28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп афіцыйна пачынае кампанію перавыбрання

3
Трамп афіцыйна пачынае кампанію перавыбрання
ФОТА: JIM LO SCALZO/EPA

Акцэнт робіцца на сіле амерыканскай эканомікі ды іміграцыйным пагадненні з Мексікай.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у аўторак афіцыйна абвесціць пра пачатак кампаніі ягонага перавыбрання, зрабіўшы акцэнт на моц амерыканскай эканомікі і ягоным іміграцыйным пагадненні з Мексікай, паведамляе «Голас Амерыкі».

Акрамя таго, прэзідэнт паспрабуе зняпраўдзіць публікацыі ў СМІ пра тое, што ён адстае ад вядучых дэмакратаў.

Дарадцы ягонай выбарчай кампаніі абураныя выцекам унутраных апытанняў, якія паказваюць, што Трамп значна адстае ад былога віцэ-прэзідэнта Джо Байдэна ў ключавых штатах.

«Толькі фэйкавыя апытанні паказваюць, што мы адстаём ад гэтай разнамаснай публікі, - напісаў Трамп у Твітэры, маючы на ўвазе шматлікую групу кандыдатаў-дэмакратаў. - Мы дэманструем выдатныя паказчыкі, але пакуль рана на гэтым засяроджвацца. Трэба будзе шмат працаваць! Зробім Амерыку зноў вялікай!»

Магчыма, прэзідэнт захоча змяніць тэму на мітынгу ў аўторак, дзе ён звернецца да аўдыторыі, якую ён ужо назваў рэкорднай. Да яго далучацца першая лэдзі Мэлані Трамп, віцэ-прэзідэнт Майк Пэнс, некалькі чальцоў ягонай сям'і, а таксама супрацоўнікі перадвыбарнага штаба 2016 года.

Чакаецца, што прыхільнікі прэзідэнта запоўняць залу спартыўнага забаўляльнага комплексу Amway Center умяшчальнасцю 18 500 чалавек. На думку дарадцаў Трампа, ягоны электарат не звяртае ўвагі на ўнутраныя інтрыгі кампаніі і не будзе вагацца пад уплывам першых прыкмет турбулентнасці.

«Нішто не перашкодзіць гэтаму грандыёзнаму старту і той дынаміцы, якую прэзідэнт праявіць і будзе падтрымліваць аж да дня выбараў у наступным годзе», - заявіў дырэктар штаба Трампа ў камунікацыях Цім Мерта.

Трамп падымецца на сцэну ў Фларыдзе, каб пераканаць аўдыторыю, што лейтматывам першых двух з паловай гадоў ягонай адміністрацыі было «даў абяцанне - стрымаў абяцанне», паведамілі ягоныя дарадцы.

Ён адзначыць устойлівасць эканомікі ЗША і нагадае пра некалькі прынятых ім пастаноў, у тым ліку пра падаткі, вайсковыя выдаткі і прызначэнне суддзяў.

Звычайна нізкае беспрацоўе і ўстойлівы эканамічны рост ствараюць добры спадарожны вецер для кожнага дзейнага прэзідэнта, але штаб Трампа сутыкнуўся з прыкметамі нялёгкага шляху да перавыбрання.

Апытанне, праведзенае перадвыбарным штабам у сакавіку ў 17 штатах, паказала, што Трамп адстае ад Байдэна больш чым на 10 адсоткавых пунктаў у Вісконсіне, Пенсільваніі, Фларыдзе і Мічыгане, паведаміла ў пятніцу тэлекампанія ABC News.

Рэйтынг ухвалення Трампа складаў блізу 40 адсоткаў цягам усяго ягонага тэрміну.

Апытанне таксама паказала, што Трамп адстае ад Байдэна ў Аёве, Агаё, Паўночнай Караліне і Джорджыі - ва ўсіх штатах, дзе ён перамог у 2016 годзе.

З моманту правядзення апытання Трамп прыкметна актывізаваў свае атакі на Байдэна.

Два дарадцы, якія гутарылі з прэзідэнтам у апошні месяц, кажуць, што Трамп упэўнены ў сваіх перспектывах і мяркуе, што апытанні не ўлоўліваюць яго папулярнасць. Ён паказаў на памеры аўдыторыі, якую ён збірае, і на колькасць людзей, якія ўзаемадзейнічаюць з ім у сацыяльных сетках, паведамілі абодва дарадцы.

Некалькі дарадцаў штаба заявілі, што яны былі засмучаныя тым, што сага з апытаннямі ператварылася ў гісторыю, якая абмяркоўваецца цэлы тыдзень. Адзін з іх сказаў, што гэтае апытанне было, фактычна, "бессэнсоўным", бо выбарчая кампанія толькі пачынаецца, а поле патэнцыйных кандыдатаў ад Дэмакратычнай партыі яшчэ не сфармавалася.

Улічваючы, што ў 2016 годзе Трамп перамог насуперак прагнозам многіх палітолагаў, ёсць асцярогі, што і апытанні на 2020 год могуць быць нявернымі.

«Пра гэта кажуць адчуванні выбарцаў ад эканомікі, і калі гэты хлопец можа звязаць дзве прапановы так, што гэта не выкліча адпрэчвання ў людзей, то ён можа зноў пераламаць сітуацыю», - заявіў сацыёлаг-дэмакрат Джэфры Полак з палітычнай кансалтынгавай фірмы Global Strategy Group.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках