25 красавiка 2024, Чацвер, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прагноз: Эканоміка Беларусі будзе паўзці па-пластунску

3
Прагноз: Эканоміка Беларусі будзе паўзці па-пластунску

Нашу краіну чакае стагнацыя.

«БелГазета» сабрала прагнозы эканамістаў пра будучыню беларускай эканомікі:

Анатоль Змітровіч, дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:

- Калі б не прэферэнцыі Расеі ў нафце і газе, калі б не крэдыты ЕАЭС, то ВУП Беларусі даўно сышоў бы ў мінус. Хоць рост ВУП і так знаходзіцца на ўзроўні хібнасці. А вось, напрыклад, у Румыніі апошнія тры гады ВУП расце на 8-8,5%. Таму што там далі свабоду, пайшлі польскім шляхам.

Думаю, што ВУП у Беларусі і не будзе расці. Прамысловая вытворчасць і сельская гаспадарка ў заняпадзе, збываць прадукцыю няма каму і няма куды - мы страцілі рынкі збыту. У 1999 годзе, калі фактычна ўся краіна вывозіла тавар за мяжу, наладжвала рынкі збыту, з'явіўся нарматыўны дакумент аб забароне вывазу тавараў за межы Рэспублікі Беларусь пад пагрозай канфіскацыі транспартных сродкаў. Грамадзяне проста на заводах закуплялі тавары, сыравіну, нешта выраблялі і вывозілі прадукцыю за мяжу. Забарона на вываз тавараў прывяла да затаварвання складоў прадпрыемстваў, рынкі збыту згубленыя. Вялікую негатыўную ролю ва ўсім гэтым адыгралі беларускія гандлёвыя дамы, якія ў 90-я гады былі вельмі развіты. Але праз іх ішлі «ценявыя» плыні тавараў.

ВУП складаецца з дзейнасці маленькіх людзей - час буйных прамысловых прадпрыемстваў прайшоў. Колькі грошай укладзена ў дрэваапрацоўку ($4 млрд!), а на выхадзе - нуль. Не бачу поспехаў ільнаводчай галіны. У сельскую гаспадарку за 20 гадоў укладзена $50 млрд! Дай фермерам хаця б дзясятую частку гэтай сумы, цяпер кошты прадуктаў былі б, як у Польшчы. Рэнтабельнасць прыватных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вышэйшая ў два-тры разы, чым у дзяржаўных. Даўшы калгасу крэдыт, дзяржава ў канцы года яго спісвае. У прыватнікаў не спісала б.

Які наогул сэнс нарошчваць ВУП, збіраць з прадпрымальнікаў падаткі, калі гэтыя грошы трацяцца ў нікуды? Так што ВУП у Беларусі расці не будзе: не створаныя пункты росту.

Леў Марголін, эканаміст:

- Думаю, беларуская эканоміка ў агляднай будучыні не будзе ніяк развівацца. Што такое развіццё? Гэта - грошы на новае абсталяванне, новыя тэхналогіі, на перакваліфікацыю работнікаў. А калі грошай няма або іх бракуе, то ніякага развіцця няма - дай Бог падтрымаць існы ўзровень. Як вядома, той, хто не ідзе наперад, рана ці позна пачынае адставаць.

Адсотак росту, які прагназуюць міжнародныя арганізацыі, не сведчыць пра сапраўдны рост - з улікам пакупніцкай здольнасці, з улікам інфляцыі. У беларускіх рублях рост можа складаць і 5-6%, а напраўду яго няма.

Да таго ж 1,8% - паказчык на ўзроўні статыстычнай хібнасці: дзе адзін адсотак, там і нуль. Краіну чакае стагнацыя, якая, як іржа: спачатку, можа, і не моцна прыкметная, але паступова-паступова ўсё раз'ядае.

Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія»:

- Калі ўсё застанецца як ёсць, эканоміка будзе паўзці па-пластунску. Калі адважацца на рэформы, канкурэнтныя, тэхналагічныя, тады яна паедзе, як ровар у Міколкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках