17 чэрвеня 2019, панядзелак, 0:57
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Лукашэнка страчвае хватку?

13
Фота: AFP

Улады ведаюць пра рэальнае стаўленне людзей да іх.

У Расеі сёння папулярнае меркаванне, што вызваленне журналіста Івана Галунова найперш стала вынікам уражальнай акцыі салідарнасці калег і ціску грамадства на ўладу. У той жа час у Беларусі гучыць думка, што нашы грамадзяне недаацэньваюць эфект грамадскага рэзанансу вакол гучных спраў - і дарма, піша «Салідарнасць».

На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Класкоўскага, у такіх выпадках зыход залежыць як ад сілы ціску на чыноўнікаў, так і ад настрою уладаў у пэўны момант. Беларускаму грамадству сапраўды не стае салідарнасці і грамадзянскай актыўнасці, але зусім ужо пасіўным і запалоханым яго назваць нельга.

Аляксандр Класкоўскі нагадаў пра тое, як пасля Плошчы-2010 сотням затрыманых насілі перадачы і збіралі грошы.

Кажучы аб каранях праблемы, палітычны аглядальнік падкрэсліў:

- Базавы чыннік - улада і ў Беларусі, і ў Расіі аўтарытарная, цвёрдая. У такіх выпадках яна не хоча страчваць твар. Той жа Пуцін вядомы тым, што ён сваіх не здае. Аглядальнікі падкрэсліваюць, што калі нейкі чыноўнік ці сілавік зрабіў непрыстойны ўчынак, Пуцін усё ж імкнецца не прыбіраць гэтага чалавека пад грамадскім ціскам.

Беларуская ўлада таксама не любіць здавацца слабай, кажа суразмоўца «Салідарнасці». Бо за гэтым стаіць перакананне: адзін раз дасі слабіну - і людзі падумаюць, што наверсе правадыр ужо не той, асяроддзе не тое і рэжым хістаецца. Значыць, ціск тады будзе нарастаць.

- Разам з тым, на сённяшні дзень мы бачым, што і ў Расеі, і ў Беларусі ўлада ў нейкіх выпадках пачынае рабіць нехарактэрныя жэсты і праяўляць нязвыклую мяккасць, звяртаць увагу на выступы, - адзначыў Аляксандр Класкоўскі.

У пацвярджэнне сваіх слоў ён прывёў шэраг прыкладаў. Гэта і візіт Наталлі Качанавай у Магілёў, дзе ёй давялося прасіць прабачэння за дзеянні міліцыі перад цыганамі. І наладжванне доўгачаканага дыялогу ўлад з жыхарамі Берасця з нагоды будаўніцтва акумулятарнага завода.

І акцыі пратэсту супраць дармаедскага дэкрэта, якія скончыліся хай і разгонам незадаволеных, але таксама і перапісваннем скандальнага дакумента. А таксама «справа БелТА», хай і не настолькі трыумфальна для яе фігурантаў, але з мяккімі судовымі вердыктамі.

Ва ўсіх вышэйпералічаных выпадках, перакананы палітычны аглядальнік, вынік быў прадвызначаны менавіта актыўнасцю грамадзян і шырокім рэзанансам у СМІ і сацсетках.

Аўтарытарная ўлада любіць адчуваць мяжу трывання грамадства. І калі яно маўчыць, не супраціўляецца нейкім непапулярным захадам, то ўлада расцэньвае гэта як магчымасць працягваць у тым жа духу, кажа Аляксандр Класкоўскі.

У Беларусі ўлады ведаюць сабе рэальны кошт

На думку палітычнага аглядальніка, рэч у падзенні папулярнасці уладаў як у Маскве, так і ў Менску. У Расеі гэта выглядае больш відавочна дзякуючы рэгулярным публікацыям рэйтынгаў. У Беларусі, дзе незалежную сацыялогію разбілі, улады, зрэшты, таксама ведаюць сабе рэальны кошт:

- Днямі пры кадравых прызначэннях у Лукашэнкі прагучала паказальная фраза пра тое, што «не памірае народ ад любові да нас». Магчыма, ён так прагаварыўся, бо, як вядома, што яму кладуць на стол вынікі закрытых даследаванняў.

Расейскія ўлады паводзяць сябе хітрэй

На прыкладзе гісторыі з Іванам Галуновым Аляксандр Класкоўскі адзначыў адрозненні ў дзеяннях Масквы і Менска. Паводле ягоных слоў, расейскія ўлады ў крызісных сітуацыях не адмаўляюцца ад магчымасці выкарыстоўваць каналы зваротнай сувязі:

- Галоўны рэдактар «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў і старшыня ўправы дырэктараў «Новай газеты» Дзмітрый Муратаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў кампаніі салідарнасці з Галуновым, з'яўляюцца чальцамі пэўных грамадскіх структур. Муратаў уваходзіць у грамадскую раду пры МУС, Венедыктаў - у грамадскую палату Масквы. Яны маюць доступ да кабінетаў і ў гэтай гісторыі кантактавалі з чыноўнікамі высокага рангу.

У Беларусі ўлада больш прымітыўная і не выкарыстоўвае нават напалоду дэкаратыўных формаў зваротнай сувязі.

- На фоне размоў пра новую Канстытуцыю, магчыма, нейкія нясмелыя зрухі ў гэтым плане і з'явяцца - але не да выбараў, - мяркуе Класкоўскі.