25 красавiка 2024, Чацвер, 4:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Лідзе актывістаў аштрафавалі за пікетаванне райвыканкама

8
У Лідзе актывістаў аштрафавалі за пікетаванне райвыканкама
ФОТА: TELEGRAM-КАНАЛ «NEXTA LITE»

Пікет супраць забруджвання Дзітвы суд ацаніў на 10 базавых.

Лідскі суд аштрафаваў 20 чэрвеня актывістаў Вітольда Ашурка і Сяргея Пантуса на 255 рублёў (10 базавых адзінак) кожнага, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Яны выйшлі да райвыканкаму з плакатам «Мёртвая Дзітва», каб прыцягнуць увагу да праблемы забруджвання ракі.

Праблему на рацэ Ашурак і Пантус заўважылі 12 чэрвеня. Мясцовыя ўлады заявілі, што праблемы ў рацэ Дзітве, якая ўпадае ў Нёман, звязаныя са спякотай. Актывісты знайшлі трубу, адкуль у ваду зліваюцца адкіды.

17 чэрвеня актывісты выйшлі да будынку райвыканкаму з расцяжкай «Мёртвая Дзітва», 19 чэрвеня абодва атрымалі позвы: трэба сёння з’явіцца да ўчастковага інспектара Паўла Кашко. Там правялі праверку матэрыялаў справы і склалі пратаколы і адразу, не зацягваючы, адвезлі актывістаў у суд.

«Агулам суд прадаўжаўся блізу паўгадзіны, прычым большую частку часу заняло зачытванне пратаколу», - распавёў Сяргей Пантус.

З ягоных слоў, сведак у судзе не было, іх апазналі пасля вывучэння запісаў камер відэаназірання на будынку райвыканкаму. Пасля разгляду суддзя прыняў пастанову аштрафаваць актывістаў на 10 базавых адзінак кожнага (па 255 рублёў) за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (ч.1 арт.23.34 КоАП).

«Мы выйшлі на пікет, пра што я і сказаў падчас суда, каб прыцягнуць увагу да праблемы, каб справа зрушылася з мёртвага пункта», - адзначыў Сяргей Пантус. Ён уважае суд за фармальнасць.

«Сістэма займаецца самазахаваннем, - дадаў Вітольд Ашурак. - Адбылося НЗ, і яны імкнуцца выкруціцца. Нас, зразумела, адказнымі за катастрофу не зробяць, але паказваюць, хто ў доме гаспадар».

Як распавёў Сяргей Пантус, яшчэ ўчора зліў адкідаў у Дзітву прадаўжаўся, але, на думку мясцовых жыхароў, смурод ад іх паменшыўся, а вада стала святлейшай.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках