19 красавiка 2024, Пятніца, 22:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падатковая ўзялася за арэндадаўцаў

33
Падатковая ўзялася за арэндадаўцаў

Нелегалаў знаходзяць праз аб'явы і электронныя базы.

Падатковая ўзялася за беларусаў, якія здаюць у арэнду кватэры без выплаты падатку. Тых, хто ведае пра такіх нелегалаў, просяць паведаміць пра гэта. У падатковай распавядаюць, што выходзяць на нелегалаў у ліку іншага праз аб'явы ў прэсе, інтэрнэце, на прыпынках грамадскага транспарту, паведамляе tut.by.

У Гомельскай вобласці за студзень - красавік гэтага года працаўнікі падатковай выйшлі на 58 чалавек, якія нелегальна здавалі памяшканні. Ім давялося пералічыць у бюджэт блізу 8,5 тысячы рублёў.

«Выяўленню ценявых даходаў грамадзян спрыяе выкарыстанне рознага кшталту электронных інфармацыйных баз», - удакладняюць у інспекцыі МПЗ Гомельскай вобласці. Супрацоўнікі падатковай распавядаюць, што выходзяць на нелегалаў у ліку іншага праз аб'явы ў прэсе, інтэрнэце, на прыпынках грамадскага транспарту. Такую інфармацыю таксама атрымліваюць ад міліцыі і праз тэлефон даверу.

Да прыкладу, жыхар Гомеля з 2014 да 2018 года здаваў двухпакаёвую кватэру без афармлення дамовы найму жылога памяшкання і без выплаты падаходнага падатку. Мужчына атрымаў штраф амаль 131 рубель. З яго таксама спагналі ў бюджэт 2945 рублёў, у тым ліку пеню 650 рублёў.

Магілёўскія работнікі падатковай тым часам просяць жыхароў вобласці ўзяць удзел у акцыі «здаеш кватэру - плаці падаткі». Так, з 17 да 21 чэрвеня кожны зможа паведаміць аб здачы памяшканняў унаём без выплаты падаткаў праз тэлефон 375222 29-40-94. Паведаміць аб нелегалах можна будзе штодня з 8.00 да 17.00.

У Бабруйску праводзяць такую ж акцыю, але бестэрмінова. У падатковай просяць паведамляць пра нелегальную здачу памяшканняў праз тэлефон 375225 59 73 19.

Нагадаем, у сакавіку гэтага года менчукоў, якія ведаюць пра тых, хто нелегальна здае кватэры без выплаты падатку, прасілі паведаміць у падатковую.

За час акцыі ў падатковую паступіла 105 званкоў аб 133 здымных кватэрах.

Такія акцыі ў Менску праводзілі ў 2015, 2016 і 2018 гадах. Так, у 2016 годзе ў сталіцы падчас такой акцыі паступіла 105 званкоў з нагоды 114 кватэр, якія, як меркавалася, здаваліся ў арэнду нелегальна.

У МПЗ удакладняюць, што інфармацыя аб здачы кватэр паступае як у пісьмовым, так і электронным выглядзе, а таксама на гарачую лінію тэлефона даверу. За 2018 год паступіла 223 паведамленні аб здачы кватэр без выплаты падаткаў (у тым ліку ў Менску - 150 зваротаў).

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках