17 красавiка 2024, Серада, 1:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады французскага курорта распавялі пра камяніцы «дачкі Пуціна»

25
Улады французскага курорта распавялі пра камяніцы «дачкі Пуціна»
Фота: Reuters

Апублікаваныя новыя звесткі пра элітную нерухомасць сям'і кіраўніка РФ за мяжой.

Выданне Time апублікавала расследаванне аб нерухомасці сям'і прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна на адным з самых прэстыжных французскіх курортаў Біярыцы, паведамляе Радыё Свабода.

Журналістам удалося знайсці агента нерухомасці Ларэн Вэбер, якая ў 2012 годзе ўклала ўгоду аб куплі палаца з меркаванымі зяцем Пуціна Кірылам Шамалавым і дачкой прэзідэнта Расеі Кацярынай Ціханавай. Са слоў Вэбер, яны асабіста ўкладалі ўгоду.

Згодна з запісам аб уласнасці, атрыманым Time, пакупніком з'яўляецца Шамалаў, а прадаўцом - Генадзь Цімчанка, бізнэсовец з найбліжэйшага атачэння Уладзіміра Пуціна.

Ларэн Вэбер таксама распавяла, што ў мінулым годзе тэлефанавала Шамалаву і пыталася ў яго пра тое, як ёй рэагаваць на павышаную ўвагу да нейкага палацу з боку журналістаў, на што той папрасіў агента "нічога нікому не казаць".

Інфармацыю пра тое, што палац сапраўды належыць Шамалаву і Ціханавай, пацвердзіла намесніца мэра Біярыцы Джаселін Кастэн’ед. Таксама, з ейных слоў, "гараджане часта бачаць, як яны шпацыруюць па рынку".

Яшчэ адна віла, якая належыць блізкім Пуціна, са дадзеных Time, знаходзіцца ў суседнім з Біярыцы мястэчку Англет і цяпер рамантуецца. Згодна з зямельным рэестрам, уладальнікам вілы ў стылі ар-дэко з'яўляецца пецярбуржскі бізнэсовец Артур Ачарэтны - цяперашні муж былой жонкі прэзідэнта Расеі Людмілы Пуцінай. Са звестак СМІ, яны ўступілі ў шлюб у 2015 годзе - праз два гады пасля таго, як муж і жонка Пуціна разышліся.

Расейскі консул у Біярыцы Аляксандр дэ Мілер дэ ла Сэрда распавёў, што былая жонка прэзідэнта Расеі прыязджала на курорт амаль кожны год - як да, так і пасля разводу. Паводле ягоных слоў, ён часта бачыць яе падчас гэтых візітаў за стырном арандаванага аўтамабіля. Спыняецца экс-жонка прэзідэнта альбо ў адным з самых дарагіх гатэляў горада "Мірамар", альбо ў палацы, які, як сфармуляваў консул, "належыць нашаму агульнаму сябру з пецярбуржскага атачэння Пуціна".

Са звестак Time, сам Пуцін таксама любіў прыязджаць у Біярыцы. Улетку 1999 году менавіта падчас адпачынку з сям'ёй на гэтым курорце яму прыйшло "тэрміновае паведамленне з Крамля" аб тым, што тагачасны прэзідэнт Расеі Барыс Ельцын хоча бачыць яго сваім пераемнікам. Расейскі консул у Біярыцы таксама пацвердзіў, што асяродак Пуціна мае асаблівую прыхільнасць да гэтага месца.

У сваю чаргу, выданне Znak.com адзначае, што нерухомасць, набытая ў 2012 годзе меркаваным зяцем Пуціна Кірылам Шамалавым, гэта чатырохпавярховы асабняк на беразе мора плошчай блізу 300 квадратных метраў. Плошча ўсяго надзела - прыкладна за 2000 квадратных метраў. Паводле ацэнкі архітэктара П'ера Фаро, які рамантаваў каманіцу 7 гадоў таму, яе кошт складае больш за тры з паловай мільёны еўраў.

Кірыл Шамалаў, Людміла Пуціна і Артур Ачарэтны не адказалі на запыты Time аб каментарах.

Пра вілу на паўднёвым захадзе Францыі, якая належыць найбліжэйшаму атачэнню Пуціна, упершыню ў лістападзе 2015 года паведаміла агенцтва Reuters. Тады журналісты пісалі, што яна належыць гендырэктару арганізацыі "Інапрактыка" Кацярыне Ціханавай, якую СМІ называюць дачкой Пуціна. Паводле расследаванняў Reuters і Bloomberg, Ціханава замужам за саўладальнікам кампаніі "СІБУР" Кірылам Шамалавым - сынам "аднаго з найстарэйшых сяброў" прэзідэнта Расеі і заснавальнікам банка "Расія" Мікалаем Шамалавым. У 2014 годзе Міністэрства фінансаў ЗША вызначыла банк "Расія" як "асабісты банк" Пуціна і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў. Багацце Кірылы Шамалава часопіс Forbes ацэньвае на 1 мільярд 250 мільёнаў даляраў.

У 2018 году французскія левыя актывісты правялі ля палаца, які СМІ называлі "вілай дачкі Пуціна", акцыю пратэсту. Да брамы дома яны прымацавалі плакаты з надпісамі "ФСБ і КДБ - расейскае гестапа" і "Злодзеі і карнікі - прэч з Біярыцы".

Уладзімір Пуцін афіцыйна не пацвярджаў сваяцтва з Кацярынай Ціханавай і іншай меркаванай ягонай дачкой Марыяй - ён пацвярджаў толькі факт наяўнасці ў яго дачок. Пры гэтым Пуцін ніколі не з'яўляўся на публіцы са сваімі дзецьмі, а афіцыйныя органы Крамля не публікавалі ніводнага іх фотаздымка.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках