19 красавiка 2024, Пятніца, 2:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Улады проста ўзаконяць перакупшчыкаў, і гэта вельмі абурыць народ»

21
«Улады проста ўзаконяць перакупшчыкаў, і гэта вельмі абурыць народ»

Дзяржава хоча прадаваць кватэры УКБ праз аўкцыён.

Нядаўна СМІ распавядалі аб праекце ўказа Лукашэнкі, згодна з якім права ўкладаць дамову долевага будаўніцтва ў Дзяржаўнага забудоўніка ў Менску будзе прадавацца на аўкцыёне. Дакумент знаходзіцца на фінальнай стадыі ўзгаднення, таму мы захацелі даведацца, як да будучых пераменаў ставяцца дзяржаўныя забудоўнікі. І іх меркаванні падзяліліся, прычым дыяметральна, піша tut.by.

Нагадаем, згодна з праектам указа, у 2019-2020 гадах у Менску правядуць эксперымент, падчас якога дамовы долевага будаўніцтва будуць укладацца дзяржзабудоўнікам толькі пасля таго, як патэнцыйны дольнік набудзе на аўкцыёне права ўкладання такой дамовы. І гэтыя аўкцыёны павінны праходзіць на іншай пляцоўцы, падкантрольнай дзяржаве.

Стваральнікі праекта ўказа мяркуюць, што такі механізм дасць магчымасць выключыць карупцыйны складнік пры продажы кватэр з нізкім (паводле рынкавых мерак) коштам і ўвядзе празрысты і канкурэнтны механізм выбару дольніка.

Новыя правілы павінны тычыцца толькі камерцыйнага жылля, гэта значыць, таго, дзе прыбытак забудоўніка не абмежаваны. Кватэры для чаргавікоў будуць рэалізоўвацца па-ранейшаму. Прыватных забудоўшчыкаў нормы ўказа не закрануць. Не закрануць яны і выпадкі, калі дзяржзабудоўнік прадае ўжо гатовае жыллё.

«Мы проста ўзаконім перакупшчыкаў, і гэта вельмі раззлуе народ»

Прадстаўнік кіраўніцтва аднаго з дзяржзабудоўнікаў ставіцца да праекту ўказа скептычна.

- Калі мы прымушаем чалавека плаціць грошы за права ўкладаць дамову, то мы пазбаўляем яго права пабудаваць кватэру заяўленым коштам.

З ягоных слоў, у першую чаргу гэта негатыўна ўдарыць па тых людзях, хто набывае недарагую нерухомасць на апошнія грошы.

- Дапусцім, такі чалавек прыходзіць на аўкцыён, а там ужо стаіць перакупшчык, у якога грошай больш. І ён можа купіць права на 10-20 кватэр, толькі крыху знізіўшы маржу свайго заробку. Такім чынам, мы цяпер проста ўпарадкуем пытанне перакупшчыкаў.

А перакупшчыкаў як раз і цікавяць кватэры ў панэльных дамах з танным квадратам, кажа суразмоўца. Умоўна кажучы: падвысіўшы падчас таргоў кошт двухпакаёўкі з коштам метра 700-800 даляраў на 3 тысячы даляраў, перакупшчык проста адсее людзей, якія прыйшлі купляць жыллё на апошнія грошы.

- Так, на аўкцыёне ён наварыць не пяць, а тры тысячы даляраў, але зробіць гэта абсалютна законным спосабам і без усялякіх сутычак на парозе УКБ. Ён як на парозе УКБ стаіць з пяццю даверанасцямі, так і на аўкцыён з пяццю даверанасцямі прыйдзе.

Таму прадстаўнік забудоўніка асцерагаецца, што ўказ паставіць яшчэ большы бар’ер паміж рысай бедны/багаты.

- У каго ёсць грошы, той атрымае пазачарговае права на будаўніцтва жылля, а бедны як быў ні з чым, так і застанецца са сваімі 800 далярамі за «квадрат» у кішэні. Я думаю, што гэтая ідэя вельмі абурыць народ і ўказ скасуюць.

Калі ж дзяржзабудоўнік будзе выстаўляць кватэры рынкавым коштам, то аўкцыён тут таксама можа стварыць яму праблемы, адзначае суразмоўца. Якому пакупніку трэба затлумляцца з таргамі за права купіць кватэру па 1200 за «квадрат», калі яе можна проста набыць такім жа коштам у прыватніка без аўкцыёну?

- Баюся, што прыватнікі будуць вельмі рады, бо ім важна адсунуць дзяржзабудоўніка ад магчымасці прадаваць больш таннае жыллё, чым у іх.

- Але які тады механізм пазбягання карупцыйных рызык, калі не аўкцыён?

- Трэба ўпарадкаваць магчымую колькасць рэалізацыі кватэр у адны рукі, колькасць даверанасцяў на аднаго чалавека і зрабіць магчымым, каб чарга была электроннай. Гэта прапановы не толькі забудоўнікаў, але і тых людзей, якія да іх прыходзяць.

«Гэта будзе стымулам для забудоўнікаў прадаваць гатовае жыллё»

Прадстаўнік кіраўніцтва іншага Менскага дзяржзабудоўніка, наадварот, вітае парадак, прапісаны ў праекце ўказа.

- Сітуацыя, калі людзі начуюць пад вокнамі і гэта нічым не рэгламентавана — няправільная. Пры дапамозе ж аўкцыёну мы пазбавімся ад гэтай праблемы. А калі ў дзяржзабудоўніка ёсць аўтарытэт і ягоная прадукцыя і так прадаецца хутка, то праблем пры рэалізацыі кватэр праз аўкцыён у яго таксама не будзе.

- Але вашы калегі кажуць, што з дапамогай аўкцыёну мы можам узаконіць перакупшчыкаў і пазбавіць кватэр тых, хто іх набывае на апошнія грошы.

- У перакупшчыкаў няма такога абаротнага капіталу, які дазволіць набываць кватэры ў вялікай колькасці. Як правіла, яны могуць дазволіць сабе 5-10 кватэр. А калі іншаму чалавеку цікавая гэтая кватэра, то ён будзе за яе змагацца. Больш таго, цяпер 90% угодаў адбываецца з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў, і пакупнік проста можа дабраць патрэбную суму крэдытам. Гэта сапраўды гэтак жа, як праз аўкцыён адбываецца рэалізацыя зямельных надзелаў у прыгарадзе Менска. Мы ж не ведаем, перакупшчык там ці не.

Яшчэ адзін плюс аўкцыёнаў у тым, што яны стымулююць дзяржзабудоўнікаў прадаваць гатовае жыллё, кажа суразмоўца. І гэта здыме напружанасць не толькі ў пакупніка.

- У забудоўніка не будзе праблем са зваротамі, калі людзі спрабуюць умешвацца ў будаўнічыя працэсы і кіраваць гэтымі працэсамі, не разумеючы законнасці сваіх патрабаванняў. Чалавек будзе набываць гатовы прадукт, і на стадыі перадачы будуць здымацца ўсе спрэчныя моманты.

- Але не ў кожнага забудоўніка ёсць дастаткова абаротнага капіталу, каб спачатку будаваць жыллё, а толькі потым прадаваць.

- З гэтым ёсць пытанні, але мы не бачым праблемы прыцягнуць іншы капітал з дапамогай фінансавых інструментаў, якія дазволяць працаваць і не мець праблем з дамовамі долевага будаўніцтва, дзе жорстка прапісаныя і штрафныя санкцыі, і тэрміны заканчэння работ.

Суразмоўца таксама не згодны з тым, што праз аўкцыёнаў пакупнікі сыдуць да прыватнікаў, якія прадаюць такімі ж коштамі. Ён кажа, што пры выбары забудоўніка чалавек усё адно вялікае значэнне надае яго аўтарытэту і надзейнасці арганізацыі. Маўляў, чэргі ў таго, хто гарантуе якасць і хто дакладна не сыдзе з рынку найбліжэйшым часам.

- А яшчэ сітуацыя з аўкцыёнамі прымусіць дзяржзабудоўнікаў працаваць з маркетынгам і рэкламай. І калі давядзецца займацца маркетынгавымі даследаваннямі, то ў выніку яны пачнуць рэалізоўваць не толькі тыпавыя пастановы. Бо цяпер дзяржзабудоўнікі павінны будуць прапанаваць больш якасны прадукт за тыя ж грошы. А аўкцыён будзе яшчэ адным інструментам, які дазволіць вызначыць аптымальны кошт.

«Калі людзі не прыйдуць на аўкцыён, забудоўнік панізіць кошт»

Прадстаўнік кіраўніцтва трэцяга забудоўніка таксама пазітыўна адклікаецца аб праекце ўказа.

- Паколькі найбліжэйшым часам амаль усё дзяржаўнае будаўніцтва ў Менску будзе разлічанае на шматдзетных, то ажыятаж на камерцыйнае жыллё ад дзяржзабудоўнікаў будзе вялікі. І пры рэалізацыі яго праз аўкцыён людзям не трэба будзе дзяжурыць пад УКБ. Аўкцыён - гэта здаровая і празрыстая канкурэнцыя.

— А калі кошт будзе рынкавым, пакупнікі не сыдуць да прыватніка?

- Калі людзі не прыйдуць, то забудоўнік панізіць кошт. Усе выдатна разумеюць сабекошт панэльнага і маналітнага жылля.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках