20 красавiка 2024, Субота, 8:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітвязень Жамчужны ў Горацкай калёніі адбыў паўтара года ў ізалятары

2
Палітвязень Жамчужны ў Горацкай калёніі адбыў паўтара года ў ізалятары
Міхаіл Жамчужны

Жамчужны падаў ужо больш за 50 скаргаў на пакараньні ў Горацкай папраўчай калёніі № 9.

Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які два апошнія гады адбывае пакараньне ў Горацкай калёніі, адмаўляецца ісьці ў атрад, за што яго нязьменна караюць пераводам у ізалятар ці памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ), паведамляе «Радыё Свабода».

Жамчужны, паводле ягонага адваката, падаў ужо больш за 50 скаргаў на пакараньні ў Горацкай папраўчай калёніі № 9. Усе яны не былі задаволеныя.

17 чэрвеня Магілёўскі абласны суд пакінуў без задавальненьня чарговую скаргу Міхаіла Жамчужнага на спагнаньне з Горацкай калёніі. Нагодай для яе стаў чарговы перавод Жамчужнага ў памяшканьне камэрнага тыпу на 2 месяцы.

Так Жамчужнага пакаралі за адмову падпарадкоўвацца загаду пра пераход у атрад для пражываньня зь іншымі асуджанымі (атрад у калёніі — гэта група зьняволеных, якая пражывае ў адным памяшканьні пад кіраўніцтвам аднаго турэмнага начальніка).

Паводле праваабаронцаў, Міхаіл Жамчужны адбыў у штрафным ізалятары і памяшканьні крытага тыпу паўтара года з двух, якія ён знаходзіцца ў Горацкай калёніі.

Чаму вязень Жамчужны ня хоча ў атрад?

Жамчужны аргумэнтуе непадпарадкаваньне адміністрацыі жаданьнем папярэдзіць пагрозу асабістай бясьпекі, а таксама замаху на чалавечыя гонар і годнасьць. Ён настойвае, што пагроза зыходзіць ад іншых асуджаных і патрабуе, каб у калёніі яму знайшлі бясьпечнае месца для адбыцьця пакараньня. Ягоныя звароты застаюцца без задавальненьня.

Міхаіла Жамчужнага караюць штрафным ізалятарам ці адпраўляюць у памяшканьні камэрнага тыпу ад 2017 году. Тады ў яго адбыўся канфлікт зь іншымі асуджанымі, які прывёў да таго, што яму пачалі пагражаць фізычнай расправай. Каб папярэдзіць канфлікт, адміністрацыя пэрыядычна пераводзіла Жамчужнага з аднаго атраду ў другі, аднак гэта не дапамагло.

Факт канфлікту прызнаў Горацкі суд, які палічыў, аднак, што асуджаны «пераацэньвае» значэньне сваіх довадаў наконт канфлікту.

Паводле адваката Вадзіма Мушынскага, Жамчужны бачыць выйсьце з сытуацыі ў сваёй ізаляцыі. Адміністрацыя калёніі рэгулярна ізалюе яго, накладаючы спагнаньні. Такая форма «ратаваньня» асуджанага мае нэгатыўныя наступствы.

Жамчужны ў калёніі стаіць на ўліку як злосны парушальнік рэжыму. Гэты статус не дае яму разьлічваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ці амністыю. Як злосны парушальнік ён пазбаўлены спатканьняў з роднымі. За пяць гадоў няволі Жамчужны бачыўся толькі з адвакатам.

Вадзім Мушынскі адзначае: калі адміністрацыя калёніі задаволіць звароты Жамчужнага і зьмесьціць яго ў бясьпечнае месца, то гэтым самым прызнае факт рэальнай пагрозы яму. Паводле яго, сам Жамчужны ня пойдзе ў атрад і лічыць, што сытуацыя, у якой ён апынуўся, створана штучна, каб ускладніць яму жыцьцё.

На ўмовы адбыцьця пакараньня ў штрафным ізалятары Жамчужны ня скардзіцца, кажа адвакат. На сустрэчы зь ім вязьня водзяць так, каб ён не перасякаўся зь іншымі асуджанымі.

Хто такі Жамчужны

Міхаілу Жамчужнаму 62 гады. Выкладаў у Віцебскім тэхналягічным унівэрсытэце. Кіраваў дасьледчай лябараторыяй, якая працавала над атрыманьнем вадароду для выкарыстаньня ў прамысловасьці.

У 2008 годзе быў асуджаны за эканамічныя злоўжываньні на 4 гады. Вырак абскарджваў, але марна;

У 2012 годзе па вызваленьні заняўся праваабарончай дзейнасьцю, стаў адным заснавальнікаў праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн»;

У 2015 годзе асуджаны Віцебскім абласным судом: быў прызнаны вінаватым у падбухторваньні да наўмыснага выдаваньня зьвестак, якія складаюць службовую тайну, у незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, і ў даваньні хабару;

Быў асуджаны на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Судовая калегія крымінальных спраў Вярхоўнага суду прызначыла яму 6,5 года пазбаўленьня волі.

Справу разглядалі суды ў закрытым рэжыме. Сваёй віны не прызнаў.

Адбываў пакараньне ў калёніях ў Навасядах і Івацэвічах. Апошнія два гады знаходзіцца ў Горацкай папраўчай калёніі № 19;

Праваабаронцамі прызнаны палітвязьнем. Яны дамагаюцца, каб прысуд быў адменены і каб справу перагледзелі ў адкрытым судовым паседжаньні.

На свабоду мае выйсьці ў лютым 2021 году.

Праваабаронцы рыхтуюць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН ад імя Жамчужнага.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках