23 лiпеня 2019, aўторак, 23:51
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Мянчанка: Сядзелі ў кавярні, і тут мяне ўкусіў пацук!

46
ФОТА: ONLINER.BY

Візіт жыхаркі сталіцы ў кавярню закончыўся ў лякарні.

Усё здарылася яшчэ 1 чэрвеня. Муж Валянціны разам з сябрамі надумалі схадзіць у кавярню і паглядзець фінал Лігі чэмпіёнаў. Яе ўзялі ў якасці цвярозай кіроўцы. Усе разам яны пайшлі ў кавярню Terra Pizza на Бурдзейнага, 13. Але замест футболу давялося ехаць у лякарню, піша «Онлайнер».

– У гэтай кавярні мы бываем досыць часта, яна, у прынцыпе, нам падабалася да вось гэтага наведвання, – апавядае Валянціна. – У той дзень мы разам з мужам і ягонымі сябрамі прыйшлі ў кавярню ўжо ўвечары, каб павячэраць і паглядзець футбол.

ФОто: onliner.by

Афіцыянтка пасадзіла кампанію за столік на тэрасе. Валянціна замовіла салату і каву, мужчыны – ежу больш сытную. Пакуль яны чакалі заказ, мянчанка раптам адчула рэзкі боль у вялікім пальцы.

– Адчуваю: нешта кусае. Кажу мужу: глянь, што там. Ён давай пераконваць: маўляў, ды можа, камарык які або павучок. Ну, думаю, нічога сабе «павучок», – хвалюецца Валянціна.

Яна нахілілася зірнуць, што з нагой, і ўбачыла на вялікім пальцы кроў, а пад сталом – пацука.

– Ён сядзеў наўпрост пад нашым сталом, а потым павольна пайшоў да іншага століка, там таксама людзі спалохаліся. Потым ён пайшоў да выхаду, спыніўся там, а потым знік. Мы былі ў такім шоку, што адразу нават не скемілі сфатаграфаваць яго, – кажа мянчанка. – Прыйшла адміністратарка. За суседнім столікам хлопцы, убачыўшы пацука, сышлі адразу ж, заявіўшы, што плаціць за ежу не будуць. Мы таксама сабраліся ехаць у лякарню.

ФОто: onliner.by

Валянціна кажа, што адміністратарка прапаноўвала ім бясплатную вячэру за кошт установы ў якасці кампенсацыі, але, паколькі на той момант ім нічога не прынеслі, кампанія ад ежы адмовілася.

– Але на той момант нам было не да гэтага. Палец крывяніў, трэба было ехаць у лякарню, якая там вячэра, – успамінае Валянціна.

«Поўны курс прафілактыкі зойме дзевяць месяцаў, а я рыхтавалася рабіць ЭКА»

– Паўночы мы праездзілі па лякарнях, нас адпраўлялі то ў адну, то ў другі. У выніку ў «адзінаццатай» лекары агледзелі мяне і сказалі: маўляў, трэба тэрмінова класціся, – кажа мянчанка.

Чатыры дні, з 2 да 5 чэрвеня, Валянціна ляжала ў лякарні. Ёй пачалі калоць вакцыну ад слупняку і шаленства.

– Але на гэтым жа не ўсё. Я буду вымушаная яшчэ тры месяцы, з чэрвеня да жніўня, праходзіць вакцынацыю паводле схемы, дзе патрабуецца ў патрэбны дзень рабіць укол, – тлумачыць яна. – Калі прапусціш хоць адзін, курс лекавання пачынаецца нанова. Пасля трохмесячнай вакцынацыі лекары прызначаюць спецыяльныя прэпараты для прадухілення захворвання. Іх неабходна прымаць цягам шасці месяцаў пасля апошняга ўколу. Увогуле поўны курс прафілактыкі зойме блізу дзевяці месяцаў, і ўвесь гэты час давядзецца знаходзіцца пад наглядам лекараў, што прынясе мне нязручнасці і дадатковыя выдаткі.

ФОто: onliner.by

Паводле словаў Валянціны, да таго, як яе ўкусіў пацук, яна вяла актыўны лад жыцця. Яны з мужам шмат падарожнічалі і планавалі з'ездзіць у адпачынак.

– Але самае сумнае не ў гэтым, – апавядае мянчанка. – Мы з мужам збіраліся завесці дзіця з дапамогай ЭКА. Я прайшла першы этап падрыхтоўкі, здаўшы ўсе неабходныя аналізы і УГД. Усё гэта абышлося нам амаль на 390 рублёў. Мне павінны былі прызначыць індывідуальны курс для далейшых этапаў. Але праз гэтага пацука ў кавярні прадоўжыць пачаты курс я не змагу. Мне давядзецца рабіць перапынак на дзевяць месяцаў, падчас якіх я буду праходзіць лекаванне. Я зноў вымушаная буду праходзіць першы этап і аплачваць яго паўторна.

Паводле словаў Валянціны, палец пасля ўкусу дагэтуль да канца не зажыў і мянчанка перыядычна адчувае боль. Акрамя таго, пасля злапомнага вечару яна вельмі перажывае пра тое, якія наступствы можа мець гэты ўкус.

– Я мяркую, што ўсё ж такі кіраўніцтва і персанал кавярні вінаватыя ў тым, што ў іх на тэрасе бегае пацук, яны не ўсачылі за гэтым, – мяркуе мянчанка. – Лекары паведамілі пра пацука ў санслужбу, яны тэлефанавалі мне і ўдакладнялі, як усё адбылося. Як я зразумела, будуць праводзіць праверку санітарна-эпідэміялагічнага стану кавярні. Я за тое, каб прайшла праверка, а вінаватых змусілі да адказнасці.

Валянціна кажа, што цяпер рыхтуе прэтэнзію да кавярні. Паводле ейных словаў, кіраўніцтва кавярні яшчэ ў дзень укусу казала, што гатовае аплаціць лекаванне.

– Калі не разбярэмся ў дасудовым парадку, тады падам пазоў у суд, – вынікуе Валянціна. – Мяркую, што мне была нанесеная істотная шкода.

ФОто: onliner.by

Уладальнік кавярні: «Можам запэўніць, што дробная жывёла магла трапіць на тэрасу толькі з вуліцы праз адчыненыя дзверы»

Па каментары з нагоды гэтай сітуацыі мы звярнуліся да кіраўніцтва Тerra Pizza. Заснавальнік сеткі Канстанцін Хрусталёў кажа, што падобны выпадак – першы і адзіны за ўвесь час іхняй працы, а гэта амаль 13 гадоў.

– Летняя тэраса знаходзіцца на вялікай адлегласці ад асноўнай залы і кухні, яны на розных паверхах, – тлумачыць Канстанцін Хрусталёў. – Фактычна гэта асобнае памяшканне на ходніках. Таму можам запэўніць, што дробная жывёла магла трапіць на тэрасу толькі з вуліцы праз адчыненыя дзверы.

ФОто: onliner.by

– Мы паважаем і разумеем госцю, спачуваем ёй. З нашага боку было зроблена ўсё для таго, каб згладзіць шок кліента ад убачанага: мы прынеслі прабачэнні і ўзялі на сябе выдаткі за вячэру, а таксама прапанавалі аплаціць лекаванне ў выпадку неабходнасці, – дадае Канстанцін. – У будучыні нашы афіцыянты будуць абавязаныя больш пільна сачыць за становішчам пад сталамі і канапамі. Была яшчэ прапанова завесці вартавога ката. Але пакуль мы пастанавілі з гэтым пачакаць.

ФОто: onliner.by

А калі сур'ёзна, то, вядома, гэты выпадак не з'яўляецца нормай. Мы разумеем, што летняя тэраса – гэта зона нашай адказнасці, і мы зробім усё, каб засцерагчы наведвальнікаў ад падобных сітуацый, нават нягледзячы на тое, што прадбачыць і прадухіліць гэта сіламі персаналу, пагадзіцеся, было вельмі складана.

Таксама Кастусь дадаў, што ў кавярні выконваюцца ўсе санітарныя нормы, але тым не менш персанал пераправерыў усё яшчэ раз.

– Мы таксама звярнуліся да адміністрацыі найбліжэйшага будынка, з склепа якога мог выйсці нечаканы госць, для ўжывання адпаведных захадаў, – сказаў на заканчэнне ён.