнікаў сілавікі праводзілі ператрусы.