19 красавiка 2024, Пятніца, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка даў кампаніі алігарха Алексіна права навучаць стральбе і мадэрнізаваць зброю

14
Лукашэнка даў кампаніі алігарха Алексіна права навучаць стральбе і мадэрнізаваць зброю
АЛЯКСЕЙ АЛЕКСІН

Дыктатар падпісаў указ.

Лукашэнка 24 чэрвеня падпісаў указ № 245 пра дзейнасць спартова-стралковага комплексу, які належыць СЗАТ «Энэрга-Ойл» алігарху Аляксею Алексіну. Кіраўнік Беларусі паставіў перад «Энэрга-Ойл» задачу развіваць «культуру абыходжання са зброяй», паведамляе «Белсат».

Прэс-служба Лукашэнкі падкрэслівае, што ўказ абумоўлены ўнікальнасцю стралковага комплексу, «аналагаў якому ў Беларусі няма».

Указ Лукашэнкі адносіць да задачаў комплексу, сярод іншага, навучанне стральбе, патрыятычнае выхаванне моладзі, а таксама «развіццё і падтрыманне ў грамадстве традыцый і культуры абыходжання са зброяй, навыкаў бяспечнага абыходжання з ёй».

«Для выканання названых задачаў СЗАТ “Энэргія-Ойл” надзяляецца правам займацца ваенна-гістарычнай і ваенна-спазнавальнай асветніцкай дзейнасцю, рабіць арганізацыям і фізічным асобам паслугі ў фармаванні навыкаў абыходжання са зброяй, стральбе з баявой, службовай i грамадзянскай зброi, навучанні стральбе і павышэнні стралковай кваліфікацыі, прывядзенні да нармальнага бою наяўнай у арганізацый і фізічных асобаў баявой, службовай i грамадзянскай зброi, а таксама яе рамонту і мадэрнізацыі», – адзначаюць у прэс-службе.

Лукашэнка ўключыў «Энэрга-Ойл» у спіс юрыдычных асобаў з асаблівымі статутнымі задачамі, зацверджаны Указам ад 30 жнiўня 2002 г. № 473.

Спартова-стралковы комплекс, які належыць СЗАТ «Энэрга-Ойл», знаходзіцца пад Менскам у аграгарадку Сёмкава. Комплекс прапануе такія паслугі, як прыстрэлка зброі, стральба ў мішэні, стральба для карпаратыўных кліентаў і інш.

Аляксей Алексін – былы галоўны спецыяліст дэпартамента энэргарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Да 2012 года быў бізнэс-партнёрам Юрыя Чыжа. У рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі, які складае «Штодзённік», Алексін займае 4-е месца.

Інтарэсы Аляксея Алексіна сканцэнтраваныя на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў («Вялес-Міт»), лагістыцы (займаецца праектам мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Аршанскім раёне) і рэстаранным бізнэсе. У канцы 2017 года ўлады даверылі ягонай кампаніі «Энэрга-Ойл» стварэнне адзінай тавараправоднай сеткі, якая будзе прадаваць тытунёвую прадукцыю як на ўнутраным рынку, так і на вонкавым. Летась для тытунёвага бізнэсу алігарха Алексіна дэпутаты Мінгарсавета прагаласавалі за змяненне межаў Менска.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках