24 красавiка 2024, Серада, 14:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

95 гадоў таму нарадзіўся Васіль Быкаў

9
95 гадоў таму нарадзіўся Васіль Быкаў
ВАСІЛЬ БЫКАЎ

Народны пісьменнік Беларусі стаў сумленнем нацыі і сімвалам непрымання аўтарытарызму.

Сёння класіку беларускай літаратуры, намінаванаму на Нобелеўскую прэмію, які атрымаў сусветную вядомасць, споўнілася б 95 гадоў.

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 году ў вёсцы Бычках Ушацкага раёна Віцебскай вобласці. Вучыўся на скульптурным аддзяленні Віцебскай мастацкай вучэльні. Скончыў Саратаўскую пяхотную вучэльню. У 1942 годзе будучы пісьменнік уступіў у шэрагі Чырвонай Арміі. Ваяваў на Другім і Трэцім Украінскіх франтах, прайшоў па тэрыторыі Румыніі, Баўгарыі, Вугоршчыны, Югаславіі, Аўстрыі, двойчы быў паранены.

Упершыню творы Васіля Быкава былі апублікаваныя ў 1947 годзе, аднак творчая біяграфія пісьменніка пачынаецца з апавяданняў, напісаных у 1951 годзе. Тэматыка ранніх апавяданняў, дзеючымі асобамі якіх сталі жаўнеры і афіцэры, вызначыла далейшы лёс Быкава, многія з твораў якога прысвечаныя падзеям Другой сусветнай вайны. Бескампраміснасць прозы Быкава стала прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала пісьменніка ў «ганьбаванні савецкага ладу».

У 1974 годзе Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (за аповесць «Дажыць да світання», 1973 год), у 1980 годзе атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, у 1986 годзе - быў уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць «Знак бяды».

Некаторыя творы пісьменніка, такія як аповесці «Трэцяя ракета» (1962), «Дажыць да світання», былі экранізаваныя.

З 1972 да 1978 года Васіль Быкаў займаў пасаду сакратара Гарадзенскага аддзялення Саюзу пісьменнікаў БССР.

Вядомасць Васілю Быкаву прынесла аповесць «Трэцяя ракета», напісаная ў 1962 годзе. У 1960-я ён публікуе аповесці «Альпійская балада», «Мёртвым не баліць», у 1970-я - «Сотнікаў», «Абеліск», «Дажыць да світання», «Пайсці і не вярнуцца».

Гэтыя творы паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі ваеннай прозы XX стагоддзя.

Васіль Быкаў стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага Народнага Фронту. У сярэдзіне 1990-х гадоў пачаліся нападкі на яго з боку беларускіх уладаў, што прымусіла пісьменніка на працяглы час з'ехаць за мяжу. Пісьменнік, якога звалі «сумленнем нацыі», рэзка выступаў супраць узмацнення аўтарытарызму ў краіне.

У снежні 2002 года Васіль Быкаў пераехаў на сталае жыхарства ў Чэхію. Тады пісьменнік сказаў, што ён «даўно марыў пасяліцца ў Чэхіі, заўсёды меў сімпатыю да гэтай краіны і яе грамадзянаў». У развязанні праблемы пераезду Быкава ў Чэхію актыўны ўдзел брала канцылярыя чэшскага прэзідэнта і асабіста Вацлаў Гавэл. Некалькі апошніх гадоў народны пісьменнік Беларусі пражываў у Нямеччыне, а да гэтага ў Фінляндыі.

Васіль Быкаў вярнуўся на Радзіму толькі ў 2003 годзе, за месяц да смерці. Народны пісьменнік Беларусі памёр 22 чэрвеня 2003 года (20 гадзін за хвілін) у рэанімацыйным аддзяленні анкалагічнай лякарні ў Бараўлянах, пад Менскам. Улады помсцяць Быкаву і пасля смерці. Кнігі Васіля Быкава ў Беларусі не перавыдаюцца, фільмы пра ягонае жыццё і творчасць забароненыя.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках