29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне на мяжы з Беларуссю ствараюць асобны танкавы батальён

23
Ва Украіне на мяжы з Беларуссю ствараюць асобны танкавы батальён

Падраздзяленне ствараецца для абароны краіны на поўначы.

Вайсковае камандаванне Украіны абвясціла аб стварэнні ў складзе наземных войскаў Узброеных Сіл асобнага танкавага батальёна «для абароны краіны на поўначы», паведамляе «Радыё Свабода».

Як паведамілі «Радыё Свабода» ў аператыўным камандаванні «Поўнач», 12-ы асобны танкавы батальён будзе дыслакавацца ў мястэчку Ганчароўскае Чарнігаўскай вобласці – за 46 кіламетраў ад найбліжэйшай беларускай вёскі Камарын Брагінскага раёна Гомельскай вобласці.

«Цяпер ідзе атрыманне вайсковай тэхнікі, узбраення і вайсковыа-матэрыяльных запасаў. У частку будуць залічвацца вайскоўцы выключна паводле кантраку», - адзначылі ў аператыўным камандаванні.

Наваствораны танкавы батальён будзе асобным ад танкавай брыгады «Сіверская», якая таксама знаходзіцца ў падпарадкаванні аператыўнага камандавання «Поўнач» і таксама дыслакуецца ў Ганчароўскім.

У сакавіку 2014 года гэтая брыгада «на трывогу» на выпадак расейскага ўварвання была перадыслакаваная ў раён украіна–расейскай мяжы - паміж Чарнігаўскай вобласцю Украіны і Бранскай вобласцю Расеі. Асобныя батальёны гэтай брыгады ўдзельнічалі ў вайсковых аперацыях у Данецкай і Луганскай абласцях. Танкавая брыгада «Сіверская» вядомая сваім найбольш сучасным узбраеннем, перш за ўсё мадэрнізаванымі ўкраінскімі танкамі «Булат» Т-64БМ, абсталяваныя высокадакладнай зброяй і сучаснымі кіраванымі ракетамі «Камбат».

Сёлета ў студзені міністр абароны Украіны Сцяпан Палтарак заявіў аб мэтазгоднасці ўзмацнення супрацоўніцтва з Беларуссю ў вайсковай сферы, у тым ліку і ва ўзаемадзеянні ўзброеных сіл дзвюх дзяржаў. Тады ён падкрэсліў, што першачарговыя вайсковыя захады ўкраінскага войска грунтуюцца на тым, каб папярэдзіць пагрозы з Расеі:

«Рэч у тым, што цяпер для нас існуе пагроза на ўсходзе, над якой мы працуем. Ёсць агрэсар - Расейская Федэрацыя, і мы ўсе свае намаганні накіроўваем на тое, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі. А Беларусь мы ўважаем за сваіх сяброў і пабрацімаў. І я веру ў тое, што беларускі народ ніколі ў жыцці не далучыцца да агрэсіі Расеі супраць Украіны»

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках