24 красавiка 2024, Серада, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чырвоны касцёл можа неўзабаве страціць свой колер

12
Чырвоны касцёл можа неўзабаве страціць свой колер

Чырвонаму касцёлу пасля рэстаўрацыі прычынена больш шкоды, чым карысці.

Адна з візітных картак старога Менска - Чырвоны касцёл святых Сымона і Алены нарэшце вызвалены ад будаўнічай сеткі, закончаны першы этап яго рэстаўрацыі.

Пра гэта са слоў начальніка тэхнічнага аддзела КУП «Менская спадчына» Сяргея Абрамава паведамілі надоечы афіцыйныя інфармацыйныя крыніцы. Але яны не паведамілі, як ацэньвае працу «Менскай спадчыны» грамадскасць і адмыслоўцы, піша nv-online.info.

Адзін з паважаных грамадзян нашай супольнасці, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі мяркуе, што Чырвонаму касцёлу цяпер, пасля рэстаўрацыі, прычынена больш шкоды, чым карысці:

- Мы дзясяткі разоў збіраліся з рознымі спецыялістамі, але трэба зноў садзіцца за працоўны стол, бо наперадзе самыя складаныя рэстаўрацыйныя работы - унутраныя: алтар, скляпенні, вітражы. А праблема Чырвонага касцёла ёсць, яна да канца не развязаная. Касцёл пабудаваны больш за 100 гадоў таму, ён ні разу не рэстаўраваўся. Але пры такой рэстаўрацыі, якая праведзена толькі што, дай Бог, каб будынак пратрымаўся хоць бы 50 гадоў без рамонту. Лепш было б увогуле не рабіць, чым рабіць так. І гэта не толькі маё меркаванне. Вонкава - так, усё прыгожа. Але касцёл пад новым дахам цячэ, падцёкі з'явіліся паўгода таму. Цяпер усе хібы бачныя толькі спецыялістам, але гараджанам яны таксама будуць бачныя - праз некаторы час, калі пачне крышыцца цэгла. Цяпер ён чырвоны, а хутка можа свой колер страціць. Таму што працы яго ачысткі праводзіліся не ў той перыяд і не паводле адпаведнай тэхналогіі. Спецыялісты наогул сцвярджаюць, што заўтра чырвоная цэгла будзе плакаць.

Засмучаныя вынікамі першай чаргі рэстаўрацыі чальцы касцельнага камітэта: практычна, ніводнае з іх пажаданняў не ўлічанае. Зразумела, што будынак - помнік архітэктуры, але ёсць жа новая прыбудова савецкага перыяду, дзе можна было ўнесці карэктывы, пра якія прасілі людзі. А падземны ход з касцёла ў будынак плябаніі, дзе пасля рэстаўрацыі можна проста нагу зламаць? І зноў жа галоўныя бяда - цэгла. Вось што сказала Алена Францаўна Кабяк, чалец касцельнага камітэта:

- Ніколі вежы ў нас не пакрываліся інеем ў зімовы перыяд. Але пасля таго, як пескаструнным метадам знялі верхні слой цэглы, вежы ў пэўнае надвор'е сталі бялець. У нас і фатаграфіі ёсць. Значыць, у цэглу паступае вільгаць, якая замярзае, і яна будзе паступова раскідвацца. Гэта катастрофа! Ды вось хоць падыдзіце бліжэй да сцяны і пакратайце яе. Бачыце, ад цэглы рукі пэцкаюцца? Гэтага быць катэгарычна не павінна, цагліна не павінен брацца на рукі! Значыць, яе тут не прамачылі вадкасцю, якая цагліну кансервуе. Непрамочаныя як мае быць, мусіць, і нашы вежы.

- Мы ўбачылі абсалютную безадказнасць, неадукаванасць людзей, якія ўзяліся за рэстаўрацыю унікальнага аб'екта. Узровень і якасць праектавання ніяк не адпавядае ўзроўню гэтага аб'екта, - падвёў вынік Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі.

Кіраўнік Чырвонага касцёла ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк ад каментароў адмовіўся:

- Усе на свае вочы можна ўбачыць. Хто хоча, прыходзіць, фатаграфуе. Я не ўмешваюся.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках