18 жнiўня 2019, Нядзеля, 6:46
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

«У завода АКБ цяпер столькі вылезла ўсяго, што ў іх галава кругам ідзе»

25
«У завода АКБ цяпер столькі вылезла ўсяго, што ў іх галава кругам ідзе»
ФОТА: B-G.BY

Берасцейцы выйшлі на акцыю пратэсту, нягледзячы на прыпыненне будаўніцтва акумулятарнага завода.

Удзень 16 чэрвеня на плошчы Леніна ў Берасці прайшло традыцыйнае кармленне галубоў у знак пратэсту супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода. На гэты раз на плошчы сабраліся амаль 300 чалавек. Большасць з іх потым прайшліся маршам цэнтральнымі вуліцамі горада. Галоўнай тэмай, якая абмяркоўвалася, стала пастанова кіраўніка вобласці Анатоля Лісa аб прыпыненні завода да ліквідацыі парушэнняў, паведамляе «Брестская газета».

«Хочацца верыць, што гэта не спектакль, што ў кабінетах падтрымаюць, пачнуць усё правяраць-пераправяраць і дойдуць да праўды», - сказаў адзін з удзельнікаў пратэсту.

«У «АйПаўэра» цяпер столькі вылезла ўсяго, што ў іх галава кругам ідзе. Ніхто не дасць ім заканадаўства пад сябе перарабляць. Завод закрыюць адназначна. Пытанне толькі ў тэрміне - мажліва, праз тыдзень, мажліва, праз два месяцы. Ён усім невыгодны: уладзе, дзяржаве. Ён нам не выгадны», - мяркуе актывіст Алег Вялаў.

ФОТА: B-G.BY

Будаўніцтва акумулятарнага завода на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у СЭЗ «Брэст» пачалося ў канцы 2017 года. Яго запуск першапачаткова планаваўся ў жніўні 2018 года, потым у канцы 2018 года. У 2019 годзе тэрміны таксама не раз падаўжаліся.

ФОТА: B-G.BY

Адначасова з будоўляй у берасцейскім рэгіёне пачалася кампанія супраць з'яўлення ў СЭЗ гэтага прадпрыемства. Цягам усяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час заяўлялі пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода запэўнівалі, што парушэнняў няма, да нядаўніх часоў пра гэта казалі і чыноўнікі.

ФОТА: B-G.BY

З 5 сакавіка 2018 года кожную нядзелю праціўнікі завода выходзяць на плошчу Леніна пакарміць галубоў і тым самым выказаць свой маўклівы пратэст супраць будаўніцтва ў СЭЗ «Брэст» акумулятарнага завода. За гэта многіх з іх не раз затрымлівалі і штрафавалі.

ФОТА: B-G.BY

Кампанія ў барацьбе з заводам ужо стала самым доўгім пратэстам у гісторыі сучаснай Беларусі. Актывісты заяўляюць, што будуць выходзіць на плошчу і несці кругласутачнае дзяжурства каля завода, з фота- і відэафіксацыяй датуль, пакуль прадпрыемства не будзе закрытае.