19 красавiка 2024, Пятніца, 1:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея ўтойвае, што яна робіць з бруднай нафтай з «Дружбы»

15
Расея ўтойвае, што яна робіць з бруднай нафтай з «Дружбы»

У замежных кліентаў, аўтамабілістаў і эколагаў ёсць падстава для турботы.

Пры павярхоўным чытанні навін можа скласціся ўражанне, што гісторыя са шматтыднёвым прыпыненнем трубаправода «Дружба» праз траплянне ў яго забруджанай хларыдамі нафты падыходзіць да канца. 17 чэрвеня першая партыя кандыцыйнай сыравіны з Расеі, прайшоўшы транзітам Беларусь і Польшчу, дасягнула Нямеччыны - асноўнага кліента і канчатковага пункта нафтаправода. З 1 ліпеня, запэўнівае «Транснафта», магістраль запрацуе ў кірунку краін ЕЗ напоўніцу, паведамляе DW.

Брудную нафту выцясняюць у Расею. А што далей?

Напраўду набліжаецца да канца ўсяго толькі першы, прычым найбольш прадказальны раздзел гэтай гісторыі. Бо з самага пачатку было зразумела, што рана ці позна галоўны наземны канал паставак асноўнага расейскага экспартнага тавару ў краіны Еўразвязу ў тым ці іншым выглядзе будзе адноўлены.

Куды менш відавочна, чым і калі скончацца тры іншыя раздзелы: кампенсацыя сумарных страт і выплата кампенсацый, пошук і пакаранне сапраўдных вінаватых у забруджванні, утылізацыя або ачышчэнне ад 1 да 3 мільёнаў тон нафты, забруджаных каразійна-небяспечнымі і атрутнымі хларыдамі.

Кідаецца ў вочы, што апошняму аспекту (што Расея будзе рабіць з гіганцкай колькасцю бруднай нафты?) у СМІ пакуль надаецца найменш увагі. Часцей за ўсё справа абмяжоўваецца згадваннямі таго, што з Беларуссю і Польшчай дасягнутая дамоўленасць выцесніць брудную нафту рэверсам назад у Расею, а таксама паведамленнямі пра поспехі гэтага выцяснення. Ствараецца ўражанне, што дастаткова вярнуць бракаваны тавар на тэрыторыю РФ, і праблема ледзь не аўтаматычна будзе развязаная.

Мікалай Токараў: «Будзем кампаўндаваць»

Успомнім, што аб развязанні праблемы яшчэ 30 красавіка распавядаў Уладзіміру Пуціну пры ўключаных тэлекамерах кіраўнік дзяржаўнай кампаніі-манапаліста «Транснафта» Мікалай Токараў. Адзначыўшы, што «Чыгунка садзейнічае ў вывазе некандыцыйнай нафты з тэрыторыі Беларусі», ён растлумачыў, што «потым мы яе будзем кампаўндаваць, гэта значыць, падмешваць да яе нармальную нафту ўжо ў Новарасейску і далей яе рэалізоўваць». Ніякіх іншых варыянтаў прэзідэнту РФ і грамадскасці прадстаўлена не было.

Для даведкі: найбуйнейшыя расейскія нафтаналіўныя парты на Чорным моры і на Балтыцы - Новарасейск і Прыморск - уваходзяць у групу НМТП: «Новарасейскі марскі гандлёвы порт». Кантрольны пакет акцый гэтай кампаніі належыць «Транснафце».

Дык вось, праз паўтара месяца, 13 чэрвеня, Аляксандр Зленка, генеральны дырэктар кампаніі «Чарнамортранснафта», дочкі «Транснафты», распавёў журналістам, што «мы прынялі 80 тысяч тон «бруднай» нафты, і ўсё... Пакуль мы яе ні з чым не змешваем: адправілі на захоўванне і чакаем, калі кампанія нам скажа, што з ёй далей рабіць. У нас ёсць магчымасць яе захоўваць» (цытата з паведамлення агенцтва «Інтэрфакс»).

У Новарасейск прыйшла толькі малая частка бракаванай сыравіны

З гэтых выказванняў вынікаюць дзве высновы. Першая: ніякага кампаўндавання пакуль не адбываецца. Другая і куды больш сур'ёзная: да нафтабазы «Грушавая» ў Новарасейску дайшлі пакуль толькі 80 тысяч тон бруднай нафты з «Дружбы». «У чэрвені будзе яшчэ амаль 35 тысяч тон. На ліпень пакуль не планавалі», - заявіў 14 чэрвеня віцэ-прэзідэнт «Транснафты» Сяргей Андронаў.

Супастаўны гэта са звесткамі беларускага дзяржаўнага канцэрна «Белнафтахім». 9 чэрвеня ён паведаміў, што ўжо вярнуў у РФ больш за 450 тысяч тон бруднай нафты, а 11 чэрвеня ўдакладніў у прэс-рэлізе: «Цяпер у трубаправодзе і рэзервуарах на тэрыторыі краіны застаецца блізу 760 тысяч тон забруджанай нафты з першапачатковых 1,3 млн тон».

Такім чынам, з Беларусі на тэрыторыю Расеі ўжо выцесненыя рэверсам прыблізна паўмільёна тон бруднай нафты, яшчэ 760 тысяч паступяць цягам лета. У той жа час Новарасейск прыме да канца чэрвеня агулам 115 тысяч тон. А пакінуты мільён з лішнім тон? З ёй што будзе адбывацца?

Што турбуе эколагаў, што небяспечна для аўтамабілістаў?

Паколькі інфармацыі практычна няма, застаецца толькі гадаць. «Я проста спадзяюся, што яе не зліюць, не закапаюць у зямлю. Вельмі спадзяюся», - адзначыў у інтэрв'ю DW кіраўнік энэргетычнай праграмы расейскага аддзялення Greenpeace Уладзімір Чупраў. Гаворка ў гэтым выпадку ідзе аб двайной пагрозе жывой прыродзе: і нафта сама па сабе, і атрутныя хларыды ў ёй.

Аналагічныя асцярогі, толькі некалькі больш дыпламатычна, выказаў у гутарцы з DW і прафесар тэхнічнага ўніверсітэта Мюнхена Цім Бюце (Tim Büthe): «Улічваючы гісторыю экалагічных інцыдэнтаў у Расеі, ці можна давяраць таму, што Масква з поўнай адказнасцю паставіцца да задачы ўтылізацыі».

Уладзімір Чупраў дапусціў таксама, што забруджаная сыравіна часткова можа патрапіць да невялікіх паўлегальных перапрацоўшчыкаў нафты ў Расеі: «Гэта не толькі НПЗ на Паўночным Каўказе, якія пастаўляюць на рынкі няякасныя бензін або дызель: цэлы рынак такі існуе, кудысьці падзенуць».

Нафта з каразійна-небяспечным дыхлорэтанам уяўляе пагрозу не толькі для абсталявання НПЗ. Калі хларыды, якія трапілі ў «Дружбу» нават у невялікай канцэнтрацыі, у канчатковым рахунку выявяцца ў бензабаку аўтамабіля, то «матор заглухне», папулярна патлумачыў DW Ральф Бэслер (Ralph Bäßler), спецыяліст па карозіі і антыкаразійнай абароне Федэральнай установы для даследавання і выпрабавання матэрыялаў (BAM).

Аднак незразумелы лёс забруджанай сыравіны на тэрыторыі Расеі - падстава для турботы не толькі для расейцаў, але і для замежных пакупнікоў расейскай нафты. Бо што азначае анансаваны працэс масавага кампаўндавання? Да якаснай сыравіны, якая ішла на экспарт, будуць прымешваць няякасную.

Імпарцёраў расейскай нафты чакае галаўны боль

Але хто гарантуе, што гэта будзе адбывацца толькі «ў гомеапатычных дозах»? Еўрапейскія кліенты расейскіх нафтавых кампаній ужо задаюць такое пытанне, хай пакуль і ананімна. «Што будзе, калі нешта не так змяшаюць? Напрыклад, мы разлічваем на 1-3 ppm, а атрымліваем 10 ppm. Праверыць мы гэта зможам толькі пасля пагрузкі на танкер. Гэта сталыя рызыкі і галаўны боль», - цытуе буйнога пакупніка расейскай нафты ў Еўропе 5 чэрвеня партал finanz.ru ў артыкуле «Расейскай нафце пагражае татальнае забруджванне хлорам».

А ці выстарчыць у «Транснафты» цярпення займацца карпатлівай працай у асцярожным падмешванні бруднай нафты цягам найбліжэйшых двух-трох гадоў? Бо менавіта такі тэрмін спрагназаваў 24 траўня ў інтэрв'ю агенцтву ТАСС кіраўнік Фонду нацыянальнай энэргетычнай бяспекі Канстанцін Сіманаў пры ўмове, што аб'ём забруджвання не перавысіў 3 мільёны тон.

І дзе менавіта будзе адбывацца падмешванне? Толькі ў порце Новарасейска? А ў Унечы? Там знаходзіцца апошняя буйная станцыя на расейскім адрэзку «Дружбы», адкуль экспартны тавар пампуюць як у бок Беларусі і далей у краіны ЕЗ, так і па Балтыйскай трубаправоднай сістэме-2 у порт Усць-Лугу.

Ва Усць-Лузе ў танкеры, якія сыходзяць у краіны Еўразвязу, будуць падмешваць забруджаную сыравіну з рэзервуараў «Транснафты»? Бо ў іх могуць знаходзіцца значныя аб'ёмы бруднай нафты, якая патрапіла сюды па БТС-2 яшчэ ў красавіку. І ці не таму расейскія нафтавыя кампаніі ў дзесяць разоў скарацілі свае заяўкі на адпраўку нафты з гэтага порта ў 3-м квартале, пра што агенцтва «Інтэрфакс» паведаміла 17 чэрвеня?

Карацей, праблема ўтылізацыі бруднай нафты з «Дружбы» спараджае масу пытанняў. Адказаў на іх пакуль няма і, мяркуючы з інфармацыйнай палітыкі «Транснафты», якая не адказвала, напрыклад, на запыты DW, пакуль не прадбачыцца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках