25 красавiка 2024, Чацвер, 16:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч: Беларусь чакае эканамічная катастрофа

44
Фядыніч: Беларусь чакае эканамічная катастрофа
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Сістэму аплаты працы трэба тэрмінова ў корані перагледзець.

У Беларусі расце дэфіцыт работнікаў. Куды ж знікаюць рабочыя рукі?

«Справа ў аплаце працы», - распавёў praca-by.info лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч:

- Сёння тарыф першага разраду - 36 рублёў 40 капеек, апошняе павышэнне склала цэлых 90 капеек. Максімальны 6 разрад рабочых з каэфіцыентам 2,0 складае 72,8 рублёў.

Тарыф першага разраду ўстаноўлены для бюджэтнай сферы, а прамысловы сектар можа ўстанаўліваць свае разрады, зыходзячы з эканамічных магчымасцяў кожнага асобнага прадпрыемства. Але, як правіла, тарыф першага разраду (36,40 рубля) распаўсюджваецца на ўсе прадпрыемствы, якія маюць дзяржпадтрымку.

На прадпрыемствах асноўны заробак складае блізу 60-70%, усё астатняе - даплаты, прэміяльныя, надбаўкі. Прэміяльныя, натуральна, павінны заставацца - гэта матывацыя, стымул да працы. Але тарыф першага разраду павінен адпавядаць мінімальнаму спажывецкаму бюджэту (разлікі якога таксама далёкія ад дасканаласці), а менавіта: 467 рублёў, а не 36,40 рубля. Вось тады, магчыма, і не будзе так востра стаяць праблема адтоку працоўнай сілы з краіны.

Чаму ў паліклініках бракуе санітарак і медсясцёр? Як правіла, малодшы медыцынскі персанал працуе на паўтары – дзве стаўкі. Памнажаем 36,40 на каэфіцыент 1,69 адпаведны 3 разраду і атрымліваем 61,52 рублі. Пры такой сістэме аплаты яны не атрымліваюць нават мінімальны заробак.

Нават калі тарыф першага разраду зробяць роўным з мінімальным спажывецкім заробкам (330 рублёў) – гэта ўжо крок наперад. Тады ўжо кожнаму наймальніку, незалежна ад формаў уласнасці, не давядзецца ламаць галаву, як заплаціць 330 рублёў, пры гэтым работніку гарантуецца мінімальны ўзровень заробку.

«Трэба ў корані перагледзець сістэму аплаты працы»

– Але ці адпавядае мінімальны заробак мінімальнаму спажывецкаму бюджэту, які па мінімуму вызначае функцыянальныя патрэбы рабочага чалавека? Раз МПЗ складае 330 рублёў, а МПБ-467 рублёў, значыць, чалавек ужо недаатрымлівае 137 рублёў і вымушаны сабе ў чымсьці істотным адмаўляць. Ці не таму ў большасці насельніцтва змяніўся рацыён харчавання: людзі вымушаныя пераходзіць на танныя, далёка не каларыйныя і не зусім якасныя прадукты харчавання? Улады, відавочна, валодаюць сітуацыяй, але кажуць: няма магчымасці. Магчымасці заўсёды ёсць: замест тарыфу разраду ўстановім МПЗ, а праз год – і МСБ, і з улікам гэтага трэба па-новаму сфармаваць бюджэт рэспублікі. І ў корані перагледзець сістэму аплаты працы, а не мяняць 27 тарыфных разрадаў на 18 і ўводзіць пры гэтым дадатковую базавую адзінку.

Фармаванне заробкаў павінна быць максімальна простым і зразумелым для чалавека. Кошт працоўнай сілы павінен залежаць ад кваліфікацыі і прафесіяналізму работніка, а не ад капрызу ягонага начальніка.

У месцах, дзе ўведзеная здзельная аплата працы, можна працаваць па 12 гадзін і зарабляць грошы. Там, дзе няма здзельнай аплаты, даўно пара падумаць не аб тарыфах, а аб пагадзінным заробку. Гэта перспектыва, да якой трэба імкнуцца.

«З абяцаных 1200 рублёў на рукі атрымліваюць 400»

Чаму людзі бягуць з краіны?

- Наймальнік не можа заплаціць больш, бо ён абмежаваны рамкамі тарыфу першага разраду (калі мае дзяржпадтрымку), а рабочыя не могуць выжыць на падачкі (не заробак), якія яны атрымліваюць, а не зарабляюць. Таму народ і едзе туды, дзе можна зарабіць і пракарміць сям'ю.

Я звярнуў увагу: у метро рэклама аб прыёме на працу ідзе ўжо без указання заробку, супермаркеты і гіпермаркеты паказваюць заробак – ад 800 да 1200 рублёў. Уладкаваўшыся на працу па аб'яве, цягам першага месяца людзі разумеюць, што існуе цэлая сістэма зняцця бонусаў – у выніку атрымліваюць на рукі не 1200, а 400-600 рублёў. Да чаго ж вы дайшлі, калі сёння ахоўнік павінен сачыць за працай прадаўца або касіра? - адзначае Фядыніч.

Беларусь чакае катастрофа

Беспрацоўных становіцца ўсё больш, а афіцыйнае беспрацоўе зніжаецца?

- Сама сістэма пастаноўкі на ўлік беспрацоўных у Беларусі не мае нічога агульнага з міжнароднай практыкай. За мяжой беспрацоўны, які стаіць на біржы працы, можа атрымліваць ад 3 да 6 месяцаў сярэдні заробак па апошнім месцы працы, пасля перанавучання з гарантыяй прадстаўлення годнага працоўнага месца. Дапамога ў беспрацоўі ў Беларусі сёння складае 28 рублёў - ды гэта ж здзек з чалавека! Мала таго, што дзяржава не ў стане забяспечыць грамадзяніну працу і годны заробак, дык яго ставяць на ўлік, плацяць дапамогу, якой не выстарчае на адзін дзень, і адпраўляюць на грамадскія працы - збіраць камяні. Пакуль не будзе (ад гэтай улады мы наўрад ці дачакаемся) дзяржаўнай сістэмы перанавучання, сітуацыя не зменіцца. Мы ўжо праходзілі бум падрыхтоўкі бухгалтараў і юрыстаў – напладзілі столькі, што праз 5 гадоў яны сталі ўжо нікому не патрэбныя. Таму патрэбны выразны і рэгулярны маніторынг запатрабаванасці розных прафесій беларускай эканомікай - і пад патрэбы эканомікі павінна працаваць уся сістэма адукацыі (і ПТВ, і каледжы, і ВНУ, і служба занятасці). Трэба працаваць хаця б на 3-4 гады наперад, увесь час, а не біць па хвастах.

– Пры існай сістэме аплаты працы, якая зусім не адпавядае выдаткам працоўнага чалавека і кошту працоўнай сілы, Беларусь чакае эканамічная катастрофа. Хто адкажа?

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках