19 красавiка 2024, Пятніца, 4:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што вы не ведалі пра новага міністра аховы здароўя

31
Што вы не ведалі пра новага міністра аховы здароўя
УЛАДЗІМІР КАРАНІК

Цікавыя факты пра Уладзіміра Караніка.

Ураджэнец Гародні з 2011 года з'яўляўся галоўным лекарам Менскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера. Уладзімір Каранік свядома адышоў ад працы ў аперацыйнай, бо меркаваў, што праз развязанне арганізацыйных пытанняў будзе мець недастаткова практыкі, што можа адбіцца на ягоных хірургічных здольнасцях, піша udf.by.

Павесіў на дзвярах кабінета аб'яву з нагоды дароў з боку пацыентаў

Паведамленне абвяшчала: «Уваход з торбамі і пакетамі забаронены».

У аўторак падчас прызначэння Караніка міністрам Аляксандр Лукашэнка паставіў перад ім задачу навесці парадак у сістэме аховы здароўя, каб не дапускаць карупцыйных праяў.

Актыўна размаўляе праз мабільны тэлефон, адказвае на ўсе званкі

Каранік распавядаў журналістам некалькі месяцаў таму: «Дзеля цікавасці наважыў падлічыць, колькі разоў на дзень бяру ў рукі тэлефон, каб адказаць на выклік ці самому патэлефанаваць. Калі дайшоў да сотні, кінуў гэты занятак. Свой нумар тэлефона ніколі не мяняў і не ўтойваў. Мяне знаходзяць нават пацыенты, якіх лячыў яшчэ ў РНПЦ анкалогіі і медрадыялогіі: штосьці пытаюць, удакладняюць і проста віншуюць з прафесійным святам».

Пасля прызначэння міністрам журналісты таксама змаглі датэлефанавацца да Караніка і задаць пытанні.

Уважае рак за бізун нацыі

Захворванне на анкалогію ў Беларусі з кожным годам павялічваецца. Уладзімір Каранік тлумачыць гэта не дрэннай экалогіяй або наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а павелічэннем працягласці жыцця.

Лукашэнка хваліў працу дыспансера пад ягоным кіраўніцтвам

Пры тым, што захворванні на анкалогію павялічыліся, паміраць ад яе ў Менску сталі радзей. Колькасць памерлых значна не вырасла, хоць колькасць тых, хто захварэў, з 2000 года практычна падвоілася.

Паўтара гады таму Менскі анкадыспансер наведаў дыктатар.

«Ім Нобелеўскую прэмію трэба даваць, яны ўсіх тут вылечваюць», - заявіў Лукашэнка.

Можа выявіцца самым высокім міністрам

Мяркуючы з фатаграфій, Каранік прыкметна вышэйшы за Лукашэнку. Звестак аб ягоным росце ў адкрытым доступе няма, затое вядомы рост дыктатара - 1 метр 88 сантыметраў.

На просьбу пацыентаў складаў экзатычныя даведкі

Уладзімір Каранік распавядаў аб забабонах пацыентаў, пад націскам якіх ён складаў даведкі, якія іншым маглі б здацца дзіўнымі.

Мужчына з вёскі пасля аперацыі на лёгкіх папрасіў напісаць даведку, што ён не заразны для свойскіх птушак. Справа ў тым, што ягоная жонка меркавала, што ад кашлю і пляўкоў мужа дохнуць куры.

Жанчына са сферы гандлю папрасіла скласці даведку аб адсутнасці ў яе злаякаснай пухліны. Усё праз тое, што калегі асцерагаліся заразіцца і не садзіліся з ёй за адзін стол.

Прытрымліваецца пераканання, што ляжанне ў лякарні не лечыць

Пры значным росце колькасці хворых Менскі анкалагічны дыспансер сутыкнуўся з некаторымі праблемамі ў колькасці ложкавых месцаў. Галоўны лекар узяў курс на скарачэнне тэрмінаў шпіталізацыі.

«Прытрымліваемся пастулату - ложак не лечыць. Хворага чалавека трэба пакласці ў клініку, надаць яму медыцынскую дапамогу, пасля чаго, калі неабходнасць у стацыянарнай дапамозе адпадае, выпісаць на далейшае лячэнне альбо ў нашай паліклініцы, або па месцы жыхарства», - распавядаў Каранік.

Можна дапусціць, што на пасадзе міністра аховы здароўя гэты курс ён прадоўжыць у маштабах краіны.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках