19 красавiка 2024, Пятніца, 23:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Селін: Чалавек жалезных перакананняў Алег Бябенін заставаўся сваім братам-журналістам

Павел Селін: Чалавек жалезных перакананняў Алег Бябенін заставаўся сваім братам-журналістам
ПАВАЛ СЕЛІН
ФОТА: CHARTER97.ORG

Вядомы расейскі журналіст - пра заснавальніка сайта Charter97.org.

Сёння заснавальніку сайта Charter97.org Алегу Бябеніну споўнілася б 45 гадоў.

Расейскі журналіст Павел Селін падзяліўся ўспамінамі пра Алега Бябеніна:

- Хачу пачаць з моманту, які запомніўся мне больш за ўсё. Калі мяне ў 2003 годзе дэпартавалі з Беларусі, адзін з самых кранальных момантаў адбыўся на пероне вакзала ў Менску падчас развітання. Там сабралася вялікая колькасць людзей - як маіх знаёмых, так і зусім незнаёмых, больш за сто чалавек.

Адзін з самых запамінальных момантаў - гэта тое, як Алег накінуў мне на плечы ярка-зялёную майку з надпісам «Тэрыторыя, свабодная ад лукашызму». Я гэтую майку дагэтуль захоўваю і берагу як адзін з самых любімых артэфактаў майго беларускага жыцця. Мы дамовіліся, што роўна праз пяць гадоў 29 чэрвеня 2008 года, калі ў мяне скончыцца тэрмін дэпартацыі, мы зноў сустрэнемся на гэтым вакзале.

І адным з тых, хто праз пяць гадоў прыйшоў мяне сустракаць, як дамаўляліся, быў Алег Бябенін. Ён стрымаў сваё слова. Ён прыйшоў на сустрэчу са сваім маленькім сынам на плячах.

Гэтыя два моманты ўрэзаліся мне ў памяць: 29 чэрвеня 2003 года, майка «Тэрыторыя, свабодная ад лукашызму» на плячах - і Алег, які сустракае мяне праз пяць гадоў.

У гэтым быў ён увесь. Чалавек жалезнага, гранітнага слова і моцных перакананняў з аднаго боку, і неймаверна вясёлы, з гумарам, адкрыты - з другога. Тое, як у ім гэта ўжывалася, захапляе мяне дагэтуль. Каб такі вясёлы, адкрыты, хлопец з гумарам быў такім нягнуткім і цвёрдым.

Ён быў настолькі перакананы ў сваёй праваце, што гэта, як мы ведаем, і прывяло яго, на жаль, да такога трагічнага канца. Я дагэтуль упэўнены, што адбылося забойства - ніхто ніколі ў жыцці мяне не пераканае, што ён мог учыніць суіцыд. Усё гэта такое бязглуздае, прыцягнутае за вушы - усе гэтыя так званыя «доказы». Я ўпэўнены, што яго забілі - і забілі за ягоныя перакананні. За тое, што ён не пайшоў на кампраміс і ішоў да канца.

Я вельмі спадзяюся, што рана ці позна - вельмі хочацца, каб рана - забойцы і заказчыкі былі знойдзеныя і пакараныя адпаведным чынам. Дыктатура не вечная. Калі-небудзь і яна скончыцца - і тады тыя, хто забіў Алега, панясуць пакаранне. Я вельмі спадзяюся, што гэта будуць менавіта тыя людзі, якія аддалі загад. А я мяркую, што гэта - хто-небудзь з вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.

Для мяне гісторыя з Алегам, мабыць, самая трагічная з маіх беларускіх гісторый. Мы з ім былі вельмі дружныя і былі настолькі на адной хвалі, што разумелі адзін аднаго з першага слова. Страшная вестка аб ягонай смерці калісьці вельмі моцна і надоўга выбіла мяне з каляіны.

Стала адразу ясна і зразумела, што тыя выбары 2010 года будуць вельмі трагічнымі. Калі так усё пачынаецца, то нічым добрым гэта не можа скончыцца - што, уласна, і адбылося з маімі сябрамі: Наталляй Радзінай, Андрэем Саннікавым, Ірынай Халіп, Змітром Бандарэнкам.

Для мяне вельмі важным было тое, што Алег, які займаўся апазіцыйнай і палітычнай дзейнасцю, заставаўся пры гэтым сваім братам-журналістам. Ён заўсёды ў першую чаргу даваў выключна праўдзівую інфармацыю. І ягоная трагічная смерць - гэта расплата у тым ліку і за ягоную журналісцкую дзейнасць. Магчыма, нават у першую чаргу - за журналісцкую.

Напэўна, не змагу пералічыць усіх момантаў, звязаных з Алегам - кранальных і жудасных, душэўных і страшных... Памятаю, што падчас усіх гэтых «хапуноў» я жудасна за яго баяўся - калі яго хапалі не шкадуючы і арыштоўвалі. Я разумеў: гэта такі ж, як і я чалавек, фактычна мой аднагодак - і вось цяпер яго на маіх вачах цягнуць у аўтазак. Я вельмі перажываў і ў той жа час захапляўся ягоным уменнем зрабіць крок наперад, выйсці з голымі рукамі супраць гэтых узброеных да зубоў «касманаўтаў» з дубінкамі. Гэта была ўзрушаючая мужнасць. Не ведаю – ці змог бы я так... А Алег заўсёды быў наперадзе - на ўсіх мітынгах і шэсцях. І гэта захапляла.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках