29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Pussy Riot, сардэчна запрашаем у Беларусь!

6
Pussy Riot, сардэчна запрашаем у Беларусь!
Фота: AP

Усё ў гэтай гісторыі дзіўна.

Кіраўніца Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Качанава патэлефанавала адной з удзельніц Pussy Riot і папрасіла прабачэння за забарону на ўезд у Беларусь. Запіс тэлефоннай размовы, які ўдзельнікі групы выклалі ў сетку, больш падобны да розыгрышу нейкага пранкера. Аднак у прыёмнай Адміністрацыі прэзідэнта пацвердзілі факт размовы. А неўзабаве і прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант запэўніла, што Качанава выконвала даручэнне, піша «Салiдарнасць».

Увогуле, усё кажа пра тое, што абнародаваны запіс размовы з Качанавай сапраўды рэальны. І гэта выклікае яшчэ больш пытанняў.

Такім чынам, некалькі тэзісаў, якія прагучалі з вуснаў кіраўніцы адміністрацыі.

«Ведаеце, як заўсёды, дзесьці перастара... перапрацаваліся нашыя органы, незразумела ў якіх пытаннях, таму тут ужо так атрымалася...»

Пра тое, што ў нашых органаў можа «так атрымацца», і яны маюць звычай «перапрацавацца», у нас ведаюць добра. Праўда, вось просяць прабачэння за гэта далёка не перад усімі грамадзянамі.

Прычым цікавае назіранне: для таго, каб уладзе прызнаць памылку, патрэбны не закон, не суд, а толькі распараджэнне аднаго-адзінага чалавека.

«Мы ўбачылі са сродкаў масавай інфармацыі, убачыў наш прэзідэнт, кажа: «Божа, што гэта такое? А якія ў нас да іх пытанні? Няма ніякіх пытанняў». Усё, няма пытанняў, значыць, я вам тэлефаную. Так што, Вольга Уладзіміраўна, усяго добрага вам».

Гэта значыць яшчэ нядаўна пытанні былі, а цяпер няма. І ўжо ў Дэпартаменце грамадзянства і міграцыі гасцінна заяўляюць, што Нікульшына і Курачаева могуць прыехаць на Еўрагульні.

На пытанне TUT.BY, а што раней было не так, кіраўнік Дэпартамента Аляксей Бягун адказвае: «Ну яны ж сябе праявілі на чэмпіянаце свету ў футболе ў 2018 годзе», маючы на ўвазе прабег актывістак па полі ў паліцэйскай форме на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту.

А на ўдакладненне, чаму забарону знялі, тлумачыць: «Таму што знайшлі разуменне, што гэтага не паўторыцца. Разуменне знайшлі ў індывідуальным парадку: з імі звязаліся супрацоўнікі МУС».

Вось такая форма законных дачыненняў: спачатку анулявалі, а потым патэлефанавалі, пагаварылі, пагутарылі і зразумелі адзін аднаго.

Увогуле, сардэчна запрашаем у Беларусь! Краіну ўсеагульнага ўзаемаразумення і гасціннасці, у якой справядлівасць рэгулюецца адным-адзіным чалавекам.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках