19 красавiка 2024, Пятніца, 4:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абаронца «дармаедаў»: Давялося пажартаваць пра багатых сваякоў з ЗША

41
Абаронца «дармаедаў»: Давялося пажартаваць пра багатых сваякоў з ЗША
Марыя Тарасенка

Гісторыя барацьбы беларусаў з дурным дэкрэтам прагучыць з трыбуны ААН.

З усіх рэгіёнаў Беларусі Гомельская вобласць дае больш за ўсё навін аб барацьбе з дэкрэтам аб «дармаедах».

Надоечы актывістка прафзвязу РЭП з Гомеля Марыя Тарасенка заявіла пратэстныя акцыі ва ўсіх 24 раёнах гомельскага рэгіёну - і ўсюды атрымала забарону. Адмовы актывістка аспрэчыла ў судах, якія ўжо адбыліся ў Брагіне, Рагачове, Акцябрскім, Мазыры і Гомелі.

А ў Радзе правоў чалавека ААН спецдакладчык аб Беларусі Анаіс Марэн прадставіць даклад, у які ўвайшла і гісторыя барацьбы гомельцаў, у тым ліку Марыі Тарасенкі, з дэкрэтам аб «дармаедах».

Сайт Charter97.org папрасіў актывістку расказаць пра апошнія навіны з «дармаедскага фронту».

- Апошнім часам вам не раз давялося бараніць у судах права правесці шэсці «недармаедаў» у Гомельскай вобласці. Раскажыце падрабязней - як гэта адбывалася?

- Пасля чаканых адмоў у правядзенні мірных акцый пратэсту я надумала аспрэчыць кожную з іх у судзе.

На судах вельмі добра відаць, чым кіруюцца ўлады, накладаючы «табу» на нашы канстытуцыйныя правы.

Агулам магу сказаць, што прычыны адмоў у правядзенні вулічнага шэсця незвычайнасцю і арыгінальнасцю не адрозніваюцца. Фантазіі уладаў стае на тое, каб заявіць, быццам мною не пазначаны дакладны маршрут руху.

На думку мясцовых чыноўнікаў, я павінна паказваць не толькі вуліцу, але тое, ад якога нумара дома да якога нумара дома мы збіраемся прайсці. Арыгінальны падыход, нічога не скажаш.

Другая, таксама вельмі распаўсюджаная прычына - гэта нібыта не пільнаванне адлегласцяў ад дзяржаўных устаноў, адукацыйных устаноў і гэтак далей, якія ў асноўным складаюць ад 50 да 100 метраў. Асабліва гэтым любяць карыстацца ў невялікіх гарадах і паселішчах - бо там усё гэта знаходзіцца ў цэнтры, блізка адзін ад аднаго.

Часам гэта прыводзіць да кур'ёзных выпадкаў - як, напрыклад, у Брагіне. Чыноўнікі мясцовага райвыканкама прыйшлі ў суд з рулеткай і пачалі вымяраць адлегласць ад будынка суду да пешаходнай часткі вуліцы Савецкай, на якой я заявіла правядзенне шэсця.

- А якія яшчэ абсурдныя выпадкі адбываліся падчас судоў з чыноўнікамі?

- Часам здараюцца даволі цікавыя сітуацыі, якія запомняцца мне надоўга.

Бывае, што чыноўнікі думаюць, што яны задаюць мне з’едлівыя пытанні - хоць напраўду гэта, мякка кажучы, нетактоўныя пытанні.

Напрыклад, чыноўнікаў з Ельска цікавілі мае крыніцы даходаў, адкуль у мяне грошы на «аплату мерапрыемства», як яны назвалі пратэстную акцыю.

Галоўны спецыяліст аддзела арганізацыйна-кадравай работы Ельскага райвыканкама Аляксандр Мазурэнка наўпрост спытаў: «Вы аплацілі судовы збор, адкуль у вас грошы, калі не працуеце?». Пытанне, шчыра кажучы, недарэчнае, бо, акрамя падатковай, ніхто не мае права цікавіцца даходамі грамадзян.

У выніку, каб задаволіць цікаўнасць «спецыяліста» з Ельска, давялося пажартаваць пра багатых сваякоў з ЗША.

Але агулам скажу, што правінцыйныя чыноўнікі паводзяць сябе на судах стрымана. Наогул людзі ў раёнах адрозніваюцца ад нас, жыхароў вялікіх гарадоў, большай адкрытасцю, добразычлівасцю і таварыскасцю. У тым жа Брагіне, напрыклад, на даху суда буслы гняздуюцца - значыць людзі там нядрэнныя знаходзяцца, энэргетыка добрая.

- Але пры гэтым мераюць вуліцу рулеткай, каб на дапусціць мірнай акцыі... Пасля вашых апавяданняў аб судах узнікае пытанне: няўжо чыноўнікі не разумеюць, што яны зневажаюць сябе, выконваючы дэкрэт Лукашэнкі пра «дармаедаў»?

- Думаю, разумеюць, што ўсё гэта глупства, абсурдна і вядзе ў нікуды, але яны выканаўцы - толькі і ўсяго. Іх меркаваннем ніхто не цікавіцца.

Уся гэтая задума з павышэннем аплаты за ЖКГ для «дармаедаў» пазбаўленая здаровага сэнсу. Гэта абсалютна незаконная і бесталковая ідэя - прымусіць чалавека працаваць, шантажуючы яго ў 5,5 разоў большай «камуналкай».

- Стала вядома, што ваша гісторыя барацьбы з дэкрэтам аб «дармаедстве» прагучыць з трыбуны ААН. Як вы ацэньваеце гэты факт?

- Барацьбу з дэкрэтам аб «дармаедах» даўно пара выводзіць на міжнародны ўзровень. Хоць бы таму, што ён супярэчыць і Канстытуцыі, і прававым абавязанням, падпісаным Беларуссю.

І калі Канстытуцыя, яе нормы, для нашых уладаў - пусты гук, то ў такім выпадку максімальная агалоска ўсёй гэтай абсурднай задумы, абкладаць беспрацоўных дадатковымі паборамі, думаю, прынясе свой станоўчы плён.

Высокая трыбуна ААН у гэтым толькі дапаможа.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках