20 кастрычнiка 2019, Нядзеля, 5:04
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

З дарожным падаткам адбываецца нешта падазронае

59
З дарожным падаткам адбываецца нешта падазронае
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Чаму Лукашэнка так любіць ствараць сабе праблемы?

31 траўня стала вядома, што прапанова Мінфіна пра адвязку ад тэхагляду дзяржмыты на допуск да дарожнага руху не прайшла ўзгаднення на ўзроўні Лукашэнкі.

Між тым праект указа пра скасаванне прывязкі дарожнага падатку да тэхагляду ўжо быў гатовы і знаходзіўся на разглядзе ў адміністрацыі Лукашэнкі. Прычым самі ўлады заяўлялі, што новыя правілы пачнуць дзеянне 1 красавіка. А прэм'ер-міністр Сяргей Румас яшчэ ў канца 2018 года называў крайні тэрмін – 1 ліпеня 2019 года. Цяпер улады заяўляюць, што непапулярная схема будзе дзейнічаць цягам усяго 2019 года.

Сітуацыю, якая закранае ў фінансавым сэнсе практычна кожную беларускую сям'ю, для сайта Charter97.org пракаментаваў лідар незалежнага прафесійнага звязу РЭП Генадзь Фядыніч:

– Любая пастанова ў нармальнай краіне выпрацоўваецца з улікам інтарэсаў грамадзянаў і інтарэсаў дзяржавы. Але толькі не ў нас.

Давайце паглядзім, якія тут інтарэсы ў дзяржавы. Яны простыя: узяць грошы з чалавека, у якога машына толькі чатыры месяцы за год ездзіць раз на тыдзень на лецішча, у тым самым памеры, што і з чалавека, які кожны дзень ездзіць у доўгія камандзіроўкі і намотвае за год 40 тысячаў кіламетраў.

Дзе тут справядлівасць у дачыненні да людзей? У мяне напрошваецца яшчэ адно пытанне: чаму гэтая ўлада, на чале з Лукашэнкам, так любіць набіваць шышкі, ствараць сабе праблемы? Бо значна прасцей уключыць дарожны падатак у кошт паліва – і назаўжды забыцца пра гэта. Гэта нескладана зрабіць тэхнічна. Хай улада не прыкідваецца.

Колькі чалавек заправіўся – столькі ён і заплаціў. Гэта будзе як мінімум сумленна ў дачыненні да сваіх грамадзянаў. Замест гэтага чыноўнікі ідуць пракладзенай дарогай – выцягнуць у людзей апошняе, што ў іх засталося.

Калі ўлада не разумее спадзяванняў людзей, іх цалкам абгрунтаваных патрабаванняў – час пераходзіць да больш дзейсных захадаў.

– Да якіх менавіта захадаў?

– Напэўна, у некага вельмі кароткая памяць, нехта, мабыць, засумаваў пра перакрыты аўтамабілістам праспект.

Калі Лукашэнку і ягоным чыноўнікам трэба, каб галоўныя вуліцы абласных цэнтраў і горада Менска былі заблакаваныя аўтамабілістамі, якія едуць на другой хуткасці, якія занялі ўсе палосы – то яны на правільным шляху. Хай да гэтага і рыхтуюцца.

Калі ўлада не разумее мовы грамадзянаў, то гісторыя паказвае, што грамадзяне адказвае прыкладна такімі, ці нават яшчэ больш сур'ёзнымі, захадамі.

Дзіўна, чаму ўлады так і не зразумелі, што значна больш выгодна развязваць пытанні цывілізавана. Чаму на тэму, якая закранае практычна кожную сям'ю, яны не правялі ніводнага круглага стала, ні грамадскіх слуханняў?

Дзе-небудзь што-небудзь ціха «валаводзілі» за кулісамі, потым, на сваю ж ганьбу, абвесцілі адно, а зрабілі па-іншаму...

На капейкі падымаць кошт бензіну кожны тыдзень – гэта ў іх атрымліваецца. А развязаць пытанне з дарожным падаткам – не хапае кемлівасці?

Мяркую, што гэта проста непавага да абсалютна ўсіх беларусаў, таму што машына цяпер ёсць у кожнай сям'і. У цяперашні час ёсць толькі адно выйсце, калі яны не хочуць яшчэ больш раззлаваць народ: гэта ўвесці падатак у кошт паліва і супакоіць усіх.

– Дарожны падатак дзейнічае даўно. Ці заўважылі Вы, каб дарогі палепшыліся за гэты час?

– Цэнтральныя дарогі ў Менску, асноўныя трасы, вядома ж, стараюцца трымаць у парадку.

Але, паверце, гэтага не скажаш пра ўсе дарогі ў райцэнтрах і сельскай мясцовасці.

На самай справе адбываецца нешта падазронае з гэтым зборам. Калі вы ўвялі дарожны падатак, павінны быць у адкрытым доступе справаздачы: мы сабралі столькі мільёнаў рублёў, гэтыя грошы паводле такіх каштарысаў накіраваныя на аднаўленне дарог у тых і тых месцах. У горадзе «Н» і «М» дарогі цалкам адноўленыя: вы можаце самі пераканацца ў іх якасці.

Гэта будзе сумленна ў дачыненні да кіроўцаў. Але дзе мы бачым такую інфармацыю? Мы нават не ведаем, колькі сабрана гэтых грошай.

Скасаванне прывязкі дарожнага падатку да тэхагляду было запланаванае на 1 красавіка. Потым рушыла доўгая паўза – і ўказ быў скасаваны на ўзроўні Лукашэнкі. Пра што можа казаць такая непаслядоўнасць уладаў?

Я ў кіраўніка і ягоных чыноўнікаў бачу паслядоўнасць толькі ў выпадках, калі становішча грамадзянаў пагаршаецца: павысіць пенсійны ўзрост, адабраць пенсіі праз павелічэнне страхавога стажу, павысіць тарыфы на паслугі ЖКГ, пакінуць сем'і «дармаедаў» без бальнічных – такая дынаміка ў іх добра атрымліваецца.

А вось у адваротны бок – неяк заядае. Плюсавая дынаміка, каб паказаць людзям нейкія перамены да лепшага, даўно ў краіне не працуе.

І галоўнае – гэтая напышлівасць, пыхлівасць за драздоўскімі платамі. Хоць бы раз прызналі свае памылкі, параіліся: так, тут мы нешта не так напастанаўлялі, вымушаныя гэта скасаваць, давайце падумаем, як гэта зрабіць лепш...

Бо мы ж жывем у дзяржаве. Ідэя дзяржавы – гэта кампраміс, грамадская дамова. Ну хопіць ужо жыць у калгасе! Вам самім не надакучыла, што вас інакш як дырэктараў саўгаса ніхто не разглядае і не ўспрымае?

Бо прыйдзе ж час – і ўсе вашы махінацыі выявяцца, усё стане празрыстым. Рана ці позна мы да гэтага дажывем. Калі ўлада думае, што людзей можна так проста правесці і гэта забудзецца – яна ж сама на будучыню сабе рыхтуе сур'ёзныя праблемы.

Так, беларусы стрыманыя – але памяць у нас добрая. А Лукашэнка і ягоныя людзі робяць адны і тыя памылкі ўвесь час. На што яны спадзяюцца?

Яны думаюць, што народ не ўзлаваўся і не паднімецца? Нездарма спадзяюцца. Нельга выпрабоўваць цярпенне людзей увесь час і глядзець, да якой мяжы гэта пратрымаецца. Таму што, калі мяжа наступіць – позна ўжо будзе думаць пра тое, чаму яна наступіла, што рабіць і хто быў вінаваты.

– Больш за палову беларускіх кіроўцаў ездзіць без тэхагляду. Ці можна казаць, што дарожны падатак у такім выглядзе, як цяпер, і далей будзе байкатавацца?

– Вядома, кіроўцы і надалей будуць ігнараваць гэты абсурд. Кіроўцы не хочуць плаціць незразумела за што і каму. Гэта нармальнае права чалавека – ведаць, куды ён аддаў свае грошы.

Цалкам магчыма, што ў сувязі з захаваннем старога прынцыпу збірання дарожнага падатку могуць падняць штраф за няпройдзены тэхагляд у разы. Магчыма, для гэтага і збіраюцца ўводзіць новыя правілы дарожнага руху.

Але тут пытанне не ў правілах, а ў тым – на колькі хопіць цярпення людзей? Раней маўчалі, потым казалі на кухнях, цяпер кажуць адкрыта – у чэргах, у грамадскім транспарце, на вулічных акцыях у Берасці, Светлагорску і іншых гарадах.

Падобна на тое, што ўсё ідзе ў нарастанні. Хтосьці ёсць ва ўладзе, які робіць усё, каб народ ужо па-сур'ёзнаму абурыўся. Ну і, як той казаў, дзякуй яму за працу.