22 лiпеня 2019, панядзелак, 5:09
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Экс-дырэктар ЧАЭС пра серыял «Чарнобыль»: Як вы можаце такія рэчы паказваць?!

54
ІГАР ГРАМАТКІН

Чыноўнік абурыўся тым, як падалі «подзвіг савецкага народа».

Былы дырэктар Чарнобыльскай АЭС Ігар Граматкін у інтэрв'ю каналу «Россия 24» выступіў з крытыкай серыяла «Чарнобыль», які распавядае гісторыю самай буйной аварыі ў сусветнай гісторыі ядзернай энэргетыкі, якая адбылася 26 красавіка 1986 года.

Ён заявіў, што рэальнасць была страшнейшай, чым гэта было паказана ў серыяле. Але яго абурыла тое, як гэта было паказана: «Палова персаналу станцыі паказаная ідыётамі, а кіраўніцтва станцыі наогул проста дэбілы».

«Мала таго што там [у серыяле] усе людзі са шклянкамі гарэлкі бегаюць, бясконца п'юць. Але ж гэта не так! Важнейшыя, прынцыповыя пастановы аб бяспецы прымаліся ў п'яным чадзе, ці што? Вы што сабе дазваляеце? Як вы можаце такія рэчы паказваць?! А апафеоз усяго гэтага - голыя шахцёры, якія капаюць тунэль. Так, сапраўды, умовы былі невыносныя, тэмпература была вышэйшай за 50 градусаў, людзі працавалі ў вельмі складаных умовах. Але так паказваць нельга!» - заявіў Граматкін.

Ён назваў ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС «подзвігам савецкага народа», які ў серыяле паказаны так, як быццам «п'яныя абарыгены бегалі і нешта вычваралі».

«Гэта плявок для нашых атамшчыкаў у твар», - рэзюмаваў ён.

«Гэта перамога ўсяго савецкага народа. Савецкага народа, які здзейсніў подзвіг, подзвіг! І нам нельга яго забалбатаць, даць яго забалбатаць. Пад выглядам мастацкага фільма, алегорыі ці яшчэ чагосьці. Мы не павінны гэтага дапусціць», - заклікае экс-дырэктар ЧАЭС.

Ігар Граматкін узначальваў станцыю з 2005 да 2018 года, а ўсяго прапрацаваў на ёй 30 гадоў пачынаючы з 1988 года. У ліпені 2018 году ён падаў у адстаўку з пасады гендырэктара ЧАЭС з-за канфлікту з кіраўніцтвам Міністэрства экалогіі Украіны, нагадвае tut.by.

Серыял НВО "Чарнобыль" зняў рэжысёр Ёхан Рэнк паводле сцэнару Крэйга Мазіна, які старанна вывучыў гісторыю катастрофы, у тым ліку праз успаміны сучаснікаў. Ён распавядае пра гісторыю аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе, пра эвакуацыю жыхароў Прыпяці і ліквідацыю наступстваў катастрофы, выйшаў на экраны ў 2019 годзе. Серыял прадэманстраваў высокія рэйтынгі (9,6 к рэйтынгу IMDB і ганаровае 1-е месца), абышоўшы паводле папулярнасці культавыя «Ва ўсе цяжкія» (2008-2013) і нядаўна скончаную «Гульню пасадаў» (2011-2019).