Інвалід па зроку дамагаецца справядлівасці ад беларускіх уладаў
5- 20.06.2019, 14:34
- 8,876
Жыхар Салігорска страціў на працоўным месцы зрок на адно вока, а яму выплацілі мізэрную кампенсацыю.
У рэдакцыю сайта Сharter97.org звярнуўся інвалід трэцяй групы па зроку Мікалай Вашчабровіч, які атрымаў траўмы на салігорскім прадпрыемстве «Прамтэхмантаж».
Яму ўдалося адсудзіць у прадпрыемства 5000 тысяч рублёў, хоць ён хацеў кампенсаваць атрыманыя траўмы і маральную шкоду на суму 30 000 рублёў. У пазове было часткова адмоўлена.
Мікалай дайшоў са сваёй скаргай да судовай калегіі ў грамадзянскіх справах Менскага абласнога суда, якая прызначыла яму яшчэ адну кампенсацыю - 120 рублёў.
Жыхар Салігорска звяртаўся і да пракурора Менскай вобласці, і да намесніка старшыні Вярхоўнага Суда, дайшоў і да Генпракуратуры.
«Вызначаючы суму грашовай кампенсацыі маральнай шкоды, суд не цалкам ацаніў і прыняў да ўвагі той факт, што я страціў зрок на адно вока, мне вызначаная 3 група інваліднасці і ступень страты працаздольнасці 40% бестэрмінова.
Акрамя гэтага, у сувязі з неадпаведнасцю работніка з прычыны стану здароўя, што перашкаджае прадаўжэнню працы ў якасці мантажніка будаўнічых канструкцый, я быў звольнены», - распавёў Мікалай Вашчабровіч
Толькі пасля таго, як гэтая інфармацыя была адданая агалосцы ў СМІ, яго аднавілі на працы.
Вярхоўны суд матываваў пастанову аб зніжэнні кампенсацыі з 30 000 рублёў да 5 000 рублёў «улікам прынцыпу разумнасці і справядлівасці».
Мікалай Вашчабровіч звярнуўся ў Адміністрацыю Лукашэнкі і там атрымаў адмову.
«Усе мае звароты, заявы, скаргі службовыя асобы проста ігнаруюць», - распавёў ён.