23 красавiка 2024, aўторак, 13:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзе ў Беларусі зусім забароняць прадаваць алкаголь

10
Дзе ў Беларусі зусім забароняць прадаваць алкаголь

І ці знізяць акцызы на піва?

Пошуку эфектыўнай мадэлі дзяржаўнай алкагольнай палітыкі быў прысвечаны круглы стол, ініцыяваны Рэспубліканскім звязам прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (РЗПП). Ці магчымая такая мадэль, пры якой беларусы менш пілі б і захоўвалі здароўе, а ў бюджэце пры гэтым не ўтварылася дзірка? Бо ні для кога не таямніца, што падатковыя адлічэнні «алкагольных» прадпрыемстваў – важны пункт прыбыткаў дзяржавы, піша neg.by.

Функцыі акцызаў у любой краіне свету аднолькавыя: папаўненне дзяржаўнай казны і рэгуляванне попыту на асобныя віды тавараў. У Беларусі гэты від падаткаў утварае 10,7% паступленняў у рэспубліканскі бюджэт і 8,9% – у кансалідаваны. У абсалютных ліках летась гэта было 2621,8 руб. супраць 2342,4 руб. у 2017. Дзель падаткаў у кожнай бутэльцы з алкаголем даходзіць да 70% яе раздробнага кошту.

Паступленні ад акцызаў параўнальныя з выдаткамі рэспубліканскага бюджэту на адукацыю. У сярэднім у 2010–2018 гг. дзель гэтага віду падаткаў у прыбытках кансалідаванага бюджэту складала 8,5%.

Але краіна нясе і немалыя выдаткі. Як паведаміў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, «дзяржаве на пераадоленне негатыўных наступстваў, звязаных з алкагалізмам, даводзіцца выдаткоўваць штогод 2% ВУП».

Зразумела, што «алкагольная дзель» у агульным бюджэтным катле – не палова, і нават не чвэрць. І ўсё ж гэты лік пакуль вельмі істотны, каб дзяржава проста так ад яе адмовілася.

Сёння ў Беларусі, – адзначае прадстаўнік камітэта бізнэс-камунікацый РЗПП Раман Касціцын, – суадносіны акцызаў на слабаалкагольныя напоі і піва да моцнага алкаголю складаюць 1,065. Паводле сфармаванай у 2013 годзе рэкамендацыі КДК такія суадносіны павінны быць мінімум 1 да 3 (сярэднія суадносіны ў краінах Еўропы 1:5, у шэрагу дзяржаваў ЕЗ – значна вышэйшыя, а ў Францыі, Нямеччыне, Аўстрыі акцыз на слабаалкагольныя напоі ўвогуле нулявы.

Галоўнае тут – выкарыстанне эвалюцыйнага, а не рэвалюцыйнага падыходу, каб захаваць высокую збіральнасць падаткаў. Пры фармаванні ўласнай нацыянальнай алкагольнай палітыкі вывучаць варта як станоўчы, так і адмоўны досвед перадавых краінаў.

Да прыкладу, у Расеі піваварная галіна за апошнія 3-4 гады скарацілася на траціну праз памылкі ў падатковай палітыцы. А ў Чэхіі і Польшчы сітуацыя проста процілеглая дзякуючы таму, што акцыз вылічаецца не з аб'ёмнай дзелі спірту, а з экстрактыўнага пачатковага сусла.

Словы прадстаўніка аднаго з ключавых бізнэс-звязаў пра тое, наколькі эфектыўна акцыз можа мяняць структуру спажывання алкагольнай прадукцыі, пацвердзіў польскі эксперт Войцэх Крок. Паводле ягоных словаў, у пачатку нулявых гадоў у Польшчы быў устаноўлены даволі высокі акцыз на гарэлку. У выніку змянілася мадэль спажывання алкаголю:

Няма нагоды – п'еш піва, ёсць – гарэлку. У выніку, калі раней у агульным аб'ёме спажывання алкаголю на піва прыпадала 30%, на гарэлку – 70%, то цяпер наадварот. Пры гэтым у грашовым выражэнні на моцны алкаголь прыпадае 42% за кошт пераходу прадукту ў прэміяльны сектар.

Цікавай выглядае яшчэ адна інфармацыя польскага эксперта.

Як высветлілася, пасля ўвядзення ў краіне высокіх акцызаў на моцныя алкагольныя напоі, Польшчу захліснула нелегальная алкагольная прадукцыя з іншых краінаў ЕЗ, з якой улады не перастаюць змагацца да гэтага часу. Але нават з улікам гэтага чынніку моц спажыванага алкаголю знізілася дзякуючы таму, што за гэты час змянілася культура спажывання алкаголю.

Для Беларусі нелегальныя пастаўкі вадкасцяў з утрыманнем спірту праз усходнюю мяжу – таксама каласальная праблема. Тут сітуацыі ў ЕЗ і ў ЕАЭЗ падобныя.

Пра магчымасці фармавання (дакладней, адсутнасці магчымасцяў) у насельніцтва культуры піцця алкагольных напояў выказаліся гендырэктар «Менскага завода вінаградных вінаў» Іван Троцкі і выканаўчы дырэктар Асацыяцыі рэкламных арганізацый Валерый Боднар, на думку якіх зносінам з спажыўцамі перашкаджаюць жорсткія абмежаванні на рэкламу алкаголю. Як можна казаць пра карысць натуральных вінаў, калі нідзе іх згадваць нельга?!

На што першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч крытычна выказаўся пра даступнасць алкагольнай прадукцыі. Даходзіць да абсурду: на АЗС чарга з тых, хто набывае паліва «ў сябе, а не ў аўто». Высокапастаўлены чыноўнік адзначыў, што варта было б забараніць паўсюднасць рэалізацыі алкагольнай прадукцыі. Як у Расеі, дзе на АЗС яна забароненая.

На гэтую рэпліку давялося адказваць кіраўніцы ўправы арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Віялеце Бразоўскай, якая анансавала новы праект закона пра зварот алкагольнай прадукцыі, у якім прысутнічаюць паэтапныя абмежаванні ў частцы продажу алкагольных напояў. Але, на ейную думку, любыя абмежаванні павінны быць паступовымі, каб не абрынуць эканоміку прадпрыемстваў, уключаючы АЗС, дзе спадарожная прадукцыя дапамагае аператарам выжываць. Бізнэс цягам 5-7 гадоў павінен мець магчымасць падрыхтавацца да зменаў, перагледзець бізнэс-планы.

Паводле словаў намесніцы гендырэктара дзяржхолдынгу «Менск Крышталь Груп» Ірыны Кандратавай, праведзенае мерапрыемства можна западозрыць у прасоўванні тэмы піўнога лобі. Яна адзначыла, што можна калі заўгодна казаць пра карысць алкаголю, але гэта не так. Асноўная мэта вытворцаў спіртных напояў – гэта фармаванне прыбытковай часткі бюджэту, пра што ўжо не раз было заяўлена.

Ірына Кандратава мяркуе, што ўзровень спажывання алкаголю з павышэннем «культуры піцця» будзе зніжацца надалей і без дапамогі дзяржорганаў. Пры тым, што апошнія тры-чатыры гады ён практычна нязменны.

Прадстаўніца дзяржхолдынгу адзначыла, што яна зусім не супраць выраўноўвання акцызаў на піва і моцны алкаголь з ЕЗ, але толькі пры ўмове, што і сярэдні заробак у краіне павінен быць як у Еўропе. Інакш людзі пачнуць масава ўжываць кантрафактнае спіртное, што нікому не пойдзе на карысць. А яшчэ заклікала вытворцаў піва развівацца за кошт экспарту, як гэта робіць «Менск Крышталь Груп», а не толькі з дапамогай лабіравання інтарэсаў на ўнутраным рынку.

На заканчэнне хацелася б сказаць наступнае.

Алкагольны рынак – адзін з нямногіх, у якім удзельнічаюць практычна ўсе міністэрствы і ўстановы краіны – Міністэрства аховы здароўя, МУС, МАРГ, Мінфін, Мінэканомікі, МПЗ і пр. Дадамо дзве палаты парламента і Сусветную арганізацыю аховы здароўя. Пры гэтым агульнай стратэгіі развіцця гэтага рынку няма ні ў адной са структураў. Кожная ўстанова кіруецца ўласнымі праграмамі. Ёсць здагадка, што дыскусійная пляцоўка РЗПП можа стаць тым месцам, дзе агульная «алкагольная» стратэгія Беларусі і будзе сфармаваная.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках