20 красавiка 2024, Субота, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто багацее за кошт таго, што беларусы бяднеюць?

27
Хто багацее за кошт таго, што беларусы бяднеюць?

У краіне значна павялічылася сацыяльная няроўнасць.

У Беларусі павялічваецца разрыў у даходах насельніцтва: за першыя тры месяцы гэтага года паміж багатымі і малазабяспечанымі ён склаў 7,4 раза. Хоць за той жа перыяд мінулага года - 6,8 раза. Чаму гэта адбываецца, і на якія з'явы ў эканоміцы можа паказваць?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін:

- Ёсць агульнасусветныя законы эканамічнага развіцця. Калі краіна багацее і эканоміка развіваецца, то, нягледзячы на прадузятасці, што гэта выгадна толькі багатым, напраўду разрыў паміж багатымі і беднымі памяншаецца.

Калі краіна бяднее - гэты разрыў расце. Гэта пацвярджаецца дзясяткамі прыкладаў у розных краінах. У багатых людзей заўсёды больш магчымасцяў падтрымліваць свой узровень дабрабыту і разрыў расце не за кошт таго, што яны становяцца яшчэ багацейшымі, а за кошт таго, што бедныя становяцца яшчэ бяднейшымі.

І рост гэтага разрыву - важны сімптом аб «стане здароўя» беларускай эканомікі. Пакуль мы не пераломім у корані тэндэнцыю нашага эканамічнага развіцця, мы ад гэтага сімптому не пазбавімся, у будзем увесь час назіраць, як у нас расце сацыяльная няроўнасць.

- Ці можна ў сувязі з гэтым гаварыць пра тое, што Беларусь трапіла ў «пастку беднасці»?

- «Пастка беднасці» - гэта крыху іншая з'ява. «Пастка беднасці» кажа пра тое, што краіна трапляе ў такі стан, з якога практычна няма выйсця - як вавёрка ў коле. Краіна спрабуе нешта зрабіць, але нічога не атрымліваецца.

Беларусь жа бяднее ў парадыгме звычайных дзеянняў урада. Эканамістамі даўно вызначана, што калі краіна хоча вырвацца са стану беднасці, ёй трэба не даганяць больш развітыя дзяржавы, а спрабаваць іх перагнаць.

Не ва ўсіх сферах адразу - а ў некаторых, даволі новых. Таму што развіваюцца новыя кластары эканомікі, усё больш у эканоміку залучаецца навука і тэхніка. І калі краіна хоча вырвацца з «пасткі беднасці», яна павінна інвеставаць перш за ўсё ў адукацыю.

І не спрабаваць дагнаць развітыя краіны, праводзячы «мадэрнізацыю» дрэваапрацоўкі або машынабудавання, або адкрываючы новыя прадпрыемствы ў сыравінных галінах і хімічнай прамысловасці. А павінна спрабаваць дагнаць і перагнаць іх у навукаёмістых галінах, у інтэрнэт-тэхналогіях і гэтак далей.

І як зноў жа паказвае досвед іншых краін, гэта цалкам магчыма. Па-дурному, як гэта робяць беларускія ўлады, шукаць інвестараў, якія збіраюцца будаваць у нас заводы і фабрыкі: часцей за ўсё гэта звязана з тым, што інвестары спрабуюць перанесці на чужую тэрыторыю экалагічна шкодныя вытворчасці. А краіна, якая не стварае спрыяльныя ўмовы для прыватнага капіталу, як Беларусь, вымушана хапацца за усялякія, сумнеўныя і небяспечныя для здароўя людзей праекты.

Самы яскравы прыклад - акумулятарны завод пад Берасцем, які ўжо пачаў атручваць глебу і атмасферу каля буйнога абласнога цэнтра.

- Паводле апошніх вестак, палова прадпрымальнікаў думае пра тое, каб згарнуць бізнэс у Беларусі. Хто тады фармуе багатую праслойку ў нашай краіне?

- Згарнуць бізнэс - гэта не абавязкова адсюль з'ехаць. Ёсць шмат прадпрымальнікаў, які перанеслі бізнэс за мяжу, але застаюцца жыць у Беларусі. І яны ад гэтага не становяцца бяднейшымі. Больш за тое - яны праз гэтага становяцца яшчэ багацейшымі.

Я ведаю людзей, якія пераносілі свой бізнэс у Расею, у Смаленскую і Бранскую вобласці, у Пскоўскую вобласць, у сумежныя вобласці Украіны і Польшчы - і ад гэтага іх становішча станавілася толькі лепшым.

Пэўная карэляцыя тут ёсць, але агулам адток капіталу не азначае значнага змяншэння колькасці багатых людзей. Вызваленыя нішы часцей за ўсё замяшчаюцца іншымі.

Што ж тычыцца найбольш багатай праслойкі, то для Беларусі характэрна так званае «зрошчванне ўлады і ўласнасці» - з'ява, якая на 100%, але мае месца ва ўсіх краінах з аўтарытарнымі, дыктатарскімі рэжыму.

Гэта абсалютна характэрна і для Беларусі, і для Венесуэлы, і для многіх краін з такой палітычнай сістэмай. Калі няма легальнага спосабу станавіцца багатым, чыноўнікі пачынаюць гандляваць сваім становішчам і службовымі паўнамоцтвамі.

З іншага боку, калі прадпрымальнік не адчувае сябе абароненым у легальным полі сваёй краіны, ён пачынае шукаць заступніцтва ў чыноўнікаў і гатовы за гэта плаціць. І гэта зрошчванне дае ў выніку дзяржаўна-алігархічны капіталізм, калі паспяховы бізнэс магчымы толькі пры падтрымцы чыноўнікаў, а чыноўнік зацікаўлены ў сваёй пасадзе, бо бачаць у ёй спосаб разбагацець.

- Да чаго можа прывесці рост сацыяльнай няроўнасці ў Беларусі?

- Тэарэтычна гэта можа весці да росту сацыяльнай напружанасці і пратэстных настрояў. Магчыма, ёсць нейкая «чырвоная рыса», пасля якой народ падымецца - але гэта пытанне больш да сацыёлага, а не да эканаміста.

На мой погляд, тут яшчэ важны «прыклад паспяховага развіцця» у нашых блізкіх суседзяў - ва Украіны. Калі Украіна ў найбліжэйшыя пару гадоў пакажа такую гісторыю поспеху, думаю, гэта можа стаць каталізатарам перамен у Беларусі.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках