23 красавiка 2024, aўторак, 17:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белсат»: Замест «зайчыкаў» будуць расейскія рублі?

24
«Белсат»: Замест «зайчыкаў» будуць расейскія рублі?
ФОТА: SOSTAV.RU

Жыхары Менска выказаліся супраць адзінай валюты з РФ.

Расея і Беларусь узгаднілі 90% праграмы паглыбленай інтэграцыі - заявіў расейскі міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін пасля перамоў з беларускім калегам Дзмітрыем Крутым у Маскве. А на наступным тыдні, падчас сустрэчы прэм'ер-міністраў у Менску, высокія чыноўнікі дзвюх краін будуць адпрацоўваць дарожную карту інтэграцыі, дадаў Арэшкін, паведамляе «Белсат».

Напярэдадні старшыня Цэнтрабанка Расеі пацвердзіла, што ідуць перамовы аб стварэнні адзінай валюты, але без падрабязнасцяў.

«Што да перамоў з Беларуссю, яны сапраўды вядуцца, але на вельмі пачатковай стадыі. Я нагадаю, што ў нас у саюзнай дамове гаворка ішла пра магчымы пераход і да адзінай валюты. Але мы яшчэ на пачатковай стадыі абмеркавання», - заявіла Эльвіра Набівуліна.

Афіцыйны Менск пакуль ніяк не пракаментаваў заявы Набівулінай. А што думае пра адзіную з Масквой валюту беларускае грамадства?

Вось што мяркуюць жыхары і госці Менска:

«Гэта дадатковыя выдаткі. Гэта трэба будзе выдаць грошы, а гэтыя грошы ўзяць з абарачэння, надрукаваць дадатковыя - навошта?»

«Гэта будзе новы вагар ціску Расеі на Беларусь - адзіная фінансавая сістэма».

«Гэта будзе азначаць, што дзяржава ў нас будзе адзіная, што мне абсалютна не падабаецца».

«Мы за суверэнітэт. Ніякай супольнай валюты».

Супраць фінансавага аб'яднання з Расеяй ёсць чыста эканамічныя прычыны.

«Развіццё эканомікі Расеі затармазілася, і Беларусі таксама. І прагнозы не вельмі прыемныя для эканомікі і расейскай, і беларускай. Таму цяжка чакаць устойлівасці валюты», - папярэджвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Але палітыка перш за ўсё. Для ўладаў Расеі далейшая інтэграцыя з Беларуссю азначае адзіную валюту, і гэта павінен быць расейскі рубель, падкрэслівае палітолаг Валер Карбалевіч. А для беларускага кіраўніцтва такі варыянт абсалютна непрымальны, бо адмова ад нацыянальнай валюты азначае страту значнай часткі незалежнасці.

«Весці самастойную макраэканамічную палітыку Беларусь будзе на ўзроўні расейскай губерні», - прагназуе палітолаг Валер Карбалевіч.

Пра перамовы аб пераходзе да адзінай валюты ў межах так званай саюзнай дзяржавы роўна тыдзень таму падчас форуму ў Санкт-Пецярбургу заяўляў усё той жа Арэшкін. Расейскі міністр падкрэсліў, што гэта прэзідэнцкі ўзровень абмеркавання. Акурат учора Пуцін і Лукашэнка сустракаліся на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Бішкеку, але размаўлялі яны пра адзіны рубель, грамадзян не праінфармавалі. Закрытасць і нават сакрэтнасць замежнапалітычнай дзейнасці ўладаў - прыкмета дыктатуры як у Маскве, так і ў Менску, мяркуе Карбалевіч:

«Лукашэнка, як сярэднявечны феадал, князь. Як ён са сваімі падданымі можа абмяркоўваць пытанні палітыкі?»

З афіцыйных паведамленняў, інтэграцыйных перамоў кіраўнікі Расеі і Беларусі не праводзілі, была толькі кароткая гутарка пра сённяшнюю сітуацыю і дамоўленасць яшчэ сустрэцца. Затое сустрэчы з іншымі прэзідэнтамі ў Лукашэнкі былі больш працяглымі і змястоўнымі.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках