19 кастрычнiка 2019, Субота, 8:51
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

У Беларусі нашэсце кляшчоў

22
У Беларусі нашэсце кляшчоў

Небяспечныя павукападобныя перабраліся з лясоў у гарадскія сады і паркі.

У сувязі з кліматычнымі зменамі колькасць іксодавых кляшчоў за апошнія гады павялічылася ў Беларусі на траціну, паведамляе «Белсат».

Штогод у нашай краіне ад укусаў кляшчоў пакутуюць дзясяткі тысяч чалавек. Небяспечныя павукападобныя перабраліся з лясоў у гарадскія сады і паркі. А сёлета праз цёплую вясну і ранняе лета сезон кляшчоў пачаўся ледзь не з сакавіка.

Цёплае надвор'е спрыяе актыўнасці кляшчоў. Жыхарка вёскі Крыжоўкі мастачка Ксенія Ангелава сёлета станавілася іх ахвярай тройчы. За год дзясяткі кляшчоў яна звычайна знаходзіць на шкуры свайго сабакі:

«Атрымліваецца так, што трэба з яго іх паздымаць. Ён іх чапляе даслоўна на нашым пляцы. Не трэба і кудысьці ў пушчу залазіць... А вось яшчэ адзін. Гэта ранішні».

Сёлета ў Менску ахвярамі кляшчоў сталі больш за 400 чалавек. І гэта толькі тыя, хто звярнуўся ў паліклінікі па дапамогу:

«Перыядычна здымаю з сабакі, хоць і апрацоўваю яго. Бывала, сур'ёзна хварэў праз кляшчоў. Так што гэта праблема».

«У шпіталь звярталіся. Там нам дапамагалі выкручваць яго. Нібыта аналізы былі добрыя, мы ніякіх таблетак не пілі».

«Трэба быць вельмі асцярожным. Таму што кляшчы ўсякія бываюць. Могуць быць носьбітамі розных захворванняў».

Як, напрыклад, барэліёз ці энцэфаліт. Медыкі раяць: калі да скуры прысмактаўся клешч, трэба як мага хутчэй ад яго пазбавіцца.

З дапамогай такой простай прылады з лёскі і пластыкавай трубкі можна пазбавіцца ад кляшча хутка і, галоўнае, правільна. Лёску трэба накінуць над месцам укусу, не закрануўшы цельца, зацягнуць пяцельку і кругавымі рухамі выкруціць кляшча.

А пасля здаць яго на аналізы. Калі ж захаваць цельца кляшча не ўдалося, цягам двух-трох тыдняў пасля ўкусу трэба паназіраць за уласным арганізмам, ці няма праяў хваробы: пачырванення месца ўкусу, галавакружэння, тэмпературы, болі цягліц.

Аляксандр Сыкала, кандыдат медыцынскіх навук:

«Ні ў якім разе нельга наўгад прызначаць антыбіётыкі. Таму што пры тым жа барэліёзе ці іншых інфекцыях дзейнічаюць розныя антыбіётыкі. І трэба ведаць, якія. Пакуль не пастаўлены імуналагічны дыягназ аб наяўнасці антыцела да пэўнага віду ўзбуджальніка - бессэнсоўна, небяспечна і шкодна прызначаць».

Як кажа Аляксандр Сыкала, пры своечасовым звароце да медыкаў ёсць гарантыя: цяжкіх ускладненняў не будзе. Аднак працэс развіцця хваробы нельга пускаць на самацёк, бо наступствы могуць быць трагічнымі:

«Інваліднасць аж да смяротнага зыходу. Гэта цяжкія паралічы, гэта неўралагічныя захворванні арганічнага паходжання. Чалавек сапраўды можа стаць інвалідам. Што і было. Таму традыцыйна так баяцца інфекцыі».

Штогод у Беларусі на энцэфаліт захворваюць больш за сто чалавек, на барэліёз - больш за тысячу. Для прафілактыкі ўкусаў кляшча пры наведванні лясоў і паркаў рэкамендуецца насіць закрытае адзенне і галаўныя ўборы, карыстацца спрэямі, якія адпужваюць кляшчоў, а пасля шпацыраў на прыродзе ўважліва аглядаць вопратку і цела.