19 красавiка 2024, Пятніца, 1:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што апавядаюць у расейскім Дзяржынску пасля выбухаў на абаронным заводзе

Што апавядаюць у расейскім Дзяржынску пасля выбухаў на абаронным заводзе
ФОта: novayagazeta.ru

Жыхары горада падзяліліся сваімі думкамі.

Удзень 1 чэрвеня на ваенным заводзе ў Дзяржынску прагрымелі два выбухі. Іх чулі нават у некаторых раёнах Ніжняга Ноўгарада – амаль за 30 кіламетраў. Над горадам падняўся высачэзны грыб з дыму і попелу, а застрашлівы манатонны жаночы голас абвяшчаў праз гучнагаварыльнік: «На вытворчым аб'яднанні “Крышталь” адбылася няштатная сітуацыя. Пагрозы насельніцтву няма. Просьба захоўваць спакой». Ударная хваля выбіла вокны ў радыусе да трох кіламетраў. Паводле апошніх звестак, да медыкаў звярнуліся 89 чалавек, але загінулых, як запэўніваюць улады, няма. Карэспандэнт «Новой газеты» Мікіта Гірын правёў вечар у Дзяржынску і пагутарыў з гараджанамі і дырэктарам завода.

Аляксандр Меркін, стомлены мужчына з гладкім тварам і ўскудлачанымі валасамі, тройчы за 10-хвілінную гутарку адрываецца на ўваходныя званкі: у Дзяржынск на шрубалёце ляціць губернатар Ніжагародскай вобласці. Меркін – дэпутат гардумы ад «Адзінай Расеі» і в. а. выканаўчага дырэктара ДзяржНДІ «Крышталь».

– А 12-й гадзіне на прадпрыемстве падарваліся два склады, дзе захоўваліся выбуховыя рэчывы, – апавядае мне Меркін у канторы суседняга завода, імя Свярдлова. – Быў пажар, пажарныя прыехалі своечасова, прафесійна спрацавалі. Пагрозы насельніцтву, пагрозы паўторных выбухаў няма.

– А што прывяло да першых?

– Гэта немагчыма цяпер сказаць. На складах не адбываецца ніякіх тэхналагічных аперацый. Там не вядуцца ніякія сінтэзы, ніякія працэсы ў рыштунку. Чыста захоўванне. Што прывяло – будзе разбірацца ўжо Следчы камітэт.

– Гледзячы на разбурэнні ў горадзе, цяжка паверыць, што ніхто не загінуў на самім заводзе.

– Непасрэдна на тэрыторыі знаходзіліся 97 чалавек. 28 чалавек – працаўнікі «Крышталя», 69 – супрацоўнікі ДзяржНДІмаш, гэта падрадная арганізацыя, якая займалася рамонтам інфраструктурнай часткі завода. Усіх мы вывелі, усіх далічыліся, усіх абтэлефанавалі. Некаторыя звярнуліся па дапамогу ў медсанчастку. Два атрымалі пашкоджанні сярэдняй цяжкасці, астатнія – лёгкія, яны былі адпушчаныя.

Меркін тлумачыць, што працоўныя выратаваліся, бо не знаходзіліся побач са складамі – не належыць. А тыя будынкі, у якіх яны былі, абаронены абвалаўкамі – насыпамі, спраектаванымі «якраз для такіх выпадкаў».

– Я не ведаю, хто ў што верыць, – раздражнёна паўтарае Меркін, – але, на наш вялікі поспех, загінулых няма.

З грамадзянскіх пабудоваў мацней за ўсё дасталася дамам на найбліжэйшых да прамзоны вуліцах: Чырвонаармейскай, Індустрыяльнай, Горкаўскай, Ульянава. У крамы-склада «Святлафор» выпаў кавалак сцяны.

ЧАСТКОВЫ АБВАЛ СТОЛІ Ў КРАМЕ «ПЯЦЁРАЧКА» Ў ДЗЯРЖЫНСКУ Ў ВЫНІКУ ВЫБУХУ НА АБАРОНЧЫМ ЗАВОДЗЕ
ФОТА: МІХАІЛ САЛУНІН – спецыяльна для «НОВАЙ»

Каля некаторых пад'ездаў стаяць групкі жыхароў. Абмяркоўваюць папраўку вокнаў і свае перспектывы ў Дзяржынску ўвогуле.

– Яшчэ раз такое здарыцца – і нас ужо не будзе.

– У мяне рама ўпала ўнутр кухні, усё раскірачыла, я нават паесці прыгатаваць не магу.

– Нам трэба малако выдаваць за шкоднае жыццё.

Улады і прадпрыемства абяцаюць аператыўна ўставіць вокны ў дамах і кампенсаваць шкоду арганізацыям.

МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ ВЫГЛЯДАЮЦЬ З ВОКНАЎ ДАМОЎ, ЯКІЯ ПАЦЯРПЕЛІ АД ВЫБУХОВАЙ ХВАЛІ
ФОТА: МІХАІЛ САЛУНІН – спецыяльна для «НОВАЙ»

Таццяна гандлюе садавіной і гароднінай на Чырвонаармейскай пад хісткім навесам з прафнасцілу. Сёння быў яе першы дзень на гэтай працы.

– Ну, думаю, лета пачалося, усё будзе добра. Сыну сказала: «Хутка красоўкі табе набудзем!» – прыпальваючы, пахмыляецца прадаўшчыца. Ударнай хваляй ад другога выбуху яе збіла з ног.

– Вось так падхапіла неяк і адкінула, – паводзіць Таццяна рукамі. – Мужчыны мяне паднялі, і мы схаваліся ў суседняй краме. Я псіхолаг паводле адукацыі – у такія моманты разумееш каштоўнасць жыцця.

ПАЛІЦЭЙСКІ ПАТРУЛЬ ПЕРАКРЫЎ ПАД'ЕЗДЫ ДА ПРАХАДНЫХ АБАРОНЧАГА ЗАВОДУ
ФОТА: МІХАІЛ САЛУНІН – спецыяльна для «НОВАЙ»

Удзень на трасе М-7 у раёне завода «Крышталь» і на асноўных выездах з Дзяржынска рух быў паралізаваны – здавалася, што людзі масава спрабуюць адсюль з'ехаць. Але ўжо да вечару горад быццам бы прыйшоў у сябе.

– Ну, каб вось так [моцна] – раней не было, вядома, – абыякава кажа іпэшнік Сяргей, патрапаны мужчына ў чырвонай майцы і сініх трэніках. Ён выгульвае пінчара паміж пацярпелых дамоў на Індустрыяльнай. – Я сам там працаваў кіпаўцам (наладнік кантрольна-вымяральных прыбораў. – Рэд.), і ўсякае бывала. А маці ў мяне ў 1984 годзе ўвогуле загінула пры выбуху. Сямнаццаць гадоў мне было. Так што мы людзі звыклыя.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках