20 красавiка 2024, Субота, 9:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Някляеў: Лукашэнка ці то баіцца беларусаў, ці то не давярае ім

6
Уладзімір Някляеў: Лукашэнка ці то баіцца беларусаў, ці то не давярае ім
УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ

Адзін з лідараў БНК пракаментаваў кадравыя перастаноўкі ў беларускім МУС.

Паэт і былы палітвязень Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info аб сваім жыцці і працы ў Швэцыі, а таксама пракаментаваў кадравыя змены ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Як вядома, Уладзімір Някляеў атрымаў двухгадовую швэдскую стыпендыю і ўжо блізу месяца знаходзіцца ў горадзе Лунд.

«Прапанова паўдзельнічаць у праграме паступіла ўжо даўно, але ніяк не мог выбрацца, - распавёў палітык. - То арыштоўвалі, то ўзнікалі нейкія іншыя справы. Але нарэшце, азірнуўшыся вакол, я паглядзеў на тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, за якую ў мяне насамрэч баліць сэрца, і наважыў выкарыстаць магчымасць узяць палітычны тайм-аўт, для таго каб дарабіць свае справы.

А раней проста не было часу на літаратурныя справы. Я аддаў у часопіс «Дзеяслоў» першую частку рамана пра Янку Купалу, але потым мы вызначылі, што лепш друкаваць усё разам. Для гэтага раман давялося перарабляць, і ператварэнне пацягнула за сабой змену зместу, а гэта вельмі вялікая праца. І я проста не знаходзіў дома на гэта часу. Таму гэта была адна з галоўных прычын, чаму я з'ехаў у Швэцыю.

Акрамя таго, ёсць яшчэ адна немалаважная прычына. Пасля таго, як у снежні 2010 года мяне збілі сілавікі, пасля ўтрымлівалі ў ізалятары КДБ, у мяне паўсталі праблемы медыцынскага характару. А ў Швэцыі таксама прапанавалі прайсці медыцынскі агляд, а медыцына там на самым высокім узроўні. І, дарэчы, абсалютна бясплатная».

Уладзімір Пракопавіч уважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі і змену міністра ўнутраных спраў каментуе так:

- Тое, што Ігар Шуневіч пакінуў пасаду міністра ўнутраных спраў, а на ягонае месца прыйшоў Юрый Караеў, фактычна нічога не мяняе. Мы маем паліцэйскую дзяржаву, якая застаецца паліцэйскай заўсёды. У гэтай паліцэйскай дзяржаве адну агароджу можна прыбраць на час правядзення Еўрапейскіх гульняў, але, калі яны скончацца і пачнецца нармальнае жыццё, то агароджы вяртаюць.

Пакуль не зменіцца сама сістэма, ніякія частковыя змены нічога не вызначаюць. Так што ў мяне пасля кадравых перастановак у МУС не ўзнікла нейкіх спадзяванняў на лепшае. Змяняюцца толькі дэкарацыі, а ўсё астатняе - абсалютна тое ж самае.

- Але былы міністр Ігар Шуневіч быў занадта адыёзны...

- Так, ягоныя паводзіны і дзеянні нярэдка выклікалі пытанні, хоць я не магу сказаць, што ўяўляе сабой і новы міністр. Мы ж таксама яго не ведаем, але ведаем іншае. Практычна ўсе міністры ўнутраных спраў Беларусі нарадзіліся не ў Беларусі. Шуневіч з Луганску, Караеў з Асеціі...

Можна заўважыць, што ўвогуле сілавое асяроддзе Лукашэнкі складаецца не з беларусаў. Такое ўражанне, што беларускі дыктатар ці то баіцца беларусаў, ці то існуе нейкі недавер да тых людзей, якія нарадзіліся на гэтай зямлі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках