22 лiпеня 2019, панядзелак, 22:17
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Кітайскія банкі ўнеслі Расею ў «чорныя спісы»

6

Яны па-ранейшаму затрымліваюць або зусім адмаўляюцца праводзіць аплаты.

Надзеі расейскіх чыноўнікаў на разварот эканамічнай палітыкі ў бок Усходу і дапамогу Кітая ў пераадоленні санкцый Захаду прадаўжаюць разбівацца аб суровую рэальнасць, піша finanz.ru.

Хоць з моманту ўвядзення абмежаванняў ЗША і ЕЗ прайшло ўжо амаль пяць гадоў, дамовіцца з Пекінам аб гандлі і разліках ва ўмовах санкцыйнага рэжыму дагэтуль не ўдалося.

Кітайскія банкі па-ранейшаму прадаўжаюць затрымліваць аплаты, пры гэтым спасылаюцца на амерыканскія санкцыі, паведаміў упаўнаважаны пры прэзідэнце РФ у абароне правоў прадпрымальнікаў Барыс Цітоў на палях VI Расейска-кітайскага ЭКСПА ў Харбіне.

З ягоных слоў, кітайскі бок тлумачыць гэта тым, што «ў сувязі з новымі патрабаваннямі амерыканскіх рэгулятараў пры разліках у далярах яны (банкі КНР) павінны праводзіць дадатковыя даследаванні контрагентаў з Расеі».

«Вялікі спектр расейскай прадукцыі карыстаецца сёння попытам у Кітаі. З фінансаваннем банкамі ёсць праблемы - гэта нават не фінансаванне, а разліковыя механізмы. Яны затрымліваюць аплату», - панаракаў Цітоў.

Ён дадаў, што хоць кітайскія банкі тлумачаць свае дзеянні патрабаваннямі ЗША, на справе санкцыі нічога такога не прадугледжваюць.

«Хацеў бы адразу заявіць, што такога патрабавання няма, і ніяк яно ў санкцыях не сфармуляванае. Гэта страхі саміх банкаў, якія на ўсялякі выпадак перастрахоўваюцца і ўводзяць дадатковыя працэдуры», - падкрэсліў Цітоў.

Расея ўважае такую сітуацыю недапушчальнай, заявіў ён. «Мы звярнуліся з гэтым да кіраўніцтва амбасады Кітая ў Расеі і спадзяемся, што неўзабаве гэта будзе ліквідаванае», - рэзюмаваў Цітоў.

Гэтым надзеям ужо, зрэшты, больш за чатыры гады. На тое, што кітайскія банкі адмаўляюцца праводзіць аперацыі з расейскім контрагентамі і значна скарацілі ўдзел у замежнагандлёвых угодах, яшчэ ў чэрвені 2015 года скардзіўся першы намеснік старшыні групы ВТБ Юрый Салаўёў.

У калонцы, напісанай для FInance Asia, ён наракаў на «супярэчлівую пазіцыю Кітая ў дачыненні да расейскіх банкаў пасля ўвядзення санкцый ЗША і ЕЗ».

Шматлікія перамовы і круглыя сталы выправіць сітуацыю не змаглі. Праз тры гады, у жніўні 2018 года, пра тыя ж самыя праблемы казалі кіраўнік прадстаўніцтва ЦБ РФ у КНР Уладзімір Данілаў і віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі банкаў Расеі (АБР) Анатоль Казлачкоў.

Са слоў Данілава, крэдытныя арганізацыі КНР затрымліваюць пералічэнні на рахункі расейскіх банкаў або зусім адмаўляюцца праводзіць аплаты. «Праблемы звязаныя з пашыранай інтэрпрэтацыяй шэрагам кітайскіх банкаў абмежавальных захадаў трэціх краінаў» - тлумачыў ён: пад блакаванне трапляюць транзакцыі нават не ўключаных у санкцыйныя спісы кампаній.

Пры гэтым расейскія банкі адзначаюць узмацненне жорсткасці умоў. Гэта «прыводзіць да затрымак пры правядзенні аплат кліентаў расейскіх банкаў, так і сустрэчных аплат на карысць кампаній Расеі», - скардзіўся Данілаў.

Са слоў Казлачкова, складанасці ўзнікалі нават на этапе адкрыцця карэспандэнцкіх рахункаў. «Праблемы гэтыя зразумелыя, яны звязаныя з санкцыйным ціскам», - паведаміў Казлачкоў, дадаўшы, што «трэба шукаць спосабы (іх) развязання для ўзаемнага поспеху».