29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фотарэпартаж: Як прайшоў Дзень Польшчы ў Менску

3
Фотарэпартаж: Як прайшоў Дзень Польшчы ў Менску
ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Танцы, бігас і Лайконік.

Ужо традыцыйна ў суботу Верхні горад у Менску святкуе: пасля дзён швэдскай і расейскай культур пляцоўка прымае фестываль польскай культуры. Праграма, арганізаваная Інстытутам Польшчы, ўключае выступы спевакоў і танцораў, віктарыны і адукацыйную частку.

Урачыстасць распачалася з карнавальнага шэсця Лайконіка - барадатага наезніка на бутафорскім кані са світай. Традыцыя бярэ карані з XIII стагоддзя, з аблогі татарамі Кракава, або, паводле іншай версіі, з яшчэ больш ранніх паганскіх абрадаў. Грозны з выгляду Лайконік не мае нічога супраць здымкаў з гасцямі імпрэзы.

СВІТА ЛАЙКОНІКА. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі ў каментары для «Белсата» адзначае, што ў багатай праграме вылучае музычную частку:

«Я вельмі рады, што сёння ў праграме ёсць музыка Манюшкі, бо ў гэтым годзе адзначаецца 200-годдзе Станіслава Манюшкі, а мы знаходзімся ў Менску, у месцы, непасрэдна звязаным з ягонай асобай. Ён нарадзіўся за 50 кіламетраў адсюль, а свята сёння праходзіць на месцы, дзе ён хадзіў у гімназію, каля касцёла, які ён наведваў падчас свайго знаходжання ў Менску».

ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Амбасадар не сумняваецца, што, нягледзячы на блізкасць беларускай і польскай культур, на Дні Польшчы беларусы могуць адкрыць для сябе нешта невядомае: «Фальклор адрозніваецца нават паміж рэгіёнамі, напрыклад, кракаўскі фальклор адрозніваецца ад кашубскага. Кожны мае сваю культуру, сваю мову. Мы розныя, але блізкія адзін аднаму.

Думаю, вельмі важна, каб палякі і беларусы знаёміліся зноў. У мяне ёсць адчуванне, што, хоць мы жывём побач, з многіх прычын, пра якія мы ўсе ведаем, мы яшчэ не пазнаёміліся адзін з адным як мае быць».

ПАСОЛ ПОЛЬШЧЫ Ў БЕЛАРУСІ АРТУР МІХАЛЬСКІ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Са сцэны побач з Артура Міхальскім стаіць намеснік старшыні Менгарвыканкама Арцём Цура, пад сцэнай парадак ахоўваюць міліцыянты, а непадалёк на ўсялякі выпадак стаіць аўтазак.

ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Пакуль адны ацэньваюць традыцыйны для суседзяў бігас, запіваючы халодным квасам з бочкі, іншыя накіроўваюцца па духоўную ежу: у белым шапіку ў «моўна-адукацыйнай» зоне можна бясплатна ўзяць кнігу на польскай мове. «Хутчэй за ўсё раздалі кніжкі пра гісторыю», - кажа працаўнік лінгвістычнай школы, якая скарысталася Днём польскай мовы для прамоцыі сваіх паслуг.

ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Асабліва Дня Польшчы чакалі аматары кніг Януша Леона Вішнеўскага. Адзін з найбольш вядомых сучасных пісьменнікаў суседняй краіны, аўтар бэстсэлера «Адзінота ў сеціве», адказаў на пытанні мадэратаркі сустрэчы Валярыны Куставай. Бліжэй да 22-й гадзіны чакаецца выступ іншых зорак - гурта «Golden Life», што грае музыку на мяжы стыляў поп, рок і кантры.

ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ
ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ
ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ Ў МЕНСКУ. ФОТА - ІРЫНА АРАХОЎСКАЯ, БЕЛСАТ

Праз тыдзень Верхні горад будзе забаўляцца пад брытанскія мелодыі: са слоў амбасадара Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёны Гіб, свята пройдзе з асаблівым размахам, бо супадзе з часам правядзення Еўрапейскіх гульняў, а значыць, гасцямі Брытанскага фэсту стануць у тым ліку заўзятары і спартоўцы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках