29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна прапанавала Малдове імпартаваць газ з ЕЗ без удзелу «Газпрома»

3
Украіна прапанавала Малдове імпартаваць газ з ЕЗ без удзелу «Газпрома»

Дзеянне ранейшага пагаднення заканчваецца ў канцы года.

Кампанія «Укртрансгаз» прапанавала Малдове выкарыстоўваць магчымасці ўкраінскай газатранспартнай сістэмы (ГТС) і імпартаваць газ з Еўразвязу праз яе, каб расейскі «Газпром» у гэтай схеме не ўдзельнічаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце «Укртрансгаза». Адпаведная прапанова, паводле інфармацыі прэс-службы, была накіраваная Малдове яшчэ вясной. Вядома пра яе стала толькі 14 чэрвеня. У Кішынёве гэтую інфармацыю пакуль ніяк не каментавалі.

Такая ініцыятыва, адзначылі ва ўкраінскай кампаніі, з'явілася «ў сувязі з затрымкай будаўніцтва інтэрканектара Румынія - Малдова» (гаворка ідзе аб альтэрнатыўным газаправодзе для злучэння з газатранспартнай сеткай Румыніі, які Малдова будуе пры падтрымцы ЕЗ). Гэта, упэўненыя ва «Укртрансгазе», «ставіць малдаўскі бок у залежнасць ад чарговых перамоваў з «Газпромам».

Каб мінімізаваць «патэнцыйныя рызыкі, звязаныя з магчымым перарываннем транзіту прыроднага газу з Расеі, і гарантаваць бяспеку паставак газу малдаўскім спажыўцам», у Кіеве заявілі пра гатоўнасць дапамагчы Малдавіі імпартаваць газ па ўкраінскай ГТС, адзначаецца ў паведамленні.

Апошняя сёння, паказалі ў прэс-службе, «забяспечвае гнуткае і надзейнае транспартаванне вялікіх аб'ёмаў газу ў Еўропу канкурэнтаздольнымі коштамі».

Акрамя таго, «Укртрансгаз», распавялі ў прэс-службе, прапанаваў Малдове стварыць ва ўкраінскіх падземных сховішчах уласны «страхавы запас газу». У Кіеве мяркуюць, што гэтай зімой ён зможа забяспечыць бесперабойныя пастаўкі газу малдаўскім спажыўцам. Агулам уся магутнасць у пунктах злучэння паміж Малдовай і Украінай, дадалі ў кампаніі, дазваляе транспартаваць да 15 млн куб. м газу на дзень.

Дзейны газавы кантракт Малдовы з «Газпромам» заканчваецца 31 снежня 2019 года. Летам мінулага года малдаўскі міністр эканомікі і інфраструктуры Кірыл Габурыч сцвярджаў, што новую дамову з расейскай кампаніяй Кішынёў не будзе ўкладаць датуль, пакуль не будзе пабудаваны газаправод Кішынёў - Унгены. «Мы вельмі хочам, каб у нас як мага хутчэй з’явіўся даступны альтэрнатыўны газ. Тады ўзнікне канкурэнцыя і ўсе будуць змагацца за нас як кліента», - адзначаў ён.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках