29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы - Пуціну: Што павінна адбыцца, каб вы сышлі?

22
Расейцы - Пуціну: Што павінна адбыцца, каб вы сышлі?
ФОТА: AFP

Пра што расейцы спыталі прэзідэнта РФ напярэдадні жывой лініі.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін 20 чэрвеня праводзіць чарговую жывую лінію, падчас якой адказвае на дасланыя загадзя і зададзеныя ў эфіры пытанні.

Напярэдадні журналісты Настоящего Времени папрасілі жыхароў Архангельскай вобласці Расеі, Екацярынбурга, Казані і Масквы расказаць, пра што б яны спыталі кіраўніка дзяржавы.

Жыхароў расейскай сталіцы турбуюць пытанні забудовы і дабрабыту, у Архангельскай вобласці людзі патрабуюць спыніць будаўніцтва смеццевага палігона, жыхароў іншых рэгіёнаў хвалююць пытанні экалогіі, якасці жыцця і захавання законаў.

Масква

"Як так атрымалася, што за гады вашага кіравання - а вы ва ўладзе ўжо амаль 20 гадоў - у краіне, якая самая вялікая па памеры, багатая на прыродныя рэсурсы, у якой ахоп насельніцтва вышэйшай адукацыяй значна большы, чым дзе б там ні было, людзі маюць заробкі ў некалькі разоў ніжэйшыя, чым у краінах, якія толькі нядаўна ўваходзілі ў савецкі блок? - цікавіцца ў прэзідэнта жыхар сталіцы Расеі. - І што яшчэ павінна адбыцца ў сацыяльным плане, каб вы ўсё ж такі сышлі з улады?"

"Калі вы, нарэшце, пачняце выконваць свае абавязкі?" - звяртаюцца да Пуціна жыхары маскоўскага раёна Кунцава. Група людзей пратэстуе супраць перапланіроўкі кварталаў у раёне: 28 гектараў зямлі без конкурсу перадалі групе кампаній ПІК, якая павінна правесці "рэарганізацыю" тэрыторыі, чамусьці абазначанай у будаўнічай дакументацыі як нежылая.

Жыхары дамоў, якіх плануюць выселіць, не згодныя з такой пастановай і бароняць свае правы. Але пакуль усё суды сталі на бок забудоўніка і маскоўскіх уладаў.

"Супраць нас выступае Расгвардыя, якая зарабляе свае перамогі ў барацьбе з пенсіянерамі, з дзецьмі і з бяззбройнымі грамадзянамі. Вось усе іх дасягненні. Звярнуцца нам у Маскве ўжо няма куды і ўжо немагчыма. Перш чым нам брацца за камяні і вілы, просім і патрабуем у Пуціна звярнуць увагу на гэты самавольства і яго спыніць".

Татарстан

Жыхары двух паселішчаў Зяленадольскага раёна расейскай рэспублікі Татарстан звяртаюцца з прапановай свайго праекту абароны тэрыторый. Зямлю ў іх рэгіёне - адзіны ў рэспубліцы рэзерват ЮНЕСКА - насуперак прыродаахоўнаму заканадаўству хочуць аддаць пад кар'еры і індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва.

Шыес

Жыхары населеных пунктаў паблізу станцыі Шыес ў Архангельскай вобласці Расеі ўжо 11 месяцаў пратэстуюць супраць таго, каб побач быў пабудаваны палігон для бытавых адкідаў з Масквы.

У сваім звароце жыхары горада Котлас і паселішча Вычагодскі патрабуюць абавязаць кіраўніцтва Архангельскай вобласці выконваць заканадаўства і правесці рэферэндум аб забароне ўвозу смецця з іншых рэгіёнаў, а таксама цалкам спыніць будаўніцтва гіганцкага палігона.

"Амаль усё насельніцтва двух рэгіёнаў - Архангельскай вобласці і Рэспублікі Комі - катэгарычна супраць гэтага вар'яцкага будаўніцтва".

Екацярынбург

"Чаму нашы прыродныя паркі пад пагрозай?" - жыхароў Екацярынбурга таксама турбуюць пытанні экалогіі. Свярдлоўская вобласць Расеі знаходзіцца на 85-м месцы паводле экалогіі ў краіне, паведамляюць жыхары рэгіёну, і цікавяцца, ці ёсць у Пуціна стратэгія развязання экалагічных праблем у Расеі.

У канцы траўня расейская дзяржаўная сацыялагічная служба УЦДГМ абнавіла методыку падліку даверу палітыкам. Паводле новай методыкі збору звестак, рэйтынг прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна склаў 72,3%, у той час як недавер прэзідэнту Расеі выказалі 23,7%.

Паводле старой методыкі падліку, калі рэспандэнтам самім прапаноўвалася назваць прозвішча палітыка, якому яны давяраюць, рэйтынг прэзідэнта за травень 2019 года склаў 31,2% (менавіта столькі чалавек шчыра назвалі прозвішча Пуціна). Гэта быў мінімальны паказчык за 13 гадоў. Праз некалькі дзён пасля публікацыі вынікаў апытання прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамлі чакаюць ад УЦДГМ тлумачэнняў аб "карэляцыі звестак". "Як можа падаць рэйтынг даверу і пры гэтым расці электаральны рэйтынг?" - сказаў Пяскоў.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках