29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Некаторыя атрымліваюць па 2-3 тысячы еўраў у месяц»

3
«Некаторыя атрымліваюць па 2-3 тысячы еўраў у месяц»

Як беларусы зарабляюць на чарніцах ў Фінляндыі.

«Калі збіраў інфармацыю ў інтэрнэце, даведаўся, што толькі лянівы не зарабляе на зборы лясных ягад 1,5 тысячы еўраў. Максімум можна зарабіць да 2,5 тысяч еўраў», - распавядае Дзмітрый Кандзіранда, які год таму з'ездзіў на заробкі ў Фінляндыю. Загарэўшыся ідэяй зарабіць, ён прагледзеў дзясяткі сайтаў і зразумеў, што знайсці працу па зборы лясных ягад без пасярэдніка немагчыма, піша tut.by.

ФОТА: ЗМІЦЕР КАНДИРАНДА

- Спрабаваў пісаць лісты наўпрост самім фінам - усе яны засталіся без адказу.

Са слоў суразмоўцы, пасярэднікі дзеляцца на дзве катэгорыі: адны просяць перавесці грошы дыстанцыйна і пасля аплаты паведамляюць адрас наймальніка, іншыя даюць адрас працадаўцы адразу і прапануюць па прыездзе аплаціць паслугі пасярэдніка.

Пасярэднікі просяць за свае паслугі 200-300 еўра з чалавека. Дзмітрый дзейнічаў па другім сцэнары:

- Мы з маёй дзяўчынай Вольгай адкрылі турыстычныя візы і адправіліся ў Фінляндыю аўтастопам.

Прыехаўшы на месца, пара сустрэлася з пасярэднікам, аплаціла яго паслугі. Той дапамог знайсці жыллё, арандаваць аўтамабіль і пазнаёміў са скупшчыкам ягад.

- Нас пасялілі ў пераробленай пад жыллё былой сельскай школе, дзе былі ўсе ўмовы для камфортнага жыцця: асобны пакой, кухня, туалет, душ, ванна, пралка. Мы выбралі варыянт без ложка, толькі з матрацам - 5 еўра ў дзень з кожнага. З ложкам было б даражэй - па 7,5 еўра. Калі б мы ехалі самастойна, жыллё абышлося б нашмат даражэй.

У школе была трэнажорная зала, тэнісны стол, цір, лазня. Але на спорт у нас часу не было. Мы працавалі без выхадных. Калі ты ведаеш, што заўтра а 6 раніцы ўставаць, і табе зноў трэба шукаць добрую паляну чарніцы, жадання схадзіць на трэнажор не ўзнікае.

Вольга кажа, што адзінае, што даставіла нязручнасці - адсутнасць сталовых прыбораў.

- Прыйшлося мяняць цыгарэту на лыжку ў хлопцаў, якія жывуць па суседстве, - успамінае яна. - Цыгарэты ў Фінляндыі на вагу золата. Пачак самых танных каштуе 6-7 еўра. На глебе прагнасці мы кінулі паліць.

Кошты прадуктаў у Фінляндыі здзівілі беларусаў.

- Мы чакалі, што яны будуць вышэйшыя, - кажа Дзмітрый. - Прадукты высокай якасці, натуральныя і вельмі смачныя. Больш за ўсё мне спадабаўся ёгурт, які каштаваў усяго еўра за літр.

Дзмітрый і Вольга працавалі ў кампаніі з трыма хлопцамі. Яны арандавалі аўтамабіль за 140 еўра ў месяц. Працоўны дзень пачынаўся а 7-8 раніцы.

Са слоў Дзмітрыя, чарніцу збіралі камбайнамі. Пасля працы перабіралі ягады і адвозілі скупшчыку. Разлік праводзілі ў той жа дзень. За кіло чарніцы плацілі па 4 еўры.

- Самым цяжкім у рабоце было знайсці добрую паляну, - успамінае Дзмітрый. - Калі ягады шмат, збіраецца хутка і лёгка, калі мала - моташна і доўга.

Дзмітрый прызнаецца: ніколі ў жыцці ён не збіраў столькі чарніц.

- Мой рэкорд - 24 літры за дзень. Глядзеў на ягады і думаў: няўжо гэта зрабіў я?

Фінская мара гастарбайтэра з Беларусі не спраўдзілася. Дзмітрый разлічваў зарабіць за месяц 1000 еўраў чыстымі. За вылікам усіх выдаткаў на жыллё, харчаванне і арэнду аўто засталося 550 еўраў. Вольга зарабіла 300 еўра.

- Бачыў людзей, якія па 3-4 сезоны працуюць і атрымліваюць па 2-3 тысячы еўраў у месяц. Для пачаткоўца гэта нерэальная задача, - кажа Дзмітрый.

Пасля трох тыдняў працы ён зразумеў, як збіраць ягады хутка і правільна, і што трэба для таго, каб зарабіць больш.

- Мы знайшлі добрую паляну, і ўпяцёх вычысцілі яе за два дні. Калі б нас было двое, а не пяцёра, мы б там збіралі чарніцы два тыдні, і кожны дзень у нас быў бы добры заробак. Калі мы паедзем зноў, я ўжо ведаю, дзе знаходзяцца чарнічнік - рабіў пазнакі на карце. Нам не прыйшлося б столькі часу марнаваць на пошукі. Акрамя таго, пасярэдніку не трэба плаціць, калі прыязджаеш на новы сезон другі раз.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках