20 красавiка 2024, Субота, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Аргентыне і Уругваі адноўлена энэргазабеспячэнне пасля блэкаўта

У Аргентыне і Уругваі адноўлена энэргазабеспячэнне пасля блэкаўта

Прычына блэкаўта ў Аргентыне, Уругваі і шэрагу іншых краін Паўднёвай Амерыкі да дагэтуль застаецца нявысветленай.

Пасля маштабнага блэкаўта, які адбыўся ў Аргентыне і Уругваі пад 7 гадзін раніцы мясцовага часу (13:00 паводле беларускага) у нядзелю, 16 чэрвеня, энэргазабеспячэнне было зноў адноўленае практычна на ўсёй тэрыторыі абедзвюх краін. Пра гэта «Нямецкай хвалі» паведамілі дзве найбуйнейшыя аргентынскія энэргакампаніі Edesur і Edenor, а таксама уругвайская кампанія UTE вечарам у нядзелю паводле мясцовага часу.

Агулам амерыканскія краіны заставаліся без электрычнасці блізу 15 гадзін. Пры гэтым блэкаўтам не была закранутая толькі самая паўднёвая правінцыя Аргентыны - Вогненная Зямля.

У сталіцы Аргентыны Буэнас-Айрэсе цягнікі метро вымушаныя былі спыніць рух аж да вечара нядзелі. Акрамя таго, у горадзе адключыліся ўсе святлафоры, што прывяло да хаосу на дарогах. Пры гэтым лякарні працягвалі атрымліваць электраэнэргію дзякуючы аварыйным генератарам. Паколькі ў паўднёвай кулі Зямлі цяпер пачынаецца зіма, электрычнасць неабходна ў краіне, у тым ліку, для ацяплення.

На сваёй старонцы ў Twitter прэзідэнт Аргентыны Маўрысіё Макры назваў блэкаўт "дагэтуль нябачанай падзеяй". У сваю чаргу, намеснік міністра грамадзянскай абароны Аргентыны Даніэль Русо ў інтэрв'ю мясцовай радыёкампаніі Mitre заявіў, што паводле сваіх маштабаў гэты збой з'яўляецца для Аргентыны "беспрэцэдэнтным".

Прычыны адключэння электрычнасці ў Аргентыне

Прычыны парушэння працы сістэм энэргазабеспячэння пакуль застаюцца нявысветленымі. Паводле звестак міністра энэргетыкі Аргентыны Густава Лапецэгуі, сістэмы адключыліся аўтаматычна праз праблемы з напружаннем. Аднак ён адзначыў, што ў выходны дзень, калі да таго ж тэмпература паветра не дасягае экстрэмальнай адзнакі, электрасетка ў Аргентыне мае рэзервы на 20 адсоткаў, таму паўсюднае адключэнне электрычнасці з'яўляецца вельмі нетыповым.

Як заявіў палітык на прэс-канферэнцыі, урад не выключае спробы хакерскага ўзлому сістэмы электразабеспячэння, аднак не ўваже гэтую версію за асноўную. Афіцыйныя вынікі праверкі гэтага выпадку павінны быць атрыманыя толькі праз сем-дзесяць дзён, дадаў ён.

Блэкаўт у іншых краінах Паўднёвай Амерыкі

Ва Уругваі, які забяспечваецца токам праз супоьльую з Аргентынай сетку, электразабеспячэнне было часткова адноўленае ўжо праз гадзіну пасля пачатку блэкаўта.

А 18:30 гадзін мясцовага часу кампанія UTE паведаміла ў Twitter, што энэргазабеспячэнне было адноўлена на 98,5% тэрыторыі краіны, а аднаўленчыя работы ў сталічным рэгіёне павінны будуць скончыцца да раніцы панядзелка паводле мясцовага часу.

Акрамя Аргентыны і Уругвая, блэкаўт закрануў таксама асобныя рэгіёны Чылі, Бразіліі і Парагвая, аднак у гэтых краінах адключэнні энэргіі былі менш маштабнымі. З пачатку 2019 года блэкаўт адбываецца таксама ўжо некалькі разоў у Венесуэле.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках