18 чэрвеня 2019, aўторак, 7:02
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Эканаміст: З валютай у Беларусі могуць пачацца цяжкасці

10
Фота: Reuters

Што будзе з эканомікай, калі беларусы пачнуць больш купляць валюты, чым прадаваць?

За тры гады беларусы чыстымі здалі блізу 7 млрд даляраў. І шмат у чым за кошт гэтых грошай атрымлівалася папаўняць золатавалютныя рэзервы.

Беларусы здаюць больш замежнай валюты, чым купляюць, ужо са студзеня 2016 года. Усяго за гэты час жыхары краіны «чыстымі» аднеслі ў банкі блізу 7 млрд даляраў. А гэта ўжо практычна золатавалютныя запасы краіны (яны, паводле звестак на 1 чэрвеня, склалі 8,1 млрд даляраў).

Колькі яшчэ часу беларусы працягнуць заставацца чыстымі прадаўцамі валюты, ніхто не ведае. Пралічыць гэта немагчыма. Зрэшты, статыстыка кажа, што чысты продаж з боку насельніцтва скарачаецца. Хутчэй за ўсё, на гэтыя працэсы ўплывае рост даходаў, танныя крэдыты і скарачэнне валютных ашчадкаў.

Што будзе, калі заначкі скончацца, спытала kp.by у кіраўніцы праекта broker.by Жанны Кулаковай.

- Могуць пачацца цяжкасці, - мяркуе экспэрт.

У краіне ж ёсць яшчэ і прадпрыемствы, якія часцей выступаюць чыстымі пакупнікамі валюты, чым чыстымі прадаўцамі. Фактычна, яны і фармуюць попыт на валюту. І ёсць нерэзідэнты, якія, наадварот, часцей выступаюць чыстымі прадаўцамі.

- Калі адкінуць фізічных асоб, то попыт і прапанова валюты ў найлепшым выпадку будзе збалансаваным, блізу нуля ў залежнасці ад сітуацыі з замежным гандлем. Прафіцыт фармуецца менавіта дзякуючы фізічным асобам, і гэта тыя грошы, за кошт якіх у апошнія гады папаўняліся золатавалютныя рэзервы і абслугоўваліся валютныя пазыкі, - сказала Жанна Кулакова. - Без гэтай крыніцы давядзецца альбо рабіць больш валютных запазычанняў, што негатыўна адаб'ецца на стане дзяржаўнай запазычанасці, альбо працягваць закупляць валюту на ўнутраным рынку, але ўжо ў шкоду курсу беларускага рубля.

Дарэчы, на носе другое паўгоддзе, і ў мінулым, і ў пазамінулым годзе ў гэты час насельніцтва прадавала менш валюты.