19 красавiка 2024, Пятніца, 1:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Футурысты апавялі, як будзе выглядаць будучыня чалавецтва праз тысячу гадоў

Футурысты апавялі, як будзе выглядаць будучыня чалавецтва праз тысячу гадоў

Дзесяць цікавых версій.

Пытанне «якім будзе свет праз тысячу гадоў?» гучыць абсурдна, бо прадказаць будучыню нават на сто гадоў наперад здаецца немагчымым. Тым не менш навукоўцы і футурысты робяць здагадкі і ўсур'ёз разглядаюць розныя варыянты будучыні нашай цывілізацыі – нават на тысячагоддзе наперад. Пры гэтым тэорыі не выключаюць адна адну, а хутчэй дапаўняюць, піша «Папулярная механіка».

Будучыня з іншапланетнікамі – чаму б і не? Некаторыя ўпэўненыя, што прышэльцы ўжо сярод нас. Выявіць незямное разумнае жыццё, хутчэй за ўсё, будзе няпроста, на мяжы немагчымага. Спатрэбіцца развіць касмічныя тэхналогіі да якасна іншага ўзроўню, прыняць усе магчымыя захады засцярогі... Але сканчэнне фірмовай «адзіноты ў сусвеце» дакладна таго вартае.

Будучыня па-за Зямлёй – сумны, але не найгоршы варыянт. Наша планета можа быць знішчаная прыроднымі катаклізмамі або мы папросту вычарпаем карысныя выкапні, і тады давядзецца шукаць сабе новы дом. Марс здаецца нядрэнным пачатковым пунктам... але асноўныя мары, вядома, звязаныя з каланізацыяй іншых зорных сістэмаў.

Будучыня з бязмежнай энэргіяй і чыстым навакольным асяроддзем можа быць дасягнутая праз вынаходніцтва прасунутых нанаробатаў. Яны чысцілі б ваду і паветра, пры гэтым забяспечваючы патрэбы чалавецтва, збіраючы сонечную энэргію. Беручы пад увагу сённяшнія праблемы Зямлі, падобны крок хацелася б убачыць як мага хутчэй.

Будучыня без праблемы перанасялення. Насельніцтва Зямлі расце на 1–1,5% кожны год, і такімі тэмпамі ўжо праз сто гадоў яно павялічыцца ўдвая. І калі месца на планеце хопіць стакратна большай колькасці людзей, то пытанне сусветнага голаду стаіць значна вастрэй. Выйсце – не толькі тэхналогія, якая дазваляе стварыць пажыўную і танную ежу «з паветра», але і правільнае размеркаванне матэрыяльных рэсурсаў.

Тэхналагічная будучыня мае на ўвазе не толькі развіццё тэхнікі, але і літаральны сплаў з ёй. Сёння мы ўсё больш і больш выкарыстоўваем інфармацыйныя і забаўляльныя гаджэты; магчыма, не за гарамі той дзень, калі дысплэі будуць убудаваныя наўпрост у вочы?

Зліццё чалавека і кампутара не такое страшнае, як здаецца – прынамсі, можна будзе не баяцца паўстання машынаў.

Будучыня з разумнымі машынамі – лагічнае прадаўжэнне папярэдняга пункту. Калі не пашанцуе сустрэць іншапланетнікаў, нашымі суседзямі могуць стаць разумныя робаты, створаныя намі ж. Беручы пад увагу тое, на колькі за тысячу гадоў разаўецца штучны інтэлект, сумна не будзе дакладна.

Вывучэнне космасу з Зямлі ў будучыні будзе гуляць найважнейшую ролю. Мы зможам не толькі зразумець, як працуе сусвет, але і прадказваць любыя касмічныя небяспекі, якія пагражаюць нашай планеце, каб эфектыўна прадухіляць іх. Да таго ж пошук прыкметаў пазаземнага розуму і новых планетаў для каланізацыі ніхто не адмяняў.

Касмічныя падарожжы ў будучыні, якую мы хацелі б бачыць, павінны стаць такімі ж простымі, як перамяшчэнне па Зямлі. Варта ўлічыць не толькі бясконцыя тэхналагічныя аспекты, але і негатыўны ўплыў, які на людзей робіць доўгае знаходжанне ў космасе. Магчыма, гэта выправіцца мадыфікацыяй чалавечага ДНК.

Падаўжэнне чалавечага жыцця ў будучыні – адна з тых задачаў, праца над якой наўрад ці калі-небудзь спыніцца. Варыянт развязання – медыцынскія нанаробаты, якія ачышчаюць і абараняюць арганізм разам з лейкацытамі, запавольваючы старэнне і, вядома, вылечваючы рак. І гэта падводзіць нас да наступнага пункту...

Несмяротнасць у будучыні – той самы ідэал, на які спадзяюцца калі не ўсе, то пераважная большасць людзей. Ці будзе яна дасягнутая праз біятэхналогіі, нанатэхналогіі або сплаў людзей з машынамі – не так важна. У 1800 годзе сярэдняя даўжыня жыцця складала 37 гадоў, у нашы дні – блізу 70. Дасягнем мы мяжы або зможам яе прабіць? Усё залежыць ад нас саміх.

Не будзем чапаць варыянты накшталт прыгнёту чалавецтва іншапланетнікамі або робатамі, зомбі-апакаліпсісу або штодзённай сусветнай ядзернай вайны – гэта за нас з радасцю зробяць фантасты і Галівуд. Паспрабуем паглядзець у далёкую будучыню з пазітывам – можа, хто-небудзь з нас нават зможа да яе дажыць?

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках