18 красавiка 2024, Чацвер, 18:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Горках ушануюць памяць пра імператара, які ваяваў з беларусамі

12
У Горках ушануюць памяць пра імператара, які ваяваў з беларусамі
ПАМЯТНЫМ ЗНАКАМ ПЯТРУ I У ГОРКАХ БУДЗЕ МУЛЯЖ СТАРАДАЎНЯЕ ГАРМАТЫ, ЯКІ РАНЕЙ СТАЯЎ КАЛЯ СТАРОГА БУДЫНКА МУЗЕЯ.
ФОТА: АЛЯКСАНДР ХРАМКО.

Памятным знакам Пятру I будзе муляж старадаўняй гарматы.

У сераду 26 чэрвеня ў Горках адкрыюць памятны знак аб знаходжанні Пятра I у горадзе, паведамляе horki.info.

Падзея будзе часткай святкавання 75-годдзя вызвалення Горацкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праўда, расейскі імператар і вызваліцелі ад нацызму стаяць па розныя бакі барыкад.

Пра што кажуць ўпартыя гістарычныя факты?

Пётр I сапраўды быў у Горках. Гэта здарылася ўлетку 1708 года падчас Паўночнай вайны. У ёй Расея і Швецыя змагаліся за панаванне на Балтыйскім моры. Беларускія землі ў той момант не былі часткай Расейская Валадарства, але сталі арэнай крывавых падзей. Самыя маштабныя з іх - трагедыі ў Магілёве, Віцебску і Полацку.

У ліпені 1708 года Магілёў занялі войскі шведскага караля Карла XII. Яны разрабавалі горад, саджалі мяшчан «у падвалы, марылі голадам, у халодную ваду голых кідалі, на бэльках пад столлю падвешвалі». У верасні прыйшлі расейскія войскі. На загад Пятра I Магілёў быў разбураны і спалены, хоць вайсковай неабходнасці ў гэтым не было.

З 1700 да 1708 года праз Віцебск не раз праходзілі войскі ваюючых бакоў. Усе бралі з людзей недарэчныя павіннасці натурай і грашыма. Калі Пётр I даведаўся, што жыхары Віцебску спачувалі польскаму каралю (а каму яшчэ, калі нашы землі былі часткай польска-літоўскай дзяржавы?!), то за гэта загадаў сваім войскам спаліць горад, што і было выканана ў верасні 1708 года. З гэтага часу Віцебск стаў бедны, насельніцтва яго паменшылася, гандаль упаў.

У траўні 1710 г. Пётр I з Аляксандрам Меншыкавым арганізавалі забойства манахаў Сафійскага сабора ў Полацку. Перад адыходам з горада войска Пятра ўзарвала гэтую знакамітую беларускую святыню.

Экспертная ацэнка

У 2015 годзе на сайце газеты Горацкага райвыканкама «Горацкі веснік» выйшаў артыкул «Падстаў для ўстаноўкі памятнай дошкі ў гонар знаходжання Пятра I у Горках няма». У ёй дырэктарка Горацкага гісторыка-этнаграфічнага музея Святлана Макеева тлумачыць, што знаходжанне Пятра I у Горках не з'яўляецца важнай гістарычнай падзеяй, таму што бітва паміж расейскімі і шведскімі войскамі ў нашым горадзе не адбылася.

Акрамя гэтага, экспэрт падкрэслівае, што ў нас няма падставы ганарыцца фактам знаходжання ў Горках расейскага цара са сваім войскам. Чаму ж? «Паўночная вайна 1700-1721 гадоў прынесла жыхарам беларускіх зямель велізарныя страты, абвастрыла эканамічную і палітычную сітуацыю ў краіне. Знаходжанне замежных войскаў цяжкім цяжарам легла на мясцовае насельніцтва. Гістарычныя дакументы сведчаць аб марадзёрстве, рабаваннях і гвалце не толькі шведскіх, але і расейскіх войскаў».

Пётр I - самы годны?

У Горках няма памятнага знака роду Сапегаў, якія валодалі горадам доўгія гады. Гэтыя беларускія магнаты далі нашаму мястэчку малое магдэбургскае права, дзякуючы гэтаму населены пункт рос і развіваўся.

У 2012 годзе на тэрыторыі акадэміі зруйнавалі дом, у якім жыў Максім Гарэцкі, класік беларускай літаратуры. Памятны знак на гэтым месцы абяцалі паставіць некалькі разоў, але воз і цяпер там.

На Мічурына дагэтуль не ідзе аднаўленне помнікаў архітэктуры, хоць некалькі дамоў на гэтай вуліцы ўнесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь і знаходзяцца пад аховай дзяржавы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках