28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Афнагель: Людзі разумеюць, што Беларусь існавацьме толькі без Лукашэнкі

16
Яўген Афнагель: Людзі разумеюць, што Беларусь існавацьме толькі без Лукашэнкі
ЯЎГЕН АФНАГЕЛЬ

Цяпер - найбольш спрыяльны момант для пераменаў у краіне.

Лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, кандыдат у прэзідэнты Беларусі Мікалай Статкевіч і каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, у пятніцу, 14 чэрвеня, сустрэліся з жыхарамі Маладзечна.

Падрабязнасці аб сустрэчы сайту Charter97.org распавёў Яўген Афнагель.

- Чым гэтая сустрэча адрознівалася ад папярэдніх - у Магілёве, Гародні і Барысаве?

- Першы момант - гэта тое, што на сустрэчу прыйшло нашмат больш людзей, чым мы разлічвалі. Таму яе давялося перанесці з памяшкання на вуліцу, у двор таго дома, дзе мы першапачаткова планавалі сустрэцца.

Другі момант: было вельмі шмат моладзі. Напэўна, палова ўсіх тых, хто сабраўся - гэта людзі да 30 гадоў. Адпаведна, пераважалі пытанні, якія больш цікавяць моладзь: пачынаючы ад працаўладкавання, перспектыў, самарэалізацыі, вучобы - да сучаснага мастацтва, музыкі, гісторыі Беларусі, нацыянальнай ідэі.

У гэтым - карэннае адрозненне сустрэчы ў Маладзечне. І гэта было вельмі цікава, бо ў іншых гарадах, у тым жа Барысаве, мы абмяркоўвалі ў асноўным эканоміку і сацыяльныя праблемы, якія цікавыя людзям сярэдняга і старэйшага ўзросту. А ў Маладзечне мы абмяркоўвалі пытанні, якія тычыцца непасрэднага будучага людзей, якія жадаюць ствараць новую, вольную ад дыктатуры Беларусь.

Па-трэцяе, Маладзечна мае моцныя дэмакратычныя традыцыі: гэта горад Генадзя Карпенкі, гэта горад, у тапаніміцы якога ёсць імёны Канстанціна Астрожскага і многіх іншых герояў беларускай гісторыі. Гэта таксама адбілася на атмасферы сустрэчы і пытаннях людзей. Было шмат сказана на тэму, як менавіта бараніць незалежнасць Беларусі ў выпадку правядзення Лукашэнкам рэферэндуму аб аб'яднанні з Расеяй і далейшых пагроз нашаму суверэнітэту.

Нават, хутчэй, не «як абараняць» незалежнасць, а «як здабыць» незалежную краіну, бо людзі разумеюць, што сёння мы фактычна не самастойная дзяржава, а прыдатак РФ.

- І як людзі бачаць сваю ролю ў абароне суверэнітэту краіны?

- На сустрэчы было выразна відаць: людзі разумеюць, што адзіны шлях пабудовы па-сапраўднаму незалежнай дзяржавы - гэта пазбаўленне ад дыктатуры. Разумеюць, што Лукашэнка не з'яўляецца «гарантам», а наадварот - ён гандлюе незалежнасцю і ставіць суверэнітэт краіны ў залежнасць ад сваіх асабістых інтарэсаў.

У людзей ёсць дакладнае разуменне: незалежная Беларусь магчымая толькі без Лукашэнкі. І пытанне захавання незалежнасці непасрэдна звязанае з пытаннем адстаўкі Лукашэнкі. І развязваць гэтыя два пытанні трэба ў найбліжэйшыя гады - мірным супрацівам і мірнымі акцыямі пратэсту.

- Вы сказалі, што на сустрэчы было шмат людзей, якія жадаюць удзельнічаць у будаўніцтве новай Беларусі. Як яны бачаць будучыню краіны пасля Лукашэнкі?

- Для моладзі, якая была на сустрэчы, будучыня Беларусі ў першую чаргу звязаная з фармаваннем нацыянальнай ідэі і адраджэннем «нацыянальнага міфа» - у добрым сэнсе гэтага слова.

Прычым, для іх нацыянальная ідэя грунтуецца не толькі на шматвяковай гісторыі Беларусі, але і на падзеях найноўшага часу - 90-х і пачатку 2000-х гадоў: на дзейнасці таго ж Генадзя Карпенкі, на акцыях пратэсту і перамогах у барацьбе за незалежнасць, якую вяла апазіцыя апошнія 25 гадоў. Гэтыя падзеі ў звязку з гісторыяй ВКЛ і памяццю аб нацыянальна-вызваленчых паўстаннях успрымаюцца моладдзю як падмурак, на якім павінна будавацца адукацыя ў новай Беларусі.

- Якія мясцовыя праблемы хвалююць жыхароў горада больш за ўсё?

- Гэтыя праблемы практычна аднолькавыя ва ўсіх гарадах: гэта нізкія заробкі па 150-200 даляраў, высокія кошты, рост «камуналкі», дэкрэт аб «дармаедах» і магчымае яго развіццё, няякасная адукацыя і медыцына.

Маладзечна не з'яўляецца буйным прамысловым цэнтрам, таму ёсць свае нюансы, але ўсё адно мясцовыя праблемы грунтуюцца на нізкіх заробках і высокіх коштах - для ўсіх, плюс адсутнасць магчымасці самарэалізавацца - для моладзі.

- Якія высновы можна зрабіць па выніках паездкі?

- Людзі разумеюць, што калі найбліжэйшым чаамс мы не зможам пераламаць сітуацыю - то можа скласціся такое становішча рэчаў, што змагацца ўжо будзе немагчыма. І разам з тым разумеюць, што цяпер самы спрыяльны час, каб змяніць уладу ў Беларусі - праз выбары і акцыі грамадзянскага непадпарадкавання і мірнага пратэсту.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках