24 красавiка 2024, Серада, 0:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінфін выказаўся пра магчымае ўключэнне дарожнага падатку ў кошт на паліва

38
Мінфін выказаўся пра магчымае ўключэнне дарожнага падатку ў кошт на паліва

Што чакае беларускіх кіроўцаў?

У выпадку ўключэння дарожнага збору ў кошт паліва могуць пацярпець найменш забяспечаныя пласты насельніцтва. Такое меркаванне міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, піша БелаПАН.

«Уключэнне дарожнага збору ў кошт паліва будзе адбівацца на катэгорыях насельніцтва, якія мы павінны абараняць. Гэта асобы, якія атрымліваюць сярэдні заробак і ніжэйшы, і пенсіянеры – яны будуць несці больш высокую нагрузку ў канчатковым выніку. Гэтага дазволіць нельга», – падкрэсліў Ермаловіч.

Ён звярнуў увагу, што цяперашняя сістэма выплаты дарожнага збору – «цяжкая з гледзішча адміністравання». Міністр канстатаваў, што прывязка выплаты дарожнага збору да праходжання тэхагляду прывяла да таго, што адначасова людзям даводзіцца расставацца з часам значнай для сямейнага бюджэту сумай.

«Блізу двух гадоў таму мы пачалі выпрацоўваць механізм, які дазваляў бы адміністраваць гэтую сістэму без праходжання тэхагляду», – нагадаў Ермаловіч. У выніку было прапанавана адвязаць выплату дарожнага збору ад праходжання тэхагляду, а плацельнікаў збору кантраляваць з дапамогай сістэмы відэаманіторынгу.

«Выкарыстанне гэтай сістэмы дазваляла развязваць шэраг пытанняў. Тыя, хто не плаціць, няўхільна атрымлівалі пакаранне, а плацельнікі выплачвалі б дарожны збор толькі тады, калі ім трэба эксплуатаваць транспартны сродак. Можна было набываць доступ да дарожнай сеткі на месяц, два, квартал ці іншы перыяд», – растлумачыў Ермаловіч.

Аднак прапанова пра ўкараненне такой сістэмы да гэтага часу не рэалізаваная.

«З'явілася новая дыскусія ў гэтай тэме, мы да гэтай дыскусіі рыхтуемся. Асабіста я не з'яўляюся прыхільнікам ці праціўнікам ні адной з сістэмаў выплаты дарожнага збору. Кожная сістэма мае свае недахопы і вартасці», – адзначыў Ермаловіч.

Ён дадаў, што ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва неўнікнёна прывядзе да павелічэння кошту не толькі бензіну, але і іншых тавараў і паслуг.

З 2014 года для фінансавання дарожнай інфраструктуры ўсе аўтаўладальнікі ў Беларусі сталі выплачваць дзяржмыту за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху (так званы дарожны збор). Пры гэтым дзяржмыту аўтаўладальнікі цяпер павінны выплачваць падчас праходжання тэхагляду транспартнага сродку.

Праект указа «Аб плацяжах за ўдзел у дарожным руху», які выносілі ў гэтым годзе на грамадскае абмеркаванне, меркаваў, што дарожны збор аўтаўладальнікі будуць выплачваць асобна ад тэхагляду. Меркавалася таксама, што фізічныя асобы атрымаюць магчымасць пры адначасовым унясенні грашовых сродкаў за 12 і больш месяцаў выплачваць дарожны збор са зніжкай.

Аднак такая пастанова пакуль не падтрыманая адміністрацыяй Лукашэнкі, паведаміў журналістам 31 траўня намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко.

Ён сказаў, што ў ходзе дыскусіі на дзяржаўным узроўні было адзначана: прапанаваны варыянт збірання дарожнага збору з'яўляецца недастаткова справядлівым, паколькі не бярэ пад увагу інтэнсіўнасці выкарыстання транспартнага сродку. Таму Мінфін стаў разглядаць варыянт пра ўключэнне дарожнага збору ў кошт паліва.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках