19 кастрычнiка 2019, Субота, 8:47
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Затое гаспадар авечак добры

13
Затое гаспадар авечак добры

Перш чым наракаць на нечыя прагнозы, варта было б прыгледзецца да сваіх.

Здаецца, няма такой сферы, у якой бы Лукашэнка не раздаў свае «жэтачайшыя ўказанні». У радзільнях не нараджаюць без ягонай устаноўкі, а на сяле нават не рызыкуюць выкапаць яму для кампосту, не атрымаўшы найпадрабязнейшы інструктаж, піша «Салiдарнасць».

Таму, калі Аляксандр Рыгоравіч абрынуўся на Белгідрамет, ніхто асабліва не здзівіўся.

- З імі трэба нешта рабіць: іх трэба ці разганяць, або прыводзіць у пачуцці. У найлепшым выпадку на нейкі дзень на 50-70% дакладнасць прагнозу надвор'я. Нам такі Гідраметцэнтр не патрэбны, - заявіў Лукашэнка 11 чэрвеня падчас раздачы новых партфеляў. - Я ўжо арыентуюся на вайскоўцаў, якія бачаць у рэальным часе надвор'е, падкажуць, дзе ідуць дажджы па рэспубліцы і што будзе ў найбліжэйшыя 12 гадзін.

У прынцыпе нападкі на сіноптыкаў адбываюцца ўжо не першым разам. Два гады таму Лукашэнка пра якасць прагнозу надвор'я казаў практычна тое ж самае.

- Калі я чытаю вашу інфармацыю, а я кожны дзень яе атрымліваю, у мяне жаданне проста разагнаць гэтую арганізацыю. Калі не ўмееце працаваць, звяжыцеся з вайскоўцамі ўжо, навучыцеся ў іх працаваць, - заяўляў Лукашэнка міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Як бачым, з таго часу мала што змянілася. Прагнозы Белгідрамета мала радуюць Лукашэнку. Хоць, шчыра кажучы, навошта наогул ведаць надвор'е чалавеку, які можа заявіць: «Вы прасілі дождж, я даў вам дождж!»

Але калі сур'ёзна, дык перш чым наракаць на нечыя прагнозы, варта было б прыгледзецца да сваіх. Дастаткова ўспомніць, які рост эканомікі абяцаў Аляксандр Рыгоравіч, і што ў выніку выйшла. Куды ні глянь: сельская гаспадарка, прамысловасць, адукацыя...нават 50-70% з абяцанага не спраўдзілася. А прагнозы дыктатара пра заробкі 1000 даляраў у многіх да гэтага выклікаюць нервовы смяшок.

Хоць, справядлівасці дзеля, заўважым, што некаторыя абяцанні аб заробках усё ж выконваліся. Як напрыклад, 500 даляраў сярэдняга заробку пад выбары 2010-га. Іншая справа, што пасля гэтага беларусаў чакаў ледзяны дождж абвальнай дэвальвацыі рубля. «Вы прасілі дождж, я даў вам дождж!»

Так што сіноптык з кіраўніка дзяржавы - той яшчэ!

Затое вось гадавальнік авечак, кажуць, добры. «Штук пяцьдзесят. Раздаю людзям. Падзець няма куды», - распавёў Лукашэнка пра сваіх авечак, якіх вырошчвае ў рэзідэнцыі, і абурыўся, што ўрад прагназаваў на 2025 год усяго 133% павелічэння пагалоўя ў краіне.

Так што няма чаго там парыць мазгі нейкай эканомікай. Зоймемся надвор'ем і авечкамі. Што-што, а прагназаваць і падманваць у нас заўсёды ўмелі. Праўда, пакуль толькі бараноў.