24 красавiка 2024, Серада, 9:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Вось бы яшчэ кіраўнікі нашы пажылі на $20 за месяц

17
Генадзь Фядыніч: Вось бы яшчэ кіраўнікі нашы пажылі на $20 за месяц
ФОТА: ONLINER.BY

Страйк у Гатаве паказаў, чым абярнулася для рабочых праўленне Лукашэнкі.

У Гатаве ўжо некалькі дзён страйкуюць работнікі завода «Праммеханіка». Ім з сакавіка не плацяць заробак, пералічваючы ўсяго па 20-80 рублёў ($10- $40) на месяц. З панядзелка цэхі не працуюць. Людзі спынілі працу, патрабуючы выплаты заробку.

Выявілася, што з такой жа праблемай сутыкнуліся і работнікі барысаўскага завода «Аўтагідраўзмацняльнік», якія толькі ўчора атрымалі першую частку заробку за травень у суме $21,8.

Сітуацыю на беларускіх прадпрыемствах сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць аднаго з лідараў незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча:

- Адразу хачу сказаць, што калі б на прадпрыемстве ў Гатаве або Барысаве працавалі чальцы прафзвязаў РЭП, то ім бы адназначна выдавалі заробак у тэрмін, які ўказаны ў дамовах. Мы стаім на абароне пазіцый нашых людзей, дзе б яны не працавалі і гэта не проста гучныя словы.

За свае правы трэба змагацца. Не трэба дазваляць з сябе здзекавацца. Бо ў многіх работнікаў сем'і. ЖКГ, да прыкладу, не хвалюе ваша сітуацыя - аплата «камуналкі» павінна быць своечасовай.

Мне вось што яшчэ цікава, а кіраўніцтва сабе таксама 20 рублёў налічыла або на картку прыйшоў заробак цалкам? Вось бы яшчэ чыноўнікі нашы паспрабавалі пражыць на гэтыя няшчасныя 20 даляраў...

Увогуле, малайцы работнікі ў Гатаве. Я б на месцы нефармальных лідараў усіх прадпрыемстваў, дзе не плацяць, прыйшоў бы і арганізавана спыніў працу хоць бы на гадзіну ў знак пратэсту супраць здзекаў з рабочага класа ў выглядзе нявыплаты заробкаў.

- Што вы, як прафесійны лідар, параіце рабочым, якім не плацяць заробак?

- Ім трэба самаарганізавацца. Стварыць, калі раптам пакуль не хочуць уступаць у незалежны прафзвяз, свой прафзвяз. Яны ж ужо плацяць унёскі афіцыйнаму прафзвязу, але хіба могуць на яго разлічыць?

Гэтыя кішэнныя прафзвязы падтрымоўваюць адміністрацыю, а не рабочых. Як можна бяздзейнічаць, калі працоўны не атрымаў заробку? Ды гэта ж катастрофа! Першарадная задача нармальнага прафзвязу - дамагчыся выплаты заробку ў тэрмін. Кропка.

Хачу звярнуцца да рабочых і сказаць, што яны могуць прыйсці да нас па параду. Яны могуць пайсці ў суд і за кожны дзень затрымкі заробку яшчэ атрымаюць пеню. Хай кіраўнік шукае, дзе ўзяць. Ягоныя праблемы.

Хай работнікі не баяцца і не вераць балбатні пра «Увайдзіце ў становішча прадпрыемства». У становішчы працоўных і іх сем'яў ніхто ўвайсці не хоча.

- Сапраўды, у выпадку з Гатавым афіцыйныя прафсаюзы адмоўчваюцца. Ці ёсць у іх наогул сэнс?

- Вы ведаеце, як у народзе называюць афіцыйныя прафсаюзы?

- Як?

- Аддзел адміністрацыі ў працы з рабочымі. Аднак, у мяне ёсць пытанне і да многіх рабочых - вы церпіце такое стаўленне? Тады пералічвайце ім унёскі! Нават калі вы цяпер запатрабуеце заробкі, то што потым? Будзеце чакаць чарговайзатрымкі?

Я хачу сказаць, што калі людзі прачынаюцца і ёсць нефармальныя лідары, значыць, нельга дапусціць іх звальнення з прадпрыемства. Трэба трымацца за сваіх лідараў. Яны ёсць, у прынцыпе, на кожным прадпрыемстве.

Падкрэслю, калі работнікі звернуцца ў наш прафзвяз РЭП, то мы ім нададзім прафесійную кансультацыю, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі. Можна, напрыклад, абвясціць італійскі страйк - прыйсці на працоўнае месца і цягам нейкага часу нічога не рабіць. Толькі трэба дамовіцца і дзейнічаць усім калектывам.

Гэта значыць, трэба самаарганізавацца і ісці да канца ў абароне сваіх правоў. Без самаарганізацыі нічога талковага не будзе, разумееце.

Даможацеся маленькіх перамог і за вамі пойдуць усе астатнія. Рабочая салідарнасць вельмі важная. Звяртайцеся да незалежных прафзвязаў па салідарную падтрымку. Вам яе абавязкова нададуць.

- Скажыце, а сітуацыя ў Гатаве і Барысаве — гэта прыватныя выпадкі або ўжо тэндэнцыя ў Беларусі?

- Хачу сказаць, што ў прафзвязы РЭП часта звяртаюцца беларусы, якія сутыкнуліся з нявыплатай заробкаў. Мы развязваем такія пытанні ў парадку міравога пагаднення або праз суд. Адзначу, у нас не было выпадку, каб мы не выйгралі судовае разбіральніцтва і не развязалі з наймальнікам пытанне аб нявыплаце заробку.

Ведаеце, людзі прывыклі думаць, што «Ай, развяжацца само». Хлопцы, нічога не развяжацца, праблемы з выплатай заробкаў будуць толькі пагаршацца.

- Чаму?

- Да таго, што вырабленая прадукцыя павінна быць канкурэнтаздольнай коштам і якасцю. Беларускія ўлады ж хочуць выехаць за кошт таннай працоўнай сілы, але ў іх гэта не пройдзе. Ужо за бясплатна мы не будзем працаваць!

На жаль, з такім падыходам да адукацыі і заробку можна чакаць яшчэ большага адтоку людзей з нашых прадпрыемстваў і выезд іх за межы Беларусі.

Адток рабочых з Беларусі расце з кожным месяцам. Чаму? Адказ просты. За працу трэба плаціць. Не павінны людзі працаваць за ежу, аплату «камуналкі» і то з пратэрміноўкай.

- Вы вось кажаце аб працы за ежу, а ўлады кожны месяц даюць справаздачу аб «росце заробкаў». Нібыта сярэдні ўжо і тысячу рублёў перасягнуў...

- Смешна. Паказалі б улады лепш асобна рэальны сярэдні заробак працоўнага, абслуговага персаналу, кіраўнікоў, асобна банкаўскага сектара і, напрыклад, бюджэтнікаў і ўсё стане на месца. Хай пакажуць, колькі насамрэч зарабляюць лекары, медсёстры, санітаркі.

Сваёй «статыстыкай» улады абязлічваюць кожную катэгорыю працоўных. Калі мы хочам, каб яна была празрыстай, то трэба па катэгорыях работнікаў паказваць рэальны ўзровень заробку. Улады ж гэтага баяцца. Яны сёння не здольныя падняць эканоміку з той ямы, у якую яе завялі.

Паўтаруся, колькасць эмігрантаў з краіны шакуе і, на жаль, толькі прадаўжае расці. Людзей не спыняць ніякія «дармаедскія» дэкрэты Лукашэнкі. У іх адна мэта - пракарміць сем'і.

Сёння заробкі, асабліва ў рэгіёнах, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. У такой сітуацыі праблема з прафесійнымі кадрамі з кожным годам будзе пагаршацца. Натуральна, гэта адаб'ецца на якасці і медабслугоўвання, і будаўніцтва, а таксама адукацыі і паслуг.

- Якое вы бачыце выйсце з сітуацыі?

- Восенню павінны сабрацца ўсе ахвотныя, прадстаўнікі працоўных калектываў і выпрацаваць канкрэтныя патрабаванні да ўраду ва ўзроўні заробку і іншых сацыяльна-эканамічных кірункаў. Гэтыя патрабаванні трэба рубам паставіць перад уладамі.

Калі яны гэтыя абгрунтаваныя і законныя патрабаванні не выканаюць, то павінны проста сысці і даць магчымасць дзейнічаць іншым людзям. Так робіцца ва ўсім свеце і Беларусь не павінна быць выключэннем.

Улада павінна працаваць на народ, а не сама на сябе. Калі мы гэта зразумеем, то нашы людзі жыцьмуць годна, многія вернуцца на Радзіму і тады Беларусь будзе краінай для жыцця не ў двукоссі, а насамрэч.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках