28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менскі «дармаед»: Хачу, каб улады ад мяне адчапіліся

15
Менскі «дармаед»: Хачу, каб улады ад мяне адчапіліся
Фота: bortnikau.livejournal.com

Мянчук блізу паўгода спрабуе дамагчыся выключэння сябе з базы «дармаедаў», а суд яму адмаўляе.

Суд Маскоўскага раёна Менска паўторна адмовіў менчуку Ігару Якшэвічу ў распачынанні справы аб прызнанні дзеянняў адміністрацыі Маскоўскага раёна неправамернымі, якія парушаюць ягоныя правы. Мянчук блізу паўгода спрабуе дамагчыся выключэння сябе з базы «дармаедаў», паведамляе praca-by.info.

«Праца - маё права, а не абавязак»

Ігара Якшэвіча ўключылі ў спіс «грамадзян, не занятых у эканоміцы». Ён разам з маці-пенсіянеркай жыве ў трохпакаёвай кватэры, у панэльным доме. Пасля таго, як мужчыну ўнеслі ў «базу дармаедаў», камунальныя аплаты значна выраслі.

- Ужо шмат гадоў працую ў будаўніцтве. Так, неафіцыйна, як і многія беларусы. Праца - гэта маё права, а не абавязак. Мне ад дзяржавы нічога не трэба, я хачу, каб ад мяне адсталі, - падкрэслівае Ігар Якшэвіч.

«У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 245 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса РБ суддзя адмаўляе ў распачынанні справы ў сувязі з адсутнасцю ў заяўніка права на зварот у суд, калі пазоўная заява не падлягае разгляду ў судах з прычыны яе непадведамаснасці», - адзначаецца ў вызначэнні суддзі Маскоўскага раёна Арцёма Русака.

Ігар Якшэвіч ужо па другім колу спрабуе ў судовым парадку давесці дзяржаве, што ён не з'яўляецца «дармаедам». Першы раз суд Маскоўскага раёна адмовіў менчуку ў завядзенні справы на тую ж прычыну - праз непадведамаснасць суду.

Канстытуцыйны суд у адказе на скаргу Ігара Якшэвіча паказаў, што «для грамадзян у Рэспубліцы Беларусь устаноўлены ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя». І нагадвае, што «правасуддзе ў грамадзянскіх справах ажыццяўляецца толькі судом агульнай юрысдыкцыі». Фактычна менчуку загадана спачатку прайсці ўсю судовую сістэму - знізу да верху, і толькі потым накіроўваць інфармацыю ў Канстытуцыйны суд, які вывучыць пытанне «аб наяўнасці падстаў для распачынання Канстытуцыйным судом вядзення паводле справы аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці».

Цяпер Ігар Якшэвіч накіраваў у Менгарсуд скаргу на вызначэнне суда Маскоўскага раёна, якое вынес Арцём Русак.

«Мяне вінавацяць, і нават не даюць абараняцца»

- З красавіка мне ўжо налічваюць падвышаныя тарыфы за падагрэў вады, хоць я абскарджваю статус «дармаеда» ў судзе. Я размаўляў з сакратаром камісіі ў садзейнічанні занятасці. У кватэры прапісаны я з маці. Маці налічваюць за падагрэў вады па 2,5 рубля, мне - болей за 14 рублёў.

Я даводжу ўладам, што Канстытуцыю ніхто не касаваў, а Канстытуцыя забараняе прымусовую працу. Мне ў адказ на гэта: ёсць на гэты конт пастанова Савета міністраў - і нічога ім не давядзеш. Я працую, але нікому не збіраюся казаць, дзе я працую. Я хачу давесці справу да суду: мне вельмі цікава, як улады законна абгрунтуюць свой пункт гледжання ў судзе? - распавёў Ігар Якшэвіч.

«Вярхоўны суд павінен сабраць Пленум»

Сітуацыю пракаментаваў лідар прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч:

- Як часта бывае ў Беларусі, штучна ствараецца патавая сістэма. Дэкрэт «аб дармаедах» свядома не прадугледжвае парадак абскарджвання пастаноў раённых камісій у садзейнічанні занятасці (мясцовых адміністрацый). Раённыя суды гэтым карыстаюцца і даюць адпіскі грамадзянам, што гэта не падведамасна суду.

- Аднак артыкул 60 Канстытуцыі кажа пра тое, што кожнаму грамадзяніну гарантуецца абарона ягоных правоў і свабод непрадузятым судом і ў прадугледжаныя законам тэрміны. Фактычна, суд павінен разгледзець усякі зварот грамадзяніна, а не даваць адпіску праз сакратара суда; выслухаць пазоўніка, пры неабходнасці - ягонага абаронцу, прыняць пастанову і даць матывіровачную частку. А фактычна, мала які дэкрэт не дае тлумачэнняў, як абскардзіць яго наступствы? Суддзі абавязаныя кіравацца ў першую чаргу Канстытуцыяй. Напрошваецца выснова: як мага хутчэй сабраць Пленум Вярхоўнага суда, растлумачыць суддзям іх кампетэнцыю ў дачыненні да заяў грамадзян, якія належаць да рэалізацыі дэкрэта №1 у Беларусі. Такія прапановы, зыходзячы з практыкі адказаў раённых судоў, мы накіруем у Вярхоўны суд найбліжэйшым часам, - пракаментаваў Генадзь Фядыніч.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках