20 красавiка 2024, Субота, 18:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польшча рыхтуецца да наплыву працоўных з Беларусі

26
Польшча рыхтуецца да наплыву працоўных з Беларусі

У суседнюю краіну едзе шмат хто - ад лекараў да выкладчыкаў.

Заробак у Беларусі ў чатыры разы меншы, чым у Польшчы, а кошт жыцця на аналагічным узроўні. Нездарма тысячы беларусаў эмігруюць на працу ў Польшчу, пры гэтым працоўная міграцыя паскараецца, піша польскае выданне Rzeczpospolita (пераклад - tut.by).

Уцёкі беларусаў на працу ў Польшчу пачаліся два гады таму, адзначае выданне. «Тады з Берасцейскай вобласці на працу выехала ў шэсць разоў больш людзей, чым годам раней. Феномен эканамічнай эміграцыі на Захад рос ужо тры гады, але сёлета ён відавочна паскорыўся. Кошт жыцця ў Беларусі супастаўны з коштамі ў Польшчы, але сярэдні заробак у чатыры разы ніжэйшы», - піша выданне.

За апошнія 2-3 гады колькасць легальных агенцтваў працаўладкавання для набору персаналу для працы ў Польшчы павялічылася ў некалькі разоў, адзначае Rzeczpospolita. Цяпер зарэгістравана больш за 50 такіх кампаній, якія працуюць ва ўсёй Беларусі, і займаюцца найманнем супрацоўнікаў для польскіх працадаўцаў.

Кожны год некалькі тысяч беларусаў з'язджаюць у Польшчу, адзначае выданне і дадае, што да 2017 года Расея была безумоўным лідарам паводле колькасці працоўных мігрантаў з Беларусі. А з гэтага года стала прыкметна расці колькасць тых, хто выехаў на заробкі ў Польшчу.

Rzeczpospolita тлумачыць, што беларусаў у Польшчы вабіць больш высокі заробак. «У гэтым годзе новая з'ява рост эканамічнай эміграцыі спецыялістаў з Беларусі - лекараў, выкладчыкаў і навукоўцаў, - адзначае выданне. - Яны патрэбныя і Польшчы, і прыбалтыйскім рэспублікам - Літве, Латвіі і Эстоніі. Польшча больш прывабная для беларускіх спецыялістаў не толькі праз вялікі рынак працы, але і дзякуючы мове. Беларусы імгненна вучаць польскую мову, здаюць экзамены і часта працуюць паводле прафесіі. Яны таксама гатовыя да ўсялякай працы, проста каб ім плацілі лепш».

Паводле статыстыкі дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС, Польшча займае другое месца паводле папулярнасці ў беларусаў працоўнай міграцыі. У першым квартале гэтага года расейскі рынак працы прыняў, са звестак МУС, 932 чалавекі (годам раней - 1030). На другім месцы паводле колькасці беларускіх працоўных мігрантаў знаходзіцца Польшча (527 чалавек супраць 686 у 2018-м), а на трэцім - Літва (410 супраць 308).

У статыстыцы МУС улічваюцца тыя, хто выехаў за мяжу на працу з падпісанымі дамовамі і кантрактамі праз упаўнаважаныя на працаўладкаванне за мяжой арганізацыі. Тыя, хто самастойна з'ехаў, не зафіксаваныя ў статыстыцы. Таму звесткі краін, у якія з'язджаюць на заробкі, адрозніваюцца ў большы бок паводле колькасці працоўных мігрантаў з Беларусі.

Нагадаем, на беларускім рынку працы расце дэфіцыт рабочых. На пачатак чэрвеня для іх было блізу 54,7 тысячы вакансій, месяцам раней - на 3,8 тысячы менш.

Улады раней неаднаразова ўздымалі пытанне працоўнай міграцыі беларусаў. Да прыкладу, каб утрымаць медыкаў, якія з'язджаюць на заробкі, плануюць падрыхтаваць пастанову, згодна з якой можна будзе даплачваць асобным спецыялістам, якія працуюць у медыцыне, за спецыфіку працы.

Раней прынялі пастанову падняць заробкі будаўнікам, якія з'язджаюць на заробкі. У Мінбудархітэктуры тлумачылі, што ў 2017 годзе амаль 50% ад усіх працаўнікоў, якія з'ехалі на заробкі за мяжу, склалі будаўнікі.

Нагадаем, у лістападзе 2018 года Лукашэнка заявіў, што найважнейшымі задачамі будаўнічай галіны з'яўляюцца захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу. «У апошнія гады ідзе сур'ёзны адток спецыялістаў. За пяць гадоў галіна страціла больш за 50 тысяч рабочых, найлепшых рабочых. Яны з'язджаюць на заробкі за мяжу. Чаму там не відаць нашых падрадчыкаў?» - спытаў дыктатар.

Лукашэнка яшчэ ў жніўні 2018 года звярнуў увагу на праблему нізкіх заробкаў і працоўнай міграцыі. Паводле ягоных слоў, кожны чацвёрты беларус, які з'ехаў на заробкі за мяжу, - з Віцебскай вобласці, паведамляе прэс-служба кіраўніка.

Раней аб праблеме «адчувальнай» працоўнай міграцыі заяўлялі ў Федэрацыі прафсаюзаў.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках